30 сакавіка ў менскай культурнай прасторы «Месца» адкрылася выстава, прысьвечаная мэдыкам і выклікам, зь якімі яны сутыкнуліся ў 2020-м: пандэміяй і палітызацыяй сыстэмы аховы здароўя. «Машына дыхае, а я — не» папрацавала ўсяго пару дзён офлайн, пасьля чаго прастору «Месца» закрылі на прадпісаньне МНС.
Даведаліся ў арганізатарак і творцаў, чым выстава адметная і чаму так важна яе паказаць.
«Мэтай было стварыць прастору для дыскусій і пастарацца аддзячыць мэдыкам»
Для каманды арганізатараў выставы закрыцьцё было прадказальным.
«Мы меркавалі, што гэта будзе самы чаканы сцэнар разьвіцьця падзеяў. У мяне асабіста захоўваўся аптымізм, таму што мы зрабілі выставу для і пра мэдыкаў, каб аддзячыць ім, пагаварыць пра тое, якім быў год, як ён паўплываў на мэдычную супольнасьць. І мы ня бачым ніякіх падстаў для таго, каб гэтая выстава не магла спакойна існаваць», — кажа каардынатарка праекту, намесьніца старшыні рады грамадзкага аб’яднаньня «Зьвяно» Натальля Трэніна.
Ідэя праекту, кажа Натальля, прыйшла яшчэ ў канцы жніўня. Тады каманда вырашыла, што вельмі важна пагаварыць пра выклікі мэдыкам — тым, хто апынуўся на перадавой усіх падзей.
«Галоўнай мэтай было стварыць камунікацыйную прастору для дыскусій, прыцягнуць мэдыкаў, мэдыя, грамадзтва, каб яны таксама задаваліся пытаньнямі. І пастарацца аддзячыць мэдыкам, паказаць, што мы бачым іхны гераізм і ўдзячныя ім за тое, як яны з годнасьцю выконваюць сваю працу і не баяцца паказваць сваю пазыцыю».
Фармат выставы абралі таму, што ён найбольш прывабны для вялікай колькасьці людзей. Каб узьняць публічную дыскусію аб розных праблемах, задумалі яшчэ і вялікую суправаджальную праграму: экскурсіі, кінапаказы ад фэстывалю WATCH DOCS Belarus, адкрытыя інтэрвію, сустрэчы з мастакамі, мэдыкамі, філёзафамі і журналістамі.
«Калі калегі са „Зьвяна“ зьвярнуліся да нас у верасьні, мы зразумелі, што гэта вельмі клясная ідэя і трэба рабіць, — кажа прадстаўніца куратарскай каманды і плятформы SHKLO Юлія Ваўчок. — Мы сабралі групу куратараў, доўга ўсё абмяркоўвалі і прыйшлі да высновы, што праз усе падзеі адчуваем крохкасьць і ўразьлівасьць чалавечага жыцьця. Калі мы пракручвалі падзеі 2020-га, зразумелі, што, напэўна, толькі мэдыкі па-сапраўднаму ўсьведамлялі гэтыя два паняцьці».
Каманда аб’яднала мастацкую выставу і дакумэнталістыку.
«Мы ўзялі праекты, якія адлюстроўвалі б перажываньні людзей, якія ляжаць на ШВЛ. Зьвярнуліся да аўтаркі з Расеі Галіны Краснапёравай, якая зафіксавала нататкі людзей, якія ляжаць на такіх апаратах, што яны адчуваюць».
З адной з такіх «нататак пацыентаў, якія ляжаць на ШВЛ», і ўзялі назву праекту.
«Таксама мы ўзялі відэа гурту „Кто, кроме нас“ мастачкі Васілісы Палянінай і мастака Андрэя Анро, якія яшчэ да падзей жніўня 2020-га, адчуўшы атмасфэру ў грамадзтве, запісалі маніфэст, дзе заклікалі аб’ядноўвацца. І мы зразумелі, што гэты маніфэст можна ўключаць цяпер у любы праект, ён актуальны для любой тэмы, калі ты робіш нешта пра Беларусь. І ён ня мог ня быць, улічваючы, што лекары паказалі сябе як супэркаапэратары. Мне здаецца, што ён наогул вельмі падтрымлівае».
Таксама Юлія Ваўчок разам з мастачкай Машай Сьвятагор і журналісткай Веранікай Лазарэвіч стварылі партрэты-гісторыі дактароў.
«Мы хацелі перадаць перажываньні мэдыкаў. Таму спэцыяльна пад выставу вырашылі пагаварыць зь лекарамі, дакумэнтальна зрабіць партрэты і паказаць іх як звычайных людзей, і даведацца наагул, што яны адчуваюць, што яны думаюць, проста пагутарыць зь імі», — тлумачыць Юлія.
«Па ўражаньнях гэта быў адзін з самых моцных рэпартажаў за ўсё маё жыцьцё»
На выставе прадстаўлены рэпартаж фотажурналіста Алеся Пілецкага, які здолеў трапіць у «брудную зону», рэанімацыю віцебскай лякарні на самым пачатку пандэміі.
«Першае, што я ўбачыў (і гэта быў шок), — ня сам недахоп абсталяваньня, сродкаў аховы, а тое, як лекары выкручваюцца з гэтага. На ўваходзе побач са шлюзам быў пакой, дзе стаіць лямпа кварцаваньня. І мэдыкі, выходзячы з „бруднай зоны“, гэтыя лёгкія супрацьчумныя касьцюмы вешаюць вакол лямпы. Пасьля нашэньня на працягу некалькіх гадзін касьцюмы павінны ўтылізаваць. Але тут іх спрабавалі абеззаразіць. Мэдыкі выходзілі са становішча самі, прыдумляючы на хаду, як самім сябе ратаваць», — кажа фатограф.
«Іншы момант — гэта шлюз. „Брудную“ зону ад „чыстай“ аддзяляюць толькі дзьверы і поліэтыленавыя шторы, такія вісяць у гіпэрмаркетах ля ўваходу на склады. Такія нарэзаныя палосы поліэтылену не перашкаджаюць прайсьці, але і ствараюць нейкую такую заслону. Атрымліваецца, уваходзячы празь дзьверы, ты праходзіш і поліэтыленавую браму, — апавядае Алесь Пілецкі. — Гэтыя фатаздымкі калі ўбачылі за мяжой і ў Менску, пачалася цэлая паніка — маўляў, што робіцца? Шлюз жа павінен гермэтычна аддзяляць „чыстую“ зону ад „бруднай“. Хлопцы з-за мяжы казалі, што ў іх там, каб трапіць у „брудную“, дзьверы, як у зоркалёт, а тут усяго толькі поліэтылен».
Вельмі моцнае ўражаньне на Алеся зрабіла стаўленьне мэдыкаў да ляжачых людзей. Каб уявіць маштабы нагрузкі: у звычайным жыцьці ў рэанімацыі ляжыць па 6 пацыентаў, а тут іх каля 30, і да кожнага патрэбен пэрсанальны падыход.
«Я бачыў той клопат, увагу, цяпло да цяжкахворых, якія ляжаць пад кропельніцамі, на ШВЛ. Гэта мяне проста ўзрушыла. Гэта настолькі пяшчотныя пачуцьці былі. Як таксама фота, дзе доктар разьмінае руку пацыенткі, гэта была сытуацыя імгненная, ніякіх пастановачных кадраў, гэта літаральна адбывалася ў некалькі сэкундаў».
«Гэтая жанчына на ШВЛ ляжыць, даўно ў рэанімацыі, у вельмі цяжкім стане, яна ня можа ні гаварыць, ні рухацца, і ўсё, на што яна здольная, — крыху паварушыць пальцамі і падняць кісьць рукі, — тлумачыць Алесь. — Доктар убачыла, што хворая хоча зьвярнуць на сябе ўвагу, усяго толькі па руху пальцаў. Яна падышла са словамі: „Пацярпі, мая харошая, пацярпі, мая дарагая, усё будзе добра, мы справімся“. І разьмінала ёй руку з такой пяшчотай... Я зрабіў нямала рэпартажаў і магу з упэўненасьцю сказаць, што ня кожная маці так ставіцца да сваіх дзяцей».
Падчас падрыхтоўкі рэпартажу было шмат складанасьцяў.
«Складана дамовіцца зь людзьмі, знайсьці разуменьне; складана пакавацца ва ўсю гэтую ахову (мала таго, што я сам быў максымальна апрануты, дык яшчэ і абсталяваньне загорнутае ў поліэтыленавую плёнку). Я ня бачыў, што здымаю; чыста тэхнічна, прафэсійна, я разумеў, што раблю. Складана знаходзіцца там, не перашкаджаць, не выклікаць раздражненьня навакольных. Складана, калі ты некалькі тыдняў сядзіш у самаізаляцыі з пачуцьцём віны, таму што пасьля выхаду гэтага рэпартажу зьнялі з пасады галоўнага доктара. Я сяджу і думаю, што я дазволіў сабе шмат і людзі празь мяне пацярпелі», — тлумачыць фатограф.
«Я працаваў у „чырвонай зоне“ некалькі гадзін, мне ўдалося пагутарыць зь некалькімі мэдыкамі, зь няцяжкімі хворымі. І сказаць, што гэта было цяжка, проста язык не паварочваецца, бачыўшы тых людзей, якія ратуюць нас. Гэта быў адзін з самых моцных па ўражаньнях рэпартажаў за ўсё маё жыцьцё. Я на свае вочы бачыў гераічную працу лекараў, мэдсясьцёр і санітарак, яны калясальнымі высілкамі ратавалі чалавечыя жыцьці».
Алесь кажа, што яму не было вельмі страшна наведаць лякарню — ён рыхтаваўся да таго, што можа здарыцца, калі захварэе.
«Я асабіста ведаю, што такое нястача кіслароду. На шляху ў базавы лягер пры ўзыходжаньні на Эвэрэст, на вышыні 5000 мэтраў, мой таварыш „злавіў“ горную хваробу, страціў прытомнасьць, і я сам, задыхаючыся, на сабе яго цягнуў. Я правёў там парадку месяца ва ўмовах, калі штодня ты задыхаесься. Я, у прынцыпе, знаёмы зь недахопам кіслароду, і перад тым, як туды ўнутр трапіць (у „брудную зону“. — РС), я ўяўляў, што ў далейшым можа са мной адбывацца і як мне потым гэта адгукнецца. Але, у любым выпадку, не баяцца толькі дурні, якія не ўсьведамляюць наступствы сваіх дзеяньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІАлесь кажа, што за час пандэміі беларускае грамадзтва перажыло радыкальную трансфармацыю сьвядомасьці.
«Для мяне як для фотажурналіста прайшла гістэрыя са сьвядомасьці беларускага народу: людзі баяліся выказваньня, баяліся прызнавацца. Даходзіла да абсурду. Мы рыхтавалі рэпартажы і спрабавалі размаўляць зь людзьмі, якія несьлі перадачкі родным у лякарню. Спачатку мы не прадстаўляліся. Людзі скардзіліся на недахоп інфармацыі, адсутнасьць лічбаў, фактаў, скардзіліся на ўладу, што яна ўсё хавае. Але як толькі мы прадстаўляліся як СМІ, на нас ледзь ня кідаліся, махалі рукамі, адварочваліся, адразу ж бралі дыстанцыю».
Выстава цяпер вельмі важная, лічыць Алесь, бо дае магчымасьць выказацца. Яна пра палітызацыю мэдыцыны, пра пандэмію, але і пра дабро, эмацыйныя перажываньні, пра людзей, лекараў-герояў і салідарнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Баюся, што захварэю і ня будзе каму працаваць». Пагутарылі з доктаркай, якая працуе з COVID-19 і піша пра гэта ў Twitter«Мне не даюць працаваць як фотажурналісту, мяне жорстка затрымлівалі, мяне дабівалі. І вось як мне патлумачыць дзецям, што адбываецца? Калі мне прыслалі шлем, маску для працы на маніфэстацыях, каб засьцерагчы сябе, да мяне падышоў пяцігадовы сын, убачыў на стале ў мяне шлем і пытаецца:
— О, тата, ты сабе шлем купіў, каб на ровары хутчэй езьдзіць?
— Не, для таго, каб міліцыя ня біла.
— А за што цябе біць? Ты ж прыгожа фатаграфуеш...
Назва „Машына дыхае, а я — не“, думаю, вельмі пасуе да становішча нашых дзён. Таму выстава патрэбна, яна важная. Гэтая выстава — наш з вамі голас».
«Каб мы падумалі пра людзей, схаваных за сухой статыстыкай міністэрстваў аховы здароўя»
У сваім праекце «Куды зьніклі ўсе кветкі?» мастак Максім Сарычаў паказвае крохкасьць чалавечага жыцьця, нябачны боль і асабістую трагедыю, схаваную за статыстыкамі хворых і памерлых ад ковіду.
«Калі здарылася пандэмія, я апынуўся ў локдаўне ў Вене, дзе быў у мастацкай рэзыдэнцыі. У мяне было жаданьне рэагаваць на тое, што адбываецца, але я не зьбіраўся працаваць як фотажурналіст у Аўстрыі, таму я, хутчэй, думаў, як па-мастацку папрацаваць з гэтай тэмай. Я ўбачыў залепленую газэтамі вітрыну ў горадзе, і мне прыйшоў у галаву вобраз. Праз тыдзень спробаў атрымалася форма, якой я быў задаволены. Я фатаграфаваў кветкі, што засыхаюць, на фоне па днях разьмешчаных загалоўкаў газэт».
Максім здымаў праект на працягу амаль трох месяцаў, зьбіраў публікацыі пра асноўныя этапы пандэміі ў газэтах і часопісах на ангельскай, францускай і нямецкай мовах.
«Сымбалічна фіксуючы зьвяданьне прыроды, я хацеў, каб мы падумалі пра людзей, схаваных за сухой статыстыкай міністэрстваў аховы здароўя. Дзяржавы маюць вялікі кантроль за „карцінкай“ яшчэ на стадыі яе стварэньня, абмяжоўваючы доступ журналістаў у бальніцы, забараняючы здымаць пахаваньне ахвяр. Што адбываецца, калі мы ня бачым выяваў, якія ў поўнай меры адлюстроўваюць уплыў пандэміі на чалавецтва? Як гэта ўплывае на ўсьведамленьне грамадзтвам сур’ёзнасьці таго, што адбываецца, і адказнасьці за нашы пэрсанальныя і калектыўныя дзеяньні?»
Максім кажа, што на яго самога пандэмія паўплывала вельмі моцна.
«Напачатку, як і ва ўсіх, напэўна, былі разгубленасьць, страх і неразуменьне, што рабіць. А за год, натуральна, усё чалавецтва зразумела, як можна жыць і існаваць у такіх умовах. Я вельмі строга стаўлюся да сваёй бясьпекі, і я дастаткова адказны, — кажа мастак. — Я не сустракаюся са сваімі сябрамі, знаёмымі ў закрытых памяшканьнях, не хаджу ў кавярні, кіно. Я сяджу дома і стараюся максымальна замаўляць дастаўку, праводжу шмат часу на адкрытым паветры. Таксама атрымалася, што шмат падарожнічаў зімой. Гэта быў цікавы досьвед успрыманьня розных гарадоў падчас локдаўну — бачыць, як працуе дзяржава ў розных краінах, як рэагуе на выклікі, якія кідае пандэмія, як рэагуюць людзі».
Максім лічыць выставу вельмі важнай, бо да гэтага ня бачыў рэфлексіі ў беларускім мастацкім асяродзьдзі наконт пандэміі, ролі дактароў, таго, як вірус паўплываў на ўсіх нас.
«Плакала, калі глядзела на праекты, чытала гісторыі лекараў»
Падчас стварэньня выставы ў каманды было шмат выклікаў. І першыя пачаліся з пляцоўкі, кажа каардынатарка праекту, намесьніца старшыні рады грамадзкага аб’яднаньня «Зьвяно» Натальля Трэніна.
«У нас была дамоўленасьць з галерэяй „Ў“, якая зачынілася, — кажа Натальля. — Пасьля мы разглядалі варыянт з „ОК16“, які таксама зачыніўся. Мы вельмі ўдзячныя „Месцу“, што яны нас пусьцілі і дазволілі рабіць выставу і мерапрыемствы».
«Падчас працы ў нашай куратаркі здарылася асабістая трагедыя, зьвязаная з ковідам, і яна не магла шчыльна працаваць, — дадае Юлія Ваўчок. — Цікава, што наш дызайнэр з Украіны Саша Бычэнка вельмі пераймаўся нашай ідэяй, і падчас таго, як рабілі праект, ён таксама захварэў на ковід. Мы рэальна пастаянна праходзілі нейкія выпрабаваньні, заўсёды было нейкае пераадоленьне, і ад гэтага яшчэ ёсьць вялікая каштоўнасьць».
Эмацыйна было таксама складана, прызнаецца Натальля, але была ўпэўненасьць, што неабходна працягваць.
«Было няпроста, я плакала, калі глядзела на праекты, чытала гісторыі лекараў. Але менавіта асабісты боль, мне здаецца, не параўнаецца з тым, што даводзілася праходзіць мэдыкам. Таму што мы перапрацаваную форму атрымліваем, нейкія веды аб сытуацыі, а яны былі наўпрост з гэтым зьвязаныя».
«Нам трэба зрабіць такую засечку, як калі дзіця расьце»
«Машына дыхае, а я — не» дазваляе выносіць важныя пытаньні ў шырокае публічнае поле, запускаць дыскусію і рэфлексаваць, злучаючы розныя групы людзей, лічыць Натальля Трэніна.
«Самым важным для нас было паказаць, што мэдыкі і мэдычная супольнасьць у гэтай барацьбе не адны. Важна, што мы расказваем пра дактароў і пра нас усіх. І як жыцьці мэдыкаў апынуліся пад пагрозай, так і нашыя, бо мы як наступная прыступка судакрананьня з пандэміяй».
«Гэтая выстава важная, таму што гэта ўсё пра нас. Тое, што адбываецца з мэдыкамі, — гэта ўсё пра нас. Людзі, якія ўбачаць праекты, убачаць свае гісторыі, сваіх родных, блізкіх, — кажа куратарка Юлія Ваўчок. — Важна цяпер не спыняцца, не ўпадаць у роспач, важна дакумэнтаваць. Вось мы прайшлі год ад пачатку пандэміі, прайшлі паўгода пасьля выбараў, нам трэба зрабіць такую засечку, як калі дзіця расьце. Потым у нас будзе вялікая рэфлексія. Ну і што, што нас закрылі? Ну падумаеш! Гэта ж тут і цяпер з намі адбываецца, чаму мы дзесьці „там“ павінны рэфлексаваць? І чаму мы павінны чакаць нейкага моманту? Мы ўсё ж працягваем жыць».
Сачыць за навінамі праекту можна ў сацыяльных сетках: Facebook і Instagram.