10 гадоў таму адбыўся выбух у менскім мэтро. Як гэта было

Брыгада хуткай дапамогі каля месца выбуху 11 красавіка 2011 года

11 красавіка 2011 году ў 17.55 на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» ў Менску адбыўся тэрарыстычны акт. Да афіцыйнай вэрсіі гэтага здарэньня пытаньні застаюцца і праз 10 гадоў.

11 красавіка аднаму з самых гучных злачынстваў у сучаснай гісторыі Беларусі спаўняецца роўна 10 гадоў. Свабода нагадвае, як і што здарылася на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» 11 красавіка 2011 году, а таксама што адбывалася пасьля выбуху, які забраў 15 жыцьцяў і стаў прычынай расстрэлу яшчэ дваіх чалавек.

Выбух

11 красавіка 2011 году быў панядзелак. Выбух на станцыі «Кастрычніцкая» адбыўся ў 17.55 — гадзіну пік для транспартнай сыстэмы гораду. Паводле афіцыйнай вэрсіі падзей, вялікая торба з бомбай знаходзілася ля адной з лаваў на плятформе станцыі. Яна выбухнула паміж 2 і 3 вагонамі цягніка, які акурат прыбыў на «Кастрычніцкую» і рухаўся ў бок «Інстытута Культуры».

Адразу пасьля выбуху. Здымак з камэры на станцыі

На плятформе станцыі ў момант выбуху было каля 300 чалавек. Пацярпелі некалькі соцень зь іх, 15 загінулі на месцы, альбо празь некаторы час пасьля тэракту. Паводле ацэнак спэцыялістаў, магутнасьць выбуховай прылады складала ад 5 да 10 кіляграмаў у тратылавым эквіваленце. У якасьці паражальных элемэнтаў тэрарысты выкарысталі пасечаную арматуру, цьвікі і мэталічныя шарыкі.

Мэдыкі эвакуююць пацярпелых. 11 красавіка 2011

Адразу пасьля выбуху менскае мэтро спыніла працу. Цягнік, які ў момант тэракту пад’язджаў да «Кастрычніцкай» з боку «Інстытута Культуры», быў вымушаны праехаць задымленую станцыю без прыпынку і спыніцца на перагоне паміж «Кастрычніцкай» і станцыяй мэтро «Плошча Перамогі». Яго пасажыры выходзілі на паверхню самі, праз абясточаны тунэль.

Пацярпелыя ад выбуху ў мэтро. 11 красавіка 2011 года

Праца мэтро ў Менску аднавілася толькі на наступныя суткі. Станцыя мэтро «Кастрычніцкая» не працавала некалькі дзён, у яе плятформе ад выбуху ўтварылася варонка дыямэтрам каля 80 сантымэтраў. Сьляды ад яе можна было заўважыць на плятформе яшчэ некалькі гадоў.

Станцыя празь некалькі гадзін пасьля выбуху. 11 красавіка 2011

Расьсьледаваньне

Ужо на наступны дзень пасьля тэракту ў Менску зьявіліся чуткі пра новыя выбухі ў аўтобусах 100-га маршрута. Усе яны былі фэйкамі.

Расьсьледаваньнем тэракту адпачатку займаліся Генэральная пракуратура, КДБ і МУС. Кіраўніком сьледчай групы прызначылі Андрэя Шведа, які цяпер кіруе Генпракуратурай. Сваю дапамогу ў расьсьледаваньні тэракту Беларусі прапанавалі Расея, Вялікая Брытанія і Ізраіль. Аднак на месца здарэньня беларускія ўлады дапусьцілі толькі спэцыялістаў ФСБ РФ.

АМАП на Кастрычніцкай плоўшчы пасьля выбуху. 11 красавіка 2011 года

Пра зьяўленьне падазраваных у арганізацыі выбуху ў мэтро Андрэй Швед паведаміў СМІ 12 красавіка, на наступны дзень пасьля тэракту. Пра затрыманьне падазраваных яшчэ празь дзень расказаў сам Лукашэнка.

«Сёньня ў 5:00 раніцы злачынства было раскрыта, — сказаў тады Лукашэнка. — Чэкістам і міліцыі спатрэбіліся суткі, каб у 21:00 (вечара 12 красавіка. — РС) правесьці бліскучую апэрацыю і бяз шуму і траскатні затрымаць выканаўцаў. Сёньня ў 5:00 раніцы яны далі свае паказаньні... Затрыманыя прызналіся ня толькі ў зьдзяйсьненьні тэракту ў мэтро. На іх сумленьні тэракты, учыненыя ў Дзень незалежнасьці і раней у Віцебску».

Кветкі на месцы вубуху. 14 красавіка 2011 года

Абвінавачаньні прад’явілі ўраджэнцам Віцебску, 25-гадовым Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву, электрыку і токару па прафэсіі. Па вэрсіі сьледзтва, Канавалаў самастойна вырабіў выбуховую прыладу, прывёз яе ў Менск цягніком у спартыўнай сумцы, а пасьля самастойна адвёз у гадзіну пік на станцыю «Кастрычніцкая» і актываваў з дапамогай дыстанцыйнага радыёсыгнала. Таксама сьледзтва сьцьвярджала, што Вячаслаў Кавалёў дапамагаў Канавалаву ажыцьцявіць тэракт — сустрэў яго на вакзале, правёў да кватэры, якую наймаў у Менску, а таксама не паведаміў у праваахоўныя органы, калі даведаўся пра пляны Канавалава ўзарваць бомбу ў людным месцы.

Насуперак сьцьверджаньням Лукашэнкі аб раскрыцьці справы аб тэракце ў мэтро за два дні, афіцыйна сьледзтва было завершанае толькі 1 жніўня 2011 году.

Адкрыцьцё мэмарыялу на станцыі мэтро, дзе адбыўся выбух. 11 красавіка 2012 года

Суд і расстрэл абвінавачаных

Судовы працэс над Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладам Кавалёвым працягваўся з 15 верасьня па 30 лістапада. Ён праходзіў у актавай залі Дома правасудзьдзя — самым вялікім на той момант судовым памяшканьні краіны.

Дзьмітры Канавалаў (зьлева) і Ўладзіслаў Кавалёў на судзе. 15 верасьня 2015 года

Справа займала 550 тамоў, працэс асьвятлялі дзясяткі беларускіх, у тым ліку недзяржаўных, і замежных СМІ. У якасьці пацярпелых ад дзеяньняў Канавалава і Кавалёва на працэс былі запрошаныя больш за 500 чалавек, якія атрымалі траўмы 11 красавіка 2011 году, а таксама падчас ранейшых выбухаў у Менску і Віцебску, віну за якія ўзяў на сябе Канавалаў.

Ужо на першых паседжаньнях Улад Кавалёў заявіў, што паказаньні падчас папярэдняга сьледзтва даваў пад прымусам і быў вымушаны агаварыць Канавалава. Сваю віну Кавалёў на судзе адмаўляў. Дзьмітрый Канавалаў ад паказаньняў падчас працэсу адмовіўся.

Стоп-кадар камэры назіраньня. Як сьцьвярджала абвінавачваньне, нібыта Дзьмітры Канавалаў нясе сумку, у якой знаходзілася выбухоўка

30 лістапада суд прызнаў Канавалава і Кавалёва вінаватымі і прыгаварыў да расстрэлу. 14 сакавіка 2012 году стала вядома, што Лукашэнка адмовіўся памілаваць асуджаных па справе аб тэракце. Праз тры дні пасьля гэтага маці Ўлада Кавалёва Любоў атрымала паведамленьне аб выкананьні прысуду ў дачыненьні да яе сына.

Некаторыя з пацярпелых ад тэракту адкрыта выступалі ў падтрымку абвінавачаных і ўказвалі на недахопы сьледзтва і судовага разбору.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яшчэ сэкунды, і засталася б там назаўсёды». У пацярпелай ад тэракту ў мэтро знайшлі пухліну пасьля зьбіцьця сілавікамі

Альтэрнатыўныя вэрсіі

Яны пачалі зьяўляцца амаль адразу пасьля тэракту. Адной з прычын стала зьяўленьне на месцы выбуху самога Лукашэнкі ўсяго празь некалькі гадзін пасьля тэракту разам з малалетнім тады сынам Мікалаем. Крытыкі афіцыйнай вэрсіі сьледзтва сьцьвярджалі, што гэта можа сьведчыць аб датычнасьці ўладаў да выбуху.

Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем на месцы выбуху 11 красавіка 2011 года

Кніга Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро» (PDF)

Шмат сумневаў у журналістаў і назіральнікаў за ходам працэсу выклікаў той факт, што сьледзтва так і не знайшло прыладу, якою Канавалаў нібыта прыводзіў у дзеяньне бомбу. Не да канца зразумелым застаецца і тое, як ён мог сабраць некалькі выбуховых прыладаў у падвале свайго шматпавярховага дому ў Віцебску і пры гэтым гадамі не прыцягваць да сябе ўвагі праваахоўных органаў.

Журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч напісаў кнігу «Хто ўзарваў менскае мэтро». 2013 год

На карысьць альтэрнатыўных вэрсій тэракту прыводзілі здымак пашкоджанага выбухам вагону мэтро, на якім бачныя вялікія адтуліны ў абшыўцы вагона. Паводле сьледзтва, выбуховая прылада была начыненая толькі цьвікамі, абрэзкамі арматуры і мэталічнымі шарыкамі, якія не маглі прабіць у вагоне вялікіх дзірак.

Вядома таксама, што родных Дзьмітрыя Канавалава на працягу як мінімум некалькіх гадоў пасьля суду ахоўвалі спэцслужбы. Яны літаральна не падпускалі да іх дома журналістаў. За ўвесь час пасьля выбуху ў менскім мэтро бацькі Канавалава не далі ніводнага інтэрвію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Родныя расстралянага Ўладзіслава Кавалёва патрабуюць працягу расьсьледаваньня і пасьмяротнай рэабілітацыі

Крытыку з боку СМІ і праваабаронцаў таксама выклікала хуткасьць, зь якой быў завершаны працэс і выкананы расстрэльны прысуд. Нават у беларускай практыцы паміж сьмяротным выракам і расстрэлам звычайна праходзіць нашмат больш часу, чым гэта было ў выпадку з Канавалавым і Кавалёвым.

Месца пахаваньня абвінавачаных у арганізацыі тэракту 11 красавіка 2011 году застаецца невядомым дагэтуль. Маці Ўлада Кавалёва неаднаразова спрабавала даведацца, дзе магіла сына, аднак яе скаргі ня мелі выніку.