Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду аб пытаньнях дзейнасьці ў Беларусі палітычных партый, перадае БелТА.
У ліку яе ўдзельнікаў — кіраўнікі палат парлямэнту, Адміністрацыі прэзыдэнта, дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі, міністар юстыцыі.
Лукашэнка заявіў на нарадзе, што на VI Усебеларускім народным сходзе было вырашана ў найбліжэйшы час прыняць зьмены ў закон «Аб палітычных партыях», прававую аснову партыйнага будаўніцтва.
«Я, як і большасьць тут прысутных, належу да пакаленьня, выхаванага Камуністычнай партыяй Савецкага Саюзу, якая тады была стрыжнем нашага грамадзтва. Таму развал СССР і забарона кампартыі ў былых саюзных рэспубліках многімі былі ўспрынятыя як здрада, — сказаў ён. — З прычыны тых узрушэньняў на сьвітанку нашай незалежнасьці і будаўніцтва беларускай дзяржаўнасьці мы ўсьвядомілі, што кідацца з боку ў бок нельга. Я асабіста вывеў для сябе формулу, якой прытрымліваюся дагэтуль: ня зь левымі, ня з правымі — з народам. Мая пазыцыя ў пытаньнях партыйнага будаўніцтва засталася нязьменнай: не фарсіраваць штучна, але і не тармазіць грамадзка-палітычныя працэсы».
Лукашэнка прызнаў, што многія гады дзяржава не стымулявала разьвіцьцё палітычных партый, бо, на ягоную думку, запыту на іх у грамадзтва не было:
«Ён і цяпер ня выяўлены. Як паказваюць сацыялягічныя дасьледаваньні, узровень даверу да існуючых партый блізкі да статыстычнай хібнасьці. Партыйны пытаньне бударажыць розумы невялікай часткі палітызаванай публікі ў буйных гарадах. Аўтарытэт палітычных партый ня можа ўзьнікнуць раптам зь ніадкуль. Гэта доўгачасовы працэс, які ў заходніх краінах разьвіваўся не адно стагодзьдзе. Таму як у гэтым, так і ў іншых пытаньнях дзяржаўнага будаўніцтва нам разумней ісьці эвалюцыйным шляхам з улікам нашай спэцыфікі і нацыянальных інтарэсаў».
Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што бюджэтнае фінансаваньне партый не прадугледжваецца, а замежнае фінансаваньне павінна прыводзіць да ліквідацыі такіх партый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто стварае ў Беларусі прарасейскую партыю «Саюз» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Латушка аб’явіў аб намеры стварыць палітычную партыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка хоча стварыць партыю «Разам». Чым такія спробы канчаліся раней