У сакавіку 1971 году заходненямецкі часопіс «Шпігель» надрукаваў вялікае інтэрвію з чэхаславацкім літаратуразнаўцам Эдуардам Гольдшцюкерам. Зьвяртаючыся да падзеяў на радзіме, прафэсар выказаў захапленьне «Праскай вясной» 1968 году і падкрэсьліў сваю адданасьць ідэалам чэхаславацкага «сацыялізму з чалавечым тварам».
Камуністычную дыктатуру ён лічыў гістарычна беспэрспэктыўным шляхам, а яе крушэньне толькі пытаньнем часу: «У той момант, калі маскоўскае кіраўніцтва і яго саюзьнікі раздушылі танкамі чэхаславацкі экспэрымэнт, яны раздушылі ўласную будучыню».
Хоць на Захадзе да інтэлектуала Гольдшцюкера і ставіліся зь вялікай павагай, а таксама лічылі абазнаным экспэртам у пытаньнях Усходняга блёку, стрыманы аптымізм чэхаславацкага прафэсара ўспрымаўся хутчэй як спроба выдаць жаданае за рэчаіснасьць. Нягледзячы на чэхаславацкі крызіс 1968 году камуністычныя рэжымы падаваліся стабільнымі і моцнымі.
Гольдшцюкер меў, аднак, рацыю. Усходнеэўрапейскія дыктатуры палі ў 1989 годзе. Праз два гады зьнік і Савецкі Саюз. Хто ж такі Эдуард Гольдшцюкер і чым яго жыцьцёвы досьвед карысны для сёньняшняй Беларусі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БНР і немцы. Як і навошта ствараўся сталінісцкі штампЯк Гольдшцюкер ператварыўся з артадаксальнага камуніста ў прыхільніка дэмакратычнага сацыялізму
Эдуард Гольдшцюкер нарадзіўся ў 1913 годзе ў вёсцы Подбел на поўначы Славаччыны ў габрэйскай сям’i рабочага лесапілкі. Вышэйшую адукацыю Гольдшцюкер атрымаў у знакамітым Карлавым унівэрсытэце ў Празе, дзе з 1931 да 1936 году вывучаў германістыку і раманістыку. Пасьля заканчэньня вучобы ен застаўся ў сталіцы, дзе працаваў настаўнікам.
Яшчэ ў пачатку 1930-х Гольдшцюкер далучыўся да камуністаў і нават стаў прыкметнай фігурай у моладзевым камуністычным руху Чэхаславаччыны. Мюнхэнская дамова 1938 году вырашыла лёс дэмакратычнай Чэхаславаччыны, якая ў сакавіку 1939 году канчаткова зьнікла з палітычнай мапы Эўропы. Як габрэй і камуніст Гольдшцюкер ня мог разьлічваць на літасьць нямецкіх захопнікаў. Разам з жонкай Мартай ён здолеў уцячы ў Вялікабрытанію. Маці Тэрэза і старэйшая сястра Ёлана, што засталіся ў Чэхаславаччыне, былі забітыя ў Аўшвіцы.
У Вялікабрытаніі Гольдшцюкер абараніў дысэртацыю ў Оксфардзе, далучыўся да чэхаславацкага антынацысцкага руху супраціву, працаваў у структурах эмігранцкага ўраду Чэхаславаччыны ў Лёндане, а потым зрабіў дыпляматычную кар‘еру. Менавіта Гольдшцюкер быў прызначаны першым кіраўніком дыпляматычнага прадстаўніцтва Чэхаславаччыны ў створанай у 1948 годзе Дзяржаве Ізраіль.
Арыштаваны ў сьнежні 1951 году ў часы антысэміцкай кампаніі дыплямат, прайшоў празь фізычныя і псыхалягічныя катаваньні, а ў траўні 1953-га як удзельнік «трацкісцка-сіянісцкай змовы», шпіён і здраднік радзімы быў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне.
Агулам Гольдшцюкер правёў чатыры гады за кратамі і на ўранавых рудніках. У 1955 годзе яго вызвалілі, рэабілітавалі і нават дазволілі выкладаць у Карлавым унівэрсытэце і працаваць у Акадэміі навук. У якасьці намесьніка старшыні акадэмічнага аддзелу новай філялёгіі і прафэсара нямецкай літаратуры, а потым прарэктара Карлавага ўнівэрсытэту Гольдшцюкер прыклаў значныя намаганьні для папулярызацыі творчасьці Франца Кафкі, які ў сацыялістычнай Чэхаславаччыне лічыўся «немцам» і «аўтарам дэкадэнцкіх твораў» і знаходзіўся пад фактычнай забаронай.
Жыцьцёвыя выпрабаваньні зьмянілі Гольдшцюкера, які з артадаксальнага камуніста ператварыўся ў прыхільніка дэмакратычнага сацыялізму. Абраны ў пачатку 1968 году старшынём Саюзу пісьменьнікаў Чэхаславаччыны, а ў жніўні нават членам ЦК КПЧ, ён стаў у 1968 годзе адным з ідэолягаў «Праскай вясны» і рашуча адстойваў неабходнасьць дэмакратызацыі чэхаславацкага грамадзтва.
У 1939 годзе малады камуніст Гольдшцюкер мусіў уцякаць ад нацыстаў. Амаль праз трыццаць гадоў камуністычны функцыянэр Гольдшцюкер вымушаны быў ратаваць сябе ад «савецкіх таварышаў», якія ў жніўні 1968-га спынілі «небясьпечны» чэхаславацкі экспэрымэнт. Сваю акадэмічную кар‘еру ён працягнуў у якасьці прафэсара параўнаўчага літаратуразнаўства ва Ўнівэрсытэце Сасэксу ў брытанскім Брайтане. На радзіму літаратуразнаўца вярнуўся толькі пасьля «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 году.
Калі паглядзець на жыцьцё Эдуарда Гольдшцюкера праз прызму актуальных падзеяў у Беларусі, то чатыры аспэкты падаюцца асабліва важнымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская рэвалюцыя абеларусіла габрэяў», — гісторык зь НямеччыныРэвалюцыйныя выпрабаваньні і барацьба за дэмакратычныя каштоўнасьці накладваюць асаблівую адказнасьць на інтэлектуалаў
Перажыўшы зьнішчэньне дэмакратычнай Чэхаславаччыны ў 1938/39 гадах і прайшоўшы праз сталінскія зьдзекі і катаваньні, Гольдшцюкер і яго паплечнікі разумелі сваю важную ролю ў працэсе дэмакратызацыі краіны і зрабілі шмат для ўкараненьня ідэалаў «праскай вясны» сярод насельніцтва. Дзякуючы іх намаганьням «Праская вясна» стала сапраўдным нацыянальным праектам Чэхаславаччыны. Сёньняшняя сытуацыя ў Беларусі і асабліва новая хваля рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці — складаны выклік для інтэлектуалаў як у Беларусі, так і за мяжой. У гэтых умовах голас інтэлектуалаў, перш за ўсё тых, хто знаходзіцца ў бясьпецы за мяжой, павінен гучаць асабліва моцна.
У барацьбе з дэмакратычным рухам дыктатарскія рэжымы звычайна робяць стаўку на амаральныя і подлыя мэтады, не цураюцца кансьпіралёгіі, антысэмітызму і іншых праяваў ксэнафобіі
Дзяцінства Гольдшцюкера прайшло ў габрэйскім рэлігійным асяродку, а ў юнацтве ён пэўны час захапляўся сіянізмам. У наступныя гады атэізм і камунізм выцесьнілі, аднак, юдаізм і сіянізм, а сам Гольдшцюкер хоць і ніколі не хаваў свайго габрэйскага паходжаньня, сьцьвярджаў, што пакінуў габрэйскую спадчыну ў мінуласьці. У 1968 годзе праціўнікі пераўтварэньняў нагадалі «агіднаму габрэю» пра яго карані, а савецкія прапагандысты стварылі адмоўны вобраз «гольдшцюкераў», якія разбэшчваюць чэхаславацкую моладзь, жадаюць зьнішчыць сацыялістычны лад і працуюць у інтарэсах Дзяржавы Ізраіль.
Паколькі Гольдшцюкер і ў эміграцыі працягваў крытыкаваць камуністычны рэжым, помста афіцыйнай Прагі не прымусіла сябе чакаць: прафэсара ня толькі зноў абвясьцілі здраднікам, зьнялі з усіх пасадаў, адабралі тытулы і ўзнагароды, але і пазбавілі ў 1974 годзе грамадзянства Чэхаславаччыны.
Падзеі апошніх тыдняў паказваюць, што беларускія ўлады пайшлі шляхам сваіх гістарычных папярэднікаў, а значыць хутчэй за ўсе паўтораць іх незайздросны лёс.
Аўтарытарны рэванш — не апошняе слова ў гісторыі
Уважліва назіраючы за зьнішчэньнем здабыткаў «Праскай вясны» ў Чэхаславаччыне пасьля 1968 году, Гольдшцюкер захаваў вернасьць сваім прынцыпам і быў упэўнены, што новая дэмакратычная вясна абавязкова прыйдзе. І дэмакратычны ўздым, хоць і праз больш чым дваццаць гадоў, але адбыўся і падвёў рысу пад гісторыяй камуністычнай дыктатуры ў Чэхаславаччыне. Новы ўздым абавязкова чакае і Беларусь. І, магчыма, значна раней, чым прадракаюць сёньня пэсымісты.
Трансфармацыя можа прынесьці расчараваньне, але любы крок ад дыктатуры да дэмакратыі і свабоды мае станоўчае значэньне
Эпоха трансфармацыі, пра якую марыў Гольдшцюкер, стала для яго асабіста эпохай няспраўджаных надзей і жыцьця ва ўнутранай эміграцыі. Свайго месца ў посткамуністычных Чэхіі і Славаччыне ён так і не знайшоў і не хаваў расчараваньня мясцовым істэблішмэнтам, які, праводзячы эканамічныя і палітычныя пераўтварэньні, не пажадаў выкарыстаць досьвед «Праскай вясны» 1968 году.
Расчараваньне, якое Гольдшцюкер перажыў у апошняе дзесяцігодзьдзе свайго жыцьця (ён памер у 2000 годзе) чакае хутчэй за ўсё і пэўную частку прыхільнікаў пераменаў у Беларусі. Тым ня менш, Гольдшцюкер дакладна разумеў, што любы крок ад дыктатуры да свабоды і дэмакратыі мае станоўчае значэньне. І гэта, напэўна, галоўны ўрок Эдуарда Гольдшцюкера для сёньняшняй Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторык Фрыдман: «Дзяржаўныя прапагандысты ў Беларусі знаходзяцца пад уплывам антысэміцкіх стэрэатыпаў»