«Гэта даніна павагі ўсім удзельнікам мірнай рэвалюцыі». Выйшла кніга з пратэставымі плякатамі

Самыя яскравыя і складаныя падзеі 2020 году ў Беларусі, сымбалі пратэсту — у новай кнізе «Я выходжу».

Аўтар кнігі, графічны дызайнэр Аляксей Пірс, расказаў Свабодзе, як прыйшла ідэя, зь якімі складанасьцямі ён сутыкнуўся падчас працы і чаму кніга важная.

Альбом аб пратэстах 2020 году.

«Кожны герой кнігі ў нейкі момант мог сказаць: «Я выходжу»

«Падзеі 2020 году падзялілі жыцьцё большасьці беларусаў на „да“ і „пасьля“. Гэтая кніга — даніна павагі ўсім удзельнікам мірнай рэвалюцыі, на якую выйшлі сотні тысяч людзей», — кажа Аляксей Пірс.

Аляксей Пірс, фота з уласнага архіву.

Аляксей — графічны дызайнэр, беларус, вучыцца ў Польшчы. Ідэя зрабіць кнігу з плякатамі ўзьнікла імгненна, кажа ён.

«У мяне зьявілася думка: а чым я як графічны дызайнэр, які займаецца і друкам у тым ліку, мог бы быць карысным? Тады я апублікаваў сторыз у Instagram і спытаў: «Як думаеце, цікава? Робім ці ня робім?» — кажа Аляксей Пірс.

Аляксей Пірс. Альбом аб пратэстах 2020 году.

«Першапачатковая назва была „Сыходзь“, аднак пасьля жахлівага забойства Рамана Бандарэнкі кнігу было вырашана назваць „Я выходжу“. Гэта ня толькі ў гонар Рамана, а сапраўды вельмі дакладная назва. Кожны герой кнігі ў нейкі момант мог сказаць: „Я выходжу“».

Асноўную працу над кнігай Аляксей зрабіў сам, дапамагалі яму толькі з рэдагаваньнем тэкстаў і перакладам на беларускую, карэкцыяй здымкаў, крыху зь вёрсткай. Аўтар адразу вырашыў рабіць друкаванае выданьне, і вось чаму:

«Онлайн-асяродзьдзе вельмі дынамічнае, у ім складана нешта захаваць на памяць. А вось у кніжнага выданьня вельмі вялікі тэрмін прыдатнасьці».

«Людзі з плякатамі, іх эмоцыі, іх твары, іх пасылы і наогул тое, што фатаграфіі на пратэстах зробленыя, — гэта ўжо дакладна ніяк не падмане»

Здымкі для праекту зьбіралі з дапамогай тэлеграм-бота, які стварыў Аляксей.

«Бот тлумачыў, што нам патрэбна, папярэджваў, што, дасылаючы нам фотаздымак, вы пацьвярджаеце, што ён патэнцыйна можа зьявіцца ў кнізе, і даяце на гэта згоду. Сам я фота не шукаў. Гэта вельмі важны і прынцыповы момант, бо гэта неэтычна — браць і спампоўваць здымкі, і да таго ж зь меркаваньняў бясьпекі таксама няправільна».

Агулам даслалі прыкладна 7500 фатаздымкаў. Далей было некалькі этапаў фільтрацыі.

«На першым я выдаляў усе фатаграфіі, якія не зьмяшчаюць плякатаў. Тут быў важны момант, што гэта кніга з плякатамі, больш нічога, хоць шмат было супэркрутых, — тлумачыць аўтар. — На другім этапе я фільтраваў выявы, якія былі запампаваныя з інтэрнэту. Ня вельмі складаны працэс, па некаторых дадзеных гэта лёгка зразумець. Значыць, тыя, хто даслаў, — ня іх уладальнікі. Ну, а вось наступны этап быў адзін з самых складаных у працы над кнігай, таму што паняцьце „падыходзіць/не падыходзіць“ — досыць суб’ектыўнае. Увогуле, я вызначыў, што мне трэба каля 400 фатаздымкаў: на 200 старонак, па чатыры штукі на разварот».

Каб адабраць плякаты, трэба было спачатку вызначыцца з функцыяй самога выданьня, кажа аўтар.

«Я вызначыўся, што мэтай будзе: наўпрост ці ўскосна нагадаць пра падзеі, як станоўчыя, так і нэгатыўныя, якія зьмянілі нашае грамадзтва. Тады выпісаў ключавыя словы, каб не прапусьціць падзею або чалавека, якія павінны быць згаданыя. Напрыклад, было б глупствам, калі б у кнізе прапусьціў Ніну Багінскую, марш пэнсіянэраў і гэтак далей. Такіх ключавых словаў было вельмі шмат, і пад іх я шукаў плякаты».

Аляксей Пірс. Альбом аб пратэстах 2020 году.

«Думаю, функцыя кнігі — каб часам праглядаць яе і ўспамінаць, што было, бачыць гэтых выдатных людзей, іх эмоцыі. Любы тэкст сам па сабе, як мне здаецца, досыць субʼектыўны, а вось людзі з плякатамі, іх эмоцыі, іх твары, іх пасылы і наогул тое, што фатаграфіі на пратэстах зробленыя, — гэта ўжо дакладна ніяк не падмане. Гэта максымальна абʼектыўна».

Аляксей кажа, з дызайнам кнігі адразу выразна разумеў, што хоча зрабіць: фатаздымкі і нічога лішняга. Спачатку думаў, што на праект пойдзе месяцы тры, а па выніку спатрэбілася ажно сем. Была ідэя выдаць кнігу на Дзень Волі, 25 сакавіка, але ўзьніклі праблемы з друкам.

Самым складаным для аўтара ў працы над кнігай аказалася пісаньне тэкстаў.

«Усяго я напісаў нешта каля 20 старонак фармату А4, і я рабіў гэта паўтара месяца, рэальна 45 дзён пісаў. Гэта вельмі доўга, і я не ўяўляю, як працуюць пісьменьнікі, журналісты. Можа, я занадта літаральна ўспрымаю выраз „што напісана пяром, ня выме і сякера“, але вельмі доўга я перабіраў словы, мяняў іх месцамі, вельмі складана мне гэта далося».

«Самае прыемнае, што мне наогул даверылі такі праект, што падтрымалі. Бо нейкай вагі, як у графічнага дызайнэра, нейкіх цікавых праектаў, менавіта публічных, ніколі ў мяне не было, ніколі я не рабіў такога. Таму давер і падтрымка — гэта дужа прыемна».

Аляксей кажа, што падчас працы над кнігай эмоцыі былі розныя, як у большасьці беларусаў: калі адбывалася нешта жудаснае, было складана працаваць, добрыя ж падзеі натхнялі.

«Калі надрукаваў, па-першае, крута ўбачыць тое, над чым ты працаваў 7 месяцаў. І я адразу пачаў правяраць нюансы, якія мяне турбавалі, калі я вярстаў. Я вельмі задаволены. Але думаю, што павінен прайсьці пэўны час, каб я яе ацаніў, і, напэўна, больш пачуцьцяў яна ў мяне будзе выклікаць. Таму што пакуль кожны плякат, які ёсьць у кнізе, я ведаю на памяць, нічога для мяне новага там няма, я гадзінамі іх разглядаў, пакуль вярстаў».

«Тое, што адбылося і дагэтуль адбываецца ў Беларусі — несправядліва, няправільна, так не павінна быць».

Праект будзе разьвівацца

«Напрыклад, калі ў сярэдзіне праекту шмат хто стаў пісаць, што трэба зрабіць на беларускай мове, то гэта складана ігнараваць. Трэба — будзем рабіць, значыць. І яшчэ ў плянах зрабіць міжнародную вэрсію, адаптаваную для людзей за межамі СНД. Калі вэрсіі на расейскай і беларускай мове прысьвячаюцца беларусам і для беларусаў, на памяць, то ў міжнароднай вэрсіі пасыл такі, каб людзі ўбачылі, што тое, што адбылося і дагэтуль адбываецца ў Беларусі — несправядліва, няправільна, так не павінна быць. А людзі, іх эмоцыі і плякаты лепш за ўсё паказваюць гэта».

Аляксей Пірс. Альбом аб пратэстах 2020 году.

«Для мяне важна, што я не застаўся ўбаку і зрабіў нешта ў сілу сваіх сьціплых магчымасьцяў. Пра важнасьць кнігі мне ўжо людзі кажуць, і многія па-свойму яе ацэньваюць. Хтосьці мне пісаў: „Выдатна, гэта якраз тое, што мне цяпер было трэба“, „Яна такая крутая, я рада, што магу захаваць гэтыя ўспаміны“. Я зараз па зваротнай сувязі даведваюся, чаму гэта важна, з розных бакоў адкрываю гэтую кнігу».

Цяпер гатовую кнігу можна замовіць на расейскай мове і зрабіць перадзамову беларускай вэрсіі (яна будзе гатовая 10 траўня).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будучыня — жаночая». Плякаты на Маршы Свабоды ў Менску 16 жніўня 2020 (1). ШМАТ ФОТА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Включай уже Лебединое озеро». Плякаты на Маршы Свабоды ў Менску 16 жніўня 2020 (2). ШМАТ ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плякаты на «Маршы новай Беларусі» ў Менску. ФОТА