Андрэй Кобалеў ужо сем гадоў узначальвае самую буйную нацыянальную кампанію Ўкраіны — «Нафтагаз». За гэты час Кіеў адмовіўся ад прамых закупак газу ў Расеі. Пра гэта Кобалеў расказвае ў інтэрвію карэспандэнтцы «Настоящего времени» Ірыне Рамалійскай.
Аб «Паўночным патоку — 2»
— Будаўніцтва «Паўночнага патоку — 2» працягваецца, нягледзячы на санкцыі з боку ЗША, якія здаюцца вельмі балючымі. Ваш прагноз: ці будзе яно скончана?
— Гэта будзе залежаць у першую чаргу ад таго, наколькі новая адміністрацыя ЗША будзе пасьлядоўная і, я б нават сказаў, жорсткая ў прымяненьні санкцый, якія ўжо былі ўхваленыя Палатай прадстаўнікоў і Сэнатам ЗША. Калі гэтыя санкцыі будуць пашыраныя, я думаю, што праект завершаны ня будзе.
— Вы нядаўна сказалі, што ведзяце перамовы з ЗША пра ўзмацненьне санкцый. Як менавіта?
— Усіх нюансаў перамоваў раскрываць я дакладна ня буду, гэтая інфармацыя канфідэнцыйная і закрытая, але мы сапраўды маем зносіны. Гэта ня столькі перамовы, колькі тлумачальная праца: праца ў Кангрэсе, праца ў Сэнаце. Мы тлумачым, у чым сэнс праекту, як ён можа паўплываць на Ўкраіну, на бясьпеку Эўропы, на ўвесь рэгіён.
— Як?
— Вельмі нэгатыўна. Пачынаючы ад узмацненьня дамінуючага становішча «Газпрому» на эўрапейскім рынку газу, заканчваючы ваеннымі пагрозамі для Ўкраіны, і, адпаведна, і для ўсходніх краін Эўразьвязу. Мы лічым, што транзыт расейскага газу па тэрыторыі Ўкраіны стварае для нас як для краіны пэўную падушку бясьпекі ў ваенным пляне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна цягам году возьме ўдзел у сямі вучэньнях NATOГэта значыць, паўнавартасная або маштабная ваенная апэрацыя супраць Украіны для расейскага боку ў дадзены момант — проста вельмі дарагая прыемнасьць. Гэта паўплывае на аб’ёмы транзыту, адпаведна, ударыць па выручцы «Газпраму», і, адпаведна, Расійскай Фэдэрацыі, гэта парушэньне вялікай колькасьці міжнародных дамоваў, падпісаных Расеяй.
Перавод транзыту расейскага газу з тэрыторыі Ўкраіны на іншыя газаправоды або на іншыя маршруты азначае, што гэтая падушка проста зьнікне. Адпаведна, гэта кардынальна павышае нашы рызыкі, у першую чаргу ў ваенным пляне. А ўжо эканамічныя, фінансавыя рызыкі ў гэтай сытуацыі, з нашага пункту гледжаньня, другасныя.
Пра адмову ад расейскага газу
— За час, што вы на чале «Нафтагазу», Украіна адмовілася ад прамых паставак расейскага газу. І так жыве ўжо шэсьць гадоў. Гэта, бадай, адно з ключавых вашых рашэньняў. Якія нэгатыўныя і якія пазытыўныя наступствы такой адмовы?
— Давайце мы ў вашым пытаньні прыбярэм слова «прамыя», яно тут відавочна лішняе. Можна сказаць проста: «Адмовілася ад расейскага газу». Ні прамых, ні крывых, ні нейкіх іншых паставак расейскага газу ў нас няма. Мы купляем газ у эўрапейскіх кампаній.
Што тычыцца нэгатыўных бакоў, для «Нафтагазу» такіх няма. У нас не было такога, каб расейскі газ нам прапаноўвалі па меншай цане, чым нам прапаноўвалі газ з Эўропы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня маем права фінансаваць рэжым». Львоў адмовіўся купляць беларускія аўтобусыА пра пазытыўныя аспэкты можна сказаць шмат чаго. Самы галоўны пазытыўны аспэкт — гэта, у першую чаргу, палітычны. Палітычнае кіраўніцтва Ўкраіны ўжо не залежыць ад волі Масквы ў газавым пытаньні. Папярэднія кіраўнікі нашай дзяржавы былі вымушаныя езьдзіць адзін за адным у Маскву, дамаўляцца, нешта прасіць, падпісваць «Харкаўскія пагадненьні».
А цяпер мы перавялі гэта ў камэрцыйнае вымярэньне і толькі зэканомілі грошы — купляем газ таньней. Але мы і зьнялі гэтую палітычную пятлю, зьнялі неабходнасьць здаваць у абмен на газ нейкія дзяржаўныя інтарэсы або такія важныя пытаньні, як база ў Крыме, якая стала варотамі для расейскай акупацыі нашай тэрыторыі. Гэта, напэўна, галоўны пазытыўны момант. На дадатак — поўная інтэграцыя ў эўрапейскі рынак газу.
- Гадавая патрэба Ўкраіны ў газе — 30 млрд кубамэтраў
- Гадавая здабыча ўкраінскага газу — 20 млрд кубамэтраў
- Украінская дзяржава мае плян павелічэньня ўласнай здабычы прыроднага газу