Дысцыплінарная камісія вынесла адвакату Бабарыкі і Знака Лаеўскаму вымову. За што — не сказалі

Адвакаты Дзьмітры Лаеўскі і Сяргей Зікрацкі

Як расказаў калега Дзьмітрыя Лаеўскага адвакат Яўген Пыльчанка, цяпер будзе ўлічвацца, што ў Лаеўскага ўжо ёсьць дысцыплінарнае спагнаньне. Гэта можа прымацца да ўвагі, калі будзе чарговая атэстацыя альбо іншыя працэдуры.

Увечары 8 красавіка абаронцу шэрагу палітвязьняў Дзьмітрыя Лаеўскага выклікалі на дысцыплінарную камісію Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў. Цяпер ён абараняе Віктара Бабарыку і свайго калегу Максіма Знака.

«Я абгрунтаваў сваю пазыцыю, мне задалі пытаньні – я на іх адказаў, – распавёў Дзьмітры Лаеўскі Свабодзе. – Потым амаль гадзіну чакаў, калі будзе прынята рашэньне. Мне агучылі толькі вынік. Але матывы мне не вядомыя. Пастанову я атрымаю толькі ў панядзелак, і зь ёй мне ўжо стане вядома, чым кіраваліся сябры камісіі і на чым грунтуецца рашэньне. Я ня згодны з гэтым рашэньнем. Буду абскарджваць гэту пастанову з той прычыны, што я заўсёды кіраваўся прынцыпамі, каб рабіць штосьці добрае для адвакатуры. Я спрабаваў даведацца, да якіх маіх маіх выказваньняў ёсьць прэтэнзіі, але пакуль так і не даведаўся.

У нас ужо такая звычка беларуская: калі прысуд абвінаваўчы, але пакараньне больш-менш мяккае, то і добра.

Я спрабую пазытыўна на ўсё глядзець. Пазытыў у тым, што я працягваю працаваць, працягваю абараняць людзей – Віктара Бабарыку, Максіма Знака, іншых», – кажа Дзьмітры Лаеўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіўся законапраект, які забараняе адвакатам-індывідуалам абараняць у крымінальных і адміністрацыйных справах

У сакавіку Міністэрства юстыцыі распачало масаваую атэстацыю адвакатаў. На камісію выклікалі больш за 20 чалавек, якія не хавалі сваёй актыўнай пазыцыі. Тады атэстацыю прайшлі толькі трое. Яшчэ шасьцёра атэставаныя ўмоўна. Астатніх 11 пазбавілі адвакацкіх ліцэнзій, у іх ліку і вядомага юрыста Сяргея Зікрацкага.

Таму Дзьмітры Лаеўскі не выключаў пэўнай «правакацыі» ў адносінах да сябе. Хоць на першы погляд гэта і падобна да трызьненьня, удакладняе ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася пэтыцыя ў абарону дзейнасьці індывідуальных адвакатаў і адвакацкіх бюро

«Ад чэрвеня 2020 году і па сёньня вакол мяне адбывалася многае. Ад крыніц у праваахоўных органах раз-пораз даходзіць розная інфармацыя. Апошнім часам даволі незвычайная, у тым ліку пра магчымыя правакацыі ў дачыненьні да мяне. Я спакойна ўспрымаю, хоць жыць з гэтым ня вельмі камфортна. Скажу ў сувязі з гэтым наступнае. Я ажыцьцяўляю законную юрыдычную дзейнасьць, нічым іншым не займаўся і не пляную. Ніякіх забароненых рэчываў (у тым ліку наркатычных, атрутных, выбуховых) ці забароненых прадметаў ні пры мне, ні ў маёй машыне, ні ў маім офісе, ні ў маёй кватэры ніколі не захоўвалася і не захоўваецца», — кажа ён.

24 сакавіка рада калегіі адвакатаў пачала дысцыплінарную вытворчасьць у дачыненьні да Дзьмітрыя Лаеўскага. Падставай паслужылі ягоныя допісы пра нязгоду з праектам зьменаў у заканадаўства аб адвакатуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргея Зікрацкага выключылі з калегіі адвакатаў

Дзьмітрый Лаеўскі — адвакат палітзьняволеных Віктара Бабарыкі і Максіма Знака. У 2011 годзе таксама абараняў Алеся Бяляцкага, які падпаў пад крымінальны пераслед.

Пры канцы 2020 году Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі адвакатаў Марыі Калеснікавай — Аляксандра Пыльчанку і Людмілу Казак. Акрамя таго, ліцэнзій былі пазбаўленыя адвакаты Юлія Леванчук, Канстанцін Міхель, Міхаіл Кірылюк, Максім Конан ды іншыя.