Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на фонд спартыўнай салідарнасьці, які ўзначальвае спартоўка.
«Крымінальная справа ў дачыненьні да Аляксандры, пра якую Сьледчы камітэт абвясьціў учора, — чарговая спроба запалохаць беларусаў. Адзіны мэтад, які выкарыстоўвае рэжым, — страх. Герасіменя адрэагавала на дзеяньні CК з іроніяй — чэмпіёны не здаюцца. І ў адказ выставіла на аўкцыён магутны лот», — адзначаецца ў паведамленьні фонду.
«Гэтым лотам я б хацела падтрымаць усіх беларусаў, перадаць ім зарад 100% упэўненасьці ў перамозе, бо вера ў перамогу — гэта ўжо 90% посьпеху! Засталося зусім няшмат, і ўсё ўстане на свае месцы, а ўсе вінаватыя панясуць заслужанае пакараньне. Галоўнае, ні на сэкунду ў гэтым не сумнявайцеся!» — заявіла Герасіменя.
Спартоўка таксама патлумачыла, наколькі гэты мэдаль важны для яе.
«Матывацыя выйграць той чэмпіянат сьвету была надзвычайнай. У Турэччыну я прыляцела з упэўненасьцю ў 200%, што змагу перамагчы, бо знаходзілася ў выдатнай фізычнай форме. Перад заплывам я не адчувала ні страху, ні хваляваньня, проста жартавала і ўсьміхалася, а праз хвіліну пабіла свой асабісты рэкорд, апярэдзіла суперніц на палову корпусу і атрымала мянушку bullet (ракета)».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнта БНТУ затрымалі за стужку на заплечніку, бо гэта «пікет»«Да мэдалі прымацаваная чорная стужка (адзіная ў маёй калекцыі), як мне здаецца, якая сымбалізуе ўсіх пацярпелых беларусаў і палітзьняволеных», — адзначыла Герасіменя.
Паводле яе слоў, усе сродкі ад продажу лоту будуць пералічаныя ў фонд спартыўнай салідарнасьці.
2 красавіка Сьледчы камітэт паведаміў аб адкрыцьці крымінальнай справы ў дачыненьні да Герасімені і выканаўчага дырэктара фонду, заснавальніка гандбольнага клюбу «Віцязь» Аляксандра Апейкіна.
Дзеяньні Герасімені і Апейкіна СК кваліфікаваў паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да ўчыненьня іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі ці глябальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць гераіняў гісторыі Беларусі. Падкаст Уладзімера Арлова