Краіны сьвету змагаюцца з чарговай хваляй пандэміі COVID-19, адначасова праводзячы вакцынацыю насельніцтва. Паводле дадзеных сайту Worldometer, ад пачатку пашырэньня каранавірусу SARS-CoV-2 інфэкцыя выяўленая ў прынамсі 133 мільёнаў жыхароў плянэты. Амаль 2,9 мільёна чалавек памерлі з пацьверджаным дыягназам COVID-19. Ачунялі больш за 107 мільёнаў пацыентаў.
Агляд сытуацыі ў сьвеце і ў асобных краінах прапануе DW.
- Улады Польшчы працягнулі карантынныя абмежаваньні да 18 красавіка. Як адзначылі ў Міністэрстве здароўя краіны, сытуацыя ў польскіх шпіталях застаецца напружанай. На сёньняшні дзень лячэньне праходзяць каля 35 тысячаў пацыентаў з пацьверджаным дыягназам COVID-19 — такой колькасьці не было ад пачатку пандэміі. Больш за 3300 пацыентаў маюць патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
- Тэст на каранавірус апазыцыйнага расейскага палітыка Аляксея Навальнага даў адмоўны вынік. Пра гэта паведаміла яго адвакатка Вольга Міхайлава. «Першы тэст паказаў адмоўны вынік. Аднак для нечага ў яго ўзялі і другі аналіз, яго вынік мы пакуль ня ведаем», — заявіла яна. Апазыцыянэр утрымліваецца ў калёніі № 2 ва Уладзімірскай вобласьці.
- У японскай Осацы 7 красавіка адмянілі частку эстафэты алімпійскага агню, якая павінна была праходзіць праз гэтую прэфэктуру. Рашэньне, паводле дадзеных Reuters, зьвязанае з тым, што з прычыны рэзкага росту колькасьці інфікаваных каранавірусам у гэтым рэгіёне краіны ўлады ўвялі рэжым надзвычайнай сытуацыі мэдычнага характару.
- Эўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў (EMA) на наступным тыдні пачне праверку таго, ці адпавядалі клінічныя выпрабаваньні расейскай вакцыны ад каранавірусу «Sputnik V» этычным і навуковым стандартам. Пра гэта паведаміла брытанская Financial Times (FT). Як адзначае выданьне, асобы, знаёмыя з працэсам тэставаньня прэпарату, паведамілі FT, што яно нібыта магло праводзіцца без захаваньня этычных нормаў і стандартаў належнай клінічнай практыкі (GCP, Good Clinical Practice). Расейскія ўлады адзначалі, што да выпрабаваньняў вакцыны, распрацаванай Нацыянальным дасьледчым цэнтрам эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі імя Гамалеі прыцягваліся вайскоўцы і дзяржаўныя службоўцы. Між тым, паводле цьверджаньня Reuters, некаторыя з удзельнікаў тэставаньняў маглі браць у іх удзел пад ціскам з боку кіраўніцтва.
- Вугоршчына зьмякчыла ўмовы локдауну. У краіне могуць зноў пачаць працаваць цырульні, а таксама крамы, якія прапануюць тавары ня першай неабходнасьці. Улады заклікаюць уладальнікаў гэтых установаў ужыць захады, каб пазьбегнуць навалы пакупнікоў.
- Славацкі рэгулятар кантролю лекаў ня змог вынесьці заключэньне аб суадносінах эфэктыўнасьці і рызыкі вакцыны «Sputnik V» у сувязі з адсутнасьцю шэрагу дадзеных ад вытворцы. Пра гэта паведаміла супрацоўніца інстытута Магдалена Юркемікава. «Нашая інстытуцыя накіравала ў міністэрства здароўя заключэньне, у якім канстатавала, што немагчыма зрабіць выснову пра карысьць і рызыку вакцыны „Sputnik V“ дзеля адсутнасьці вялікай колькасьці дадзеных ад вытворцы, неадпаведнасьці лекавых формаў і немагчымасьці параўнаньня партыяў, якія выкарыстоўваюцца ў розных дасьледаваньнях і краінах», — цытуе Юркемікаву мясцовая газэта Pravda.
- Навукоўцы ЗША і Вялікай Брытаніі вывучылі паказьнікі псыхічнага здароўя ў былых пацыентаў з каранавіруснай інфэкцыяй. Вынікі дасьледаваньня, апублікаваныя ў часопісе Lancet Psychiatry, сьведчаць, што ў траціны рэспандэнтаў пагоршылася псыхічнае здароўе. Найбольш часта сустракалася трывожнае засмучэньне — 17%, сьледам за ім ідзе афэктыўнае засмучэньне з паказчыкам у 14%.
- У Аўстрыі з 7 красавіка, пасьля заканчэньня велікодных канікул, уступіла ў сілу патрабаваньне аб тым, што пры наведаньні цырульняў, іншых арганізацый сфэры паслугаў і нехарчовых крамаў трэба мець пры сабе адмоўны тэст на каранавірус, зроблены не пазьней як за 48 гадзінаў.
- У Рыме падчас пратэстаў супраць каранавірусных абмежаваньняў у аўторак, 6 красавіка, дэманстранты ўступілі ў сутыкненьне з паліцыяй. Як найменей адзін паліцыянт атрымаў раненьні, перадае агенцтва Ansa. Сярод удзельнікаў акцыі ёсьць затрыманыя і, як сьведчаць відавочцы, параненыя.
- Новыя мутацыі каранавіруснай інфэкцыі хутка пашыраюцца ў ЗША, заявіў прэзыдэнт краіны Джо Байдэн. Паводле яго, ізноў павялічваецца колькасьць новых выпадкаў заражэньня COVID-19, а «колькасьць шпіталізацыяў больш не зьніжаецца». «Дазвольце мне быць як мага больш адкрытым з вамі: мы не на фінішнай простай», — канстатаваў Байдэн.
- За мінулы тыдзень сьмяротнасьць ад COVID-19 у сьвеце вырасла на 11%, паведаміла Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) у сваім штотыднёвым паведамленьні. За гэты час было зарэгістравана больш за 71 000 новых сьмерцяў.