Днём 8 красавіка ў менскай кватэры Вячаслава і Марыны Касінеравых прайшоў ператрус, падчас якога апісалі маёмасьць, у тым ліку прынтэр і канапу.
Як расказала Свабодзе Марына, пры ператрусе прысутнічала маці Вячаслава. Яна перадала, што хоць падставай для ператрусу былі нібыта пошукі ягонага брата ў межах справы пра «ўхіленьне ад вайсковай службы», пра самога Вячаслава «пыталі больш, чым нешта пра брата».
Вячаслаў Касінераў расказаў на Facebook, што капітан юстыцыі Малашчанкаў з РУУС Маскоўскага раёну нібыта заявіў, што «мае гонар прайсьціся да прыпынку з маці Касінерава».
Марына Касінерава расказала, што ў лістападзе мінулага году ёй прыходзіла позва ў Сьледчы камітэт, але яна ня ведае, у рамках якой справы. Яна дадала, што рэгулярна бачыць пагрозы на свой адрас у Telegram-каналах.
Марына і Вячаслаў Касінеравы — актывісты анархісцкага руху Беларусі, іх ня раз каралі за палітычныя акцыі. У 2017 годзе Вячаслава паўтара месяца трымалі за кратамі, а пасьля аштрафавалі за пятлю на шыі помніка «царскаму гарадавому» ў Менску. У сувязі з тым зьняволеньнем яго прызнавалі палітычным вязьнем. Касінеравы таксама неаднаразова заяўлялі аб правапарушэньнях сілавікоў адносна іншых анархістаў; удзельнічаюць у некамэрцыйнай ініцыятыве падтрымкі палітвязьняў DissidentBy. Цяпер Марына і Вячаслаў за межамі Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З анархістаў прымусова спаганяюць штрафы, не дачакаўшыся разгляду скаргі