Суды і выракі 5 красавіка: па 3 гады «хіміі» за выхад з машыны і заклікі да пратэстаў

Палітвязень Кірыл Паўлавец з маленькім сынам. Архіўнае фота.

50-гадовага менчука асудзілі нібыта за спробу перакрыць дарогу сваім аўтамабілем падчас пратэстаў у ноч з 10 на 11 жніўня.

Журналістку аштрафавалі за інтэрвію «Белсату»

Магілёўскую журналістку Аліну Скрабунову завочна асудзілі за інтэрвію, якое яна дала тэлеканалу «Белсат» пасьля ператрусу ў яе кватэры 5 сакавіка.

Супрацоўнікі міліцыі палічылі камэнтар «прадукцыяй СМІ», з чым пагадзілася судзьдзя Вольга Краўчанка. У выніку — штраф у памеры 870 рублёў.

Нягледзячы на тое, што Аліна Скрабунова на пачатку сакавіка зьехала зь Беларусі, за гэты час яе 10 разоў аштрафавалі за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ (ч. 3 арт. 23.5 КаАП). Агульная сума спагнаньняў — 7540 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незалежную журналістку з Магілёва цягам сакавіка аштрафавалі 10 разоў — на $2900

«Хімія» за заклікі да пратэстаў

У судзе Савецкага раёну Менску на 3 гады «хіміі» асудзілі палітычнага вязьня Кірыла Паўлаўца паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Справу разглядала судзьдзя Марына Фёдарава. Пракурор — Анастасія Маліка.

Паўлаўца затрымалі 4 кастрычніка пасьля «Маршу вызваленьня палітвязьняў». Спачатку прысудзілі 14 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаваньне. Але неўзабаве сілавікі завялі супраць яго крымінальную справу і перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

Паводле матэрыялаў сьледзтва, 30 жніўня на менскай плошчы Свабоды мужчына заклікаў да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах, перашкодзіў працы транспарту, асабліва аўтобусаў. У адпаведны сьпіс міліцыянты ўключылі, бадай, усе маршруты, якія праяжджаюць па навакольных вуліцах.

Таксама 9 жніўня Паўлавец на праспэкце Дзяржынскага, вуліцах Пушкіна і Жукава нібыта таксама перашкаджаў руху транспарту, гэтым разам і тралейбусам.

Міліцыянт, якога заявілі ў статусе сьведкі і пад выдуманым іменем, праігнараваў усе пасяджэньні суду, але судзьдзя пастанавіла абысьціся безь яго і вынесла вырак: 3 гады «хіміі», як і прасіла пракурорка. Грамадзянскі пазоў «Менсктрансу» за панесеныя страты будзе разглядацца ў грамадзянскім працэсе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Кірыл Паўлавец апынуўся ў шпіталі з COVID-19

2 гады «хіміі» за абразу міліцыянтаў

У Магілёве суд адправіў Івана Ківу на 2 гады ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу за зьнявагу трох міліцыянтаў і абавязаў выплаціць ім 2850 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. Між тым пацярпелыя намагаліся адсудзіць у абвінавачанага 13 тысяч рублёў. Судзьдзя Ленінскага суду Тацяна Рахманенка прызнала 36-гадовага мужчыну вінаватым у зьнявазе прадстаўніка ўлады (369 арт. КК).

Паводле матэрыялаў справы, ён у верасьні 2020 году рэзка пракамэнтаваў фатаздымак з супрацоўнікамі магілёўскай міліцыі, апублікаваны ў групе «Народны патруль Магілёва», якая існавала ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магілёўца пакаралі двума гадамі «хіміі» за зьнявагу міліцыянтаў. Тыя патрабавалі 13 тысяч рублёў за «маральныя пакуты»

Выхад з машыны падчас затору палічылі групавымі дзеяньнямі

Раніцай 5 красавіка ў судзе Першамайскага раёну Менску вынесьлі прысуд у крымінальнай справе 50-гадовага Яраслава Збароўскага, якога вінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), піша «Вясна».

Мужчыну прыпісвалі ўдзел у падзеях у ноч з 10 на 11 жніўня каля гандлёвага цэнтру «Рыга»: блякаваньне дарогі ўласнай машынай, узьвядзеньне барыкадаў.

Палітзьняволены віны не прызнаў, сказаў, што трапіў на месца мітынгу выпадкова — ехаў павячэраць з жонкай, апынуўся ў заторы, рухаўся марудна праз гэта, пры першай магчымасьці разьвярнуўся ў адваротным кірунку і паехаў дамоў. Не адмаўляе, што выходзіў з машыны на разьдзяляльную паласу і здымаў на тэлефон пратэстоўцаў для асабістага архіву, пасьля выдаліў відэа, бо «яно не перадавала атмасфэру».

Судзьдзя Максім Трусевіч палічыў, што віна Збароўскага даказаная, і прызначыў яму пакараньне абмежаваньнем волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады. Аўтамабіль як «сродак зьдзяйсьненьня злачынства» канфіскаваны на карысьць дзяржавы.

Заяўлены пазоў «Менсктрансу» аб кампэнсацыі нанесенай шкоды за спыненьне руху транспарту ў памеры 21 831 рубель 69 капеек суд пастанавіў вырашаць у грамадзянскім судаводзтве.

Яраслава Збароўскага вызвалілі з-пад варты ў залі суду, меру стрыманьня зьмянілі на падпіску аб нявыезьдзе і належных паводзінах. Тэрмін утрыманьня пад вартай залічаць у тэрмін адбыцьця пакараньня з разьліку адзін дзень СІЗА за два дні абмежаваньня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жлобіне дваіх удзельнікаў падзей 9-10 жніўня пакаралі турэмным зьняволеньнем