Суд вырашыў, што Ігар Бублікаў вінаваты ў распаўсюдзе матэрыялаў з тэлеграм-каналу, які беларускія ўлады летась прызналі экстрэмісцкім. Сыстэмны блёк кампутара Бублікава, які раней забралі падчас агляду, суд пастанавіў канфіскаваць.
Матэрыялы з гэтага тэлеграм-каналу апублікавалі на партале NewGrodno 17 жніўня мінулага году ў артыкуле «Што адбываецца на беларускіх прадпрыемствах у панядзелак». У «экстрэмісцкім» відэа быў выступ Аляксандра Лукашэнкі. Ленінскі РАУС Горадні расцаніў гэта як парушэньне часткі 2 артыкулу 17.11 КаАП у рэдакцыі 2003 году.
Справу разглядаў судзьдзя Руслан Гурын. Падчас працэсу прысутнічаў прадстаўнік УУС Горадзенскага аблвыканкаму Андрэй Пігульскі.
Бублікаў прызнаў віну часткова. Ён патлумачыў, што сапраўды разьмясьціў відэа са згаданага тэлеграм-каналу. Калі беларускія ўлады ўнесьлі яго ў сьпіс забароненых матэрыялаў 20 кастрычніка мінулага году, Бублікаў выдаляў са свайго парталу ўсё, што падпала пад «экстрэмісцкія матэрыялы».
«Я яго проста тэхнічна не заўважыў. Калі б я заўважыў, з задавальненьнем бы яго выдаліў... У кожнага бываюць памылкі. Гэта не было зроблена спэцыяльна, для распаўсюду», — патлумачыў Бублікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэдактара і рэдакцыю Hrodna.Life аштрафавалі на 12 325 рублёў за матэрыялы з «экстрэмісцкага» тэлеграм-каналуЁн расказаў, што ўсяго гэты артыкул праглядзелі 1030 разоў. Апошні раз на яго заходзілі 21 жніўня, калі тэлеграм-канал яшчэ лічыўся беларускімі ўладамі дазволеным. Потым гэты артыкул ніхто не чытаў ажно да студзеня, калі справай занялася міліцыя.
«На Youtube-канале БелТА дагэтуль засталіся матэрыялы з гэтага тэлеграм-каналу. Я іх не вінавачу. Проста тлумачу, што тэхнічна цяжка ўсё выдаліць», — прывёў прыклад Бублікаў.
Сёлета 29 студзеня ў Бублікава дома прайшоў агляд, у яго забралі сыстэмны блёк кампутара.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарговая справа за рэпост «экстрэмісцкага каналу» — цяпер у «Газеце Слонімскай» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ужо небясьпечна набыць нейкую кнігу». Журналіста аштрафавалі за ўвоз кнігі з-за мяжы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магілёўскаму перакладчыку дадалі «суткі» за рэпост публікацыі