Агенцтва спасылаецца на паведамленьне Беларускага фонду культурнай салідарнасьці, які атрымаў інфармацыю ад жонкі мастака.
«Ён трымаецца, адчувае сябе добра», — сказала яна.
26 сакавіка пракуратурай Горадні была распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або розьні) у дачыненьні да Алеся Пушкіна, а таксама кіраўніка прыватнай установы «Цэнтар гарадзкога жыцьця» журналіста Паўла Мажэйкі і «іншых асобаў» за «учыненьне наўмысных дзеяньняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму ». Фігурантам пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кім быў Яўген Жыхар, за партрэт якога завялі крымінальную справу. І што ня так са справайПа дадзеных пракуратуры, 19 сакавіка на выставе карцінаў, арганізаванай названымі людзьмі, дэманстраваўся намаляваны Пушкіным партрэт Яўгена Жыхара, які «падчас нямецкай акупацыі ўлетку 1944 году прайшоў навучаньне ў спэцпадразьдзяленьні абвера», а пасьля вайны «узначаліў атрад з былых паліцаяў і іншых здраднікаў». У ходзе выставы «Пушкін характарызаваў Жыхара як чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым услаўляў і апраўдваў яго дзеяньня», лічыць ведамства.
Пушкін на момант распачынаньня крымінальнай справы знаходзіўся на выставе ў Кіеве, вечарам 26 сакавіка вярнуўся ў Беларусь. Ён быў затрыманы 30 сакавіка ў Жылічах Кіраўскага раёну, дзе працаваў на рэстаўрацыі мясцовага палацу.
Журналіст Павал Мажэйка быў затрыманы 26 сакавіка, але 29 сакавіка яго выпусьцілі з горадзенскага ІЧУ. Як паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў, яго вызвалілі з фармулёўкай «зьніклі падставы для затрыманьня». «Аднак сьледчыя сказалі, што выклікаць зноў яго могуць у любы момант», — адзначылі ў БАЖ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта быў ня вобшук, а пагром». Жонка пра ператрус і затрыманьне Алеся Пушкіна