Апостальскі адміністратар Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец у сваім пастырскім пасланьні адзначыў, што адкрыла людзям Уваскрэсеньне Хрыста.
«Духоўная сьмерць пачынаецца з цяжкага граху — сьвядомага, дабравольнага і прамога парушэньня Божых запаведзяў. Цялесная сьмерць — гэта толькі брама, за якой ідзе працяг таго, што мы абралі на зямлі. Уваскрэснуць зь мёртвых азначае выбіраць Божы спосаб жыцьця, які пачынаецца праз жыцьцё ў Божай ласцы».
Паводле біскупа Велікасельца, ужо больш за год людзі «перажываюць роспач і няўпэўненасьць у сваёй будучыні», бо пандэмія COVID-19 яшчэ раз паказала, «якое крохкае існаваньне чалавека нават у эпоху сучасных тэхналёгій».
«Любоў да Бога і да бліжніх патрабуе канкрэтнага выражэньня ў словах і справах. Асабліва прашу бескарысьліва дапамагаць тым у нашай сьветлай Бацькаўшчыне, хто цяпер прыгнечаны жыцьцёвымі абставінамі і ня можа або саромеецца папрасіць аб дапамозе. Што б ні адбывалася вакол нас — ня бойцеся рабіць дабро».
Ён нагадаў, што 13 красавіка 1991 году сьвяты Ян Павал II аднавіў структуры каталіцкага касьцёла ў Беларусі. Гэта стала магчымым «дзякуючы адвазе тых вернікаў і пастыраў нашай зямлі, якія ў часы перасьледу не гублялі надзеі ў Богу, захавалі і перадалі веру ў Бога наступным пакаленьням, вучылі дзяцей маліцца, патаемна рыхтаваліся да сакрамэнтаў споведзі і камуніі, да сужэнства, да сьвятарства, клапаціліся аб вяртаньні касьцёлаў». ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тадэвуш Кандрусевіч: «Сёньня наша Бацькаўшчына перажывае сваю Вялікую пятніцу»На думку біскупа, і ў наш час ёсьць тыя, хто «дзеля дабра іншых рызыкуе сваім грамадзкім становішчам і нават жыцьцём».
«Беларуская паэтка Ларыса Геніюш у адным са сваіх вершаў напісала: „Хрыстос уваскрос з крыві і болю, каб сьветач праўды не пагас“. Няхай не пагасьне праўда ў нашым грамадзтве, няхай яно ідзе за Хрыстом, бо Ён — дарога, і праўда, і жыцьцё», — дадаў Вялікаселец.
Каталіцызм — другая пасьля праваслаўя хрысьціянская канфэсія ў Беларусі па колькасьці вернікаў. Паводле зьвестак афіцыйнага парталу Рыма-каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, амаль 1,47 млн грамадзян (прыблізна 15% насельніцтва) — католікі. Сярод іх прыкладна 10 тысяч грэка-каталікоў (уніятаў).
Таксама 4 красавіка Вялікдзень сьвяткуюць і пратэстанты. Колькасьць пратэстантаў розных дэнамінацый у Беларусі, паводле розных зьвестак, ад 200 тысяч да 500 тысяч чалавек.