«Няма альтэрнатывы, акрамя вонкавага пасярэдніцтва». Сцэнар мірнага вырашэньня крызісу ад Ціханоўскай

Сьвятлана Ціханоўская падчас перамоваў з Ангелай Мэркель, 6 кастрычніка 2020

Офіс Сьвятланы Ціханоўскай падтрымлівае ўсталяваньне кантактаў з прадстаўнікамі ўлады для выпрацоўкі мэханізмаў урэгуляваньня палітычнага крызісу. Прапанаваныя наступныя фарматы кансультацый і перамоваў.

1. Папярэднія кансультацыі

Прадстаўнікі Сьвятланы Ціханоўскай гатовыя браць удзел у кансультацыях без папярэдніх умоваў, бо лічаць важным, каб рашэньні прымаліся з разуменьнем рэальных пазыцый і магчымасьцяў бакоў, а ня толькі ўскоснай інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што можа прымусіць Лукашэнку да перамоваў? Аналітыкі пра прапанову Ціханоўскай

Ад улады можа быць як Аляксандар Лукашэнка, так і ягоныя прадстаўнікі. Асноўнымі кампанэнтамі для вырашэньня крызісу зьяўляюцца:

  • рэфармаваньне палітычнай сыстэмы Беларусі ў адпаведнасьці з прынцыпамі інклюзіўнасьці, дэмакратыі і захаваньня правоў чалавека;
  • выпрацоўка прынцыпаў і мэханізмаў нацыянальнага дыялёгу і прымірэньня, уключна з вызваленьнем палітычных зьняволеных;
  • правядзеньне новых сумленных і свабодных выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня варта чакаць, што сілавікі «пяройдуць на бок народу» альбо «будуць адстрэльвацца да апошняга патрона», — Паротнікаў

2. Роля АБСЭ ў дыялёгу

З улікам адсутнасьці даверу паміж бакамі, пляцоўкай для папярэдніх кантактаў можа выступіць АБСЭ. Гэта дазволіць ўключыць у працэс Расею, пазыцыя якой, паводле офісу Ціханоўскай, застаецца галоўнай перашкодай да вырашэньня беларускага крызісу.

АБСЭ можа адыграць важную ролю толькі ў фасылітацыі нацыянальнага дыялёгу, але не ў выкананьні абавязаньняў, узятых бакамі для вырашэньня крызісу.

Паколькі ўлады ў любы момант могуць разарваць пагадненьні ў аднабаковым парадку, праблема гарантый выкананьня дамоўленасьцяў набывае ключавое значэньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік БДІПЧ АБСЭ заявіў, што ўлады Беларусі не выконваюць міжнародных абавязаньняў

3. Роля дзяржаваў-пасярэднікаў

Сапраўднымі пасярэднікамі могуць быць толькі нацыянальныя дзяржавы, якія маюць магчымасьць уплываць на сытуацыю. Такімі ключавымі краінамі зьяўляюцца:

  • Расея, якая мае значны ўплыў на сытуацыю ў Беларусі;
  • Нямеччына, Францыя, Швайцарыя, якія праяўлялі ўвагу да беларускага крызісу і маюць палітычны і эканамічны ўплыў. Дзьве першыя набылі досьвед сумеснай працы з Расеяй датычна ўкраінскага крызісу;
  • ЗША, якія выступаюць важным гарантам бясьпекі і палітычнай стабільнасьці ў рэгіёне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Абвінавачваюць у фальсыфікацыі выбараў, падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў». Лукашэнка агучыў прэтэнзіі да Польшчы
  • Краіны Паўночнай Эўропы (Фінляндыя і Швэцыя) таксама могуць выступіць у якасьці пасярэднікаў, бо ўспрымаюцца як больш нэўтральныя ўладамі Беларусі і Расеі.

4. Унутранае рашэньне крызісу

З шэрагу прычын унутранае вырашэньне крызісу немагчымае, мяркуюць у Офісе Ціханоўскай. Вырашыць канфлікт праз дыялёг перашкаджаюць адсутнасьць мэханізму гарантый захаваньня дамоўленасьцяў.

Дэмакратычныя сілы ня маюць падставаў давяраць Лукашэнку з улікам шматлікіх прыкладаў зрыву пагадненьняў зь яго боку цягам усёй палітычнай кар’еры. Акрамя таго, ён не разглядае апанэнтаў як роўнага суб’екта для перамоваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ляшчэня: Ад заходняга «крыла» дыпляматыі засталася толькі пара пёркаў

У Беларусі адсутнічаюць інстытуты, здольныя выступіць гарантам выкананьня пагадненьняў. Суды, Царква, прафэсійныя арганізацыі ды іншыя грамадзкія інстытуты ня змогуць выконваць такія функцыі.

Такім чынам, асноўным сцэнаром негвалтоўнага вырашэньня беларускага крызісу ёсьць вонкавае пасярэдніцтва з гарантыямі дамоўленасьцяў, робяць выснову ў Офісе Ціханоўскай.