Сьцісла:
- У падкантрольным Армэніі Нагорным Карабаху, дзе практычна няма этнічных расейцаў, ухвалілі статус расейскай мовы як афіцыйнай.
- Усюды ў дзяржавах на постсавецкай прасторы, дзе расейская мова мае афіцыйны статус, прысутнае і расейскае войска.
- Ідэі папячыцеля Івана Карнілава жыве: расейская моўная прысутнасьць ня менш важная за вайсковую.
Акурат вывучаю юрыдычны статус расейскае мовы ў краінах на постсавецкай прасторы. І тут навіна ў тэму: расейская стала афіцыйнаю ў Нагорным Карабаху (непрызнаная Нагорна-Карабаская Рэспубліка, або Арцах; паводле міжнароднага права тэрыторыя Азэрбайджану). Расейская мова там цяпер можа ўжывацца нароўні з армянскаю. Пуцінскі прэс-сакратар Пяскоў вітаў гэтае рашэньне.
Этнічных расейцаў у Нагорным Карабаху 0,12% (перапіс 2005 г.). Але зьмену ў моўным законе тамтэйшыя заканатворцы лёгка абгрунтавалі:
„Доўгатэрміновая прысутнасьць у Арцаху расейскіх міратворцаў, усьведамленьне неабходнасьці супольнага разьвязаньня шматлікіх сацыяльных і камунікацыйных праблемаў ... вымагае пераацэнкі ролі расейскай мовы“.
А што калі супаставіць прысутнасьць расейскага войска на постсавецкай прасторы па-за Расеяй і статус расейскае мовы ў тых краінах?
* * *
Армэнія. Вайсковая база Паўднёвай вайсковай акругі Расеі, да 5000 чал.; аб’яднаная групоўка войскаў (сілаў) Узброеных сілаў Расеі і Армэніі; памежнае ўпраўленьне ФСБ Расеі ў Армэніі, да 4500 чал. (тут і ніжэй факты і лічбы з адкрытых публікацыяў).
Статус расейскай мовы — замежная; у адукацыйнай сыстэме — „першая замежная“.
Беларусь. 2 расейскія вайсковыя аб’екты — вузел сувязі ВМФ пад Вялейкай (да 250 чал.) і асобны радыётэхнічны вузел пад Ганцавічамі (каля 600 чал.); Узброеныя Сілы Беларусі ёсьць часткаю „рэгіянальнай групоўкі войскаў (сілаў) Рэспублікі Беларусі і Расейскай Фэдэрацыі“ зь яе безупыннымі вучэньнямі на тэрыторыі Беларусі.
Статус расейскай мовы — дзяржаўная.
Казахстан. Найбольш вайсковых аб’ектаў Расеі па-за яе тэрыторыяй, прычым буйных: Сярод іх 5 выпрабавальных палігонаў, радыётэхнічны вузел, вымяральная станцыя ракетных войскаў, РЛС, авіяполк і іншае.
Статус расейскай мовы — афіцыйная.
Кіргізстан. Расейская аб’яднаная вайсковая база: авіябаза, выпрабавальная база, вузел сувязі і інш.; у супольным карыстаньні авіяпалігон.
Статус расейскай мовы — афіцыйная.
Таджыкістан. Расейская вайсковая база; комплекс кантролю касьмічнай прасторы.
Статус расейскай мовы — „мова міжнацыянальных зносінаў“.
* * *
Такім чынам, дзе расейскі салдат — там і расейская мова. І наадварот. У іншых дзяржавах на постсавецкай прасторы няма ані расейскага войска (зразумела, акрамя акупаваных Расеяй іхных тэрыторыяў), ані афіцыйнага статусу расейскай мовы (у тым ліку на гэты момант і ў Малдове).
Толькі Армэнія крыху выпадала з заканамернасьці. Але фактычна падкантрольны ёй Нагорны Карабах заканамернасьць пацьвердзіў.
Для паўнаты карціны зірнем на моўную палітыку на тэрыторыях суседзяў, фактычна акупаваных Расеяй. Яна прадказальная.
Прыднястроўе (непрызнанае ўтварэньне ў частцы Малдовы). Апэратыўная група Заходняй вайсковай акругі Расеі: два мотастралковыя батальёны, батальён аховы. Да 1700 чал.
Статус расейскай мовы — афіцыйная (фармальна нароўні з малдаўскай і ўкраінскай, фактычна паноўная).
Паўднёвая Асэтыя (непрызнанае ўтварэньне на тэрыторыі Грузіі). Гвардзейская вайсковая база Паўднёвай вайсковай акругі Расеі. Да 3000 чал.
Статус расейскай мовы — дзяржаўная.
Абхазія (непрызнанае ўтварэньне на тэрыторыі Грузіі). 7-я аб’яднаная база расейскіх Узброеных сілаў, да 4000 чал.
Статус расейскай мовы — афіцыйная („поруч з абхаскай прызнаецца моваю дзяржаўных і іншых установаў“).
„ДНР“ і „ЛНР“ (марыянэткавыя ўтварэньні на тэрыторыі Ўкраіны). Расея адмаўляе вайсковую прысутнасьць, але доказаў адваротнага дастаткова.
Расейская мова — „адзіная дзяржаўная“.
Крым (анэксаваная Расеяй тэрыторыя Ўкраіны). Расейскіх вайсковых аб’ектаў і жывой сілы мноства.
Статус расейскай мовы — дзяржаўная ў РФ, дзяржаўная ў Крыме (фармальна разам з украінскай і крымскататарскай), „мова міжнацыянальных зносінаў“.
Што ж да рашэньня адміністрацыі Нагорнага Карабаху, то дэмакратычны палітык, былы в. а. прэзыдэнта Азэрбайджану Іса Гамбар пракамэнтаваў яго магчымыя палітычныя наступствы:
„...А заўтра так званы карабахскі ўрад можа вынесьці рашэньне аб падвойным грамадзянстве — як армянскім, так і расейскім. Расея ж заявіць, што нясе адказнасьць за абарону ўласных грамадзян“.
Характэрная цытата з прапагандысцкага тэксту, якім абгрунтоўваецца ўвядзеньне дзяржаўнага статусу расейскай мовы на яшчэ адной зь земляў, дзе ніколі расейцы ў больш-менш прыкметнай колькасьці не жылі: „...В первую очередь, русский язык —это тот язык, на котором говорили наши спасители — солдаты Российской Армии“.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Россотрудничество»: Калі мы ня будзем займацца расейскай мовай у Беларусі, яна хутка зьнікнеЗ Масквы пасьлядоўна ідзе ціск на постсавецкія дзяржавы, каб прымусіць іх абвясьціць расейскую мову дзяржаўнай або прынамсі зафіксаваць яе статус іншым чынам. У 2016 годзе пасол для асаблівых даручэньняў МЗС Расеі Элеанора Мітрафанава агучыла і рэгулярна паўтарае мэту расейскага замежнапалітычнага ведамства — дамагацца, каб расейская мова набывала статус другой дзяржаўнай у краінах былога СССР.
Ня буду тут дасьледаваць у кожным канкрэтным выпадку, што было перш — расейская вайсковая прысутнасьць ці фіксацыя статусу расейскае мовы. Зазначу толькі, што тэза папячыцеля Віленскай навучальнай акругі, выканаўцы мураўёўскай русыфікацыйнай палітыкі Івана Карнілава „Русское образование сильнее русского штыка“ нікуды не падзелася, а творча разьвіваецца наступнікамі. Расейская мова і расейскі штых ідуць поруч.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.