Думкі экспэртаў сабрала ўкраінская служба «Голасу Амэрыкі».
Паўтор дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне ў пачатку прэзыдэнцтва Дональда Трампа ўбачыў у цяперашняй эскаляцыі на ўсходзе Ўкраіны брытанскі аналітык Аляксандар Кларксан.
«Варта памятаць, што ў пачатку прэзыдэнцтва Трампа была эскаляцыя баявых дзеяньняў вакол Аўдзееўкі на Данбасе ў 2017 годзе. І тады складвалася моцнае ўражаньне, што Масква правярае рашучасьць новай адміністрацыі ЗША ў падтрымцы Ўкраіны. Магчымае паўтарэньне для Байдэна», — піша экспэрт у Твітары.
«Здаецца, Пуцін спрабуе праверыць і выпрабаваць абарону Захаду і рашучасьць у супрацьстаяньні — магчыма, гэта прэлюдыя да новага ваеннага нападу ва Ўкраіне», — прыводзіць CNBC словы брытанскага аналітыка Тымаці Ґартана Эша.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады РФ, перакінуўшы войскі да мяжы з Украінай, заявілі аб рызыцы вайны«Як здаецца, Крэмль імкнецца заплаціць вам за нядаўнія намаганьні адхіліць некаторых прарасейскіх людзей», — адзначае дырэктар цэнтру «Пэн-Байдэн» Майк Карпэнтэр.
Большасьць экспэртаў заклікаюць уважліва сачыць за разьвіцьцём падзей, а вось думкі аб магчымай няўхільнасьці расейскага нападу, а таксама таго, як павінны дзейнічаць ЗША, падзяліліся.
Моцных сьведчаньняў няўхільнасьці нападу няма, камэнтуе старшы навуковы спэцыяліст Цэнтру ваенна-марской аналітыкі Майкл Каўфман перамяшчэньне расейскіх сіл паблізу Ўкраіны. «Аднак гэта сьведчыць, што нешта адбываецца па-за звычайнымі вучэньнямі або ратацыяй войскаў. Намеры Расеі не зьяўляюцца яснымі», — зазначае ён. Аналітык заклікаў сусьветную супольнасьць уважліва сачыць за тым, што адбываецца.
А згаданы ўжо Кларксан перакананы, што хуткі і магутны сыгнал міжнароднай супольнасьці можа дазволіць пазьбегнуць эскаляцыі на будучыню. Таксама ён гаворыць пра магчымасьць пралікаў з боку Крамля, якія могуць прывесьці да эскаляцыі, бо «невядома, наколькі Крэмль верыць ва ўласную прапаганду і таму можа няправільна ацаніць балянс сіл на месцы».
«Здаецца, Пуцін рыхтуецца зрабіць нейкі вялікі крок, — кажа Эш у камэнтары CNBC — можа, каб адцягнуць ад уласных праблемаў унутры краіны з Навальным і засяродзіцца на... выбарах у Дзяржаўную Думу». Эш раіць сачыць за сытуацыяй у Крыме. На думку аналітыка, эскаляцыя на Данбасе можа быць манэўрам, каб адцягнуць ад нападу з Крыму, з мэтай захапіць водныя рэсурсы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: ЗША прывялі войскі ў Эўропе ў поўную гатоўнасьць у сувязі з аднаўленьнем баёў на ДанбасеДэніел Дэпэтрыс, карэспандэнт кансэрватыўнага выданьня The Washington Examiner, заклікаў адміністрацыю Байдэна пакінуць пытаньне Ўкраіны Эўропе. Ён лічыць, што намеры Расеі ў эскаляцыі на Ўсходзе Ўкраіны могуць і не знаходзіцца ў кантэксьце амэрыкана-расейскіх адносін, а, напрыклад, быць спробай праверыць боегатоўнасьць украінскіх сіл.
Але нават калі Пуцін такім чынам і спрабуе паслаць сыгнал прэзыдэнту ЗША, Дэпэтрыс заклікае Байдэна не рэагаваць, а пакінуць гэтае пытаньне Эўропе. «Незалежная Ўкраіна, якой бы жаданай для нас яна ні была, ня будзе служыць інтарэсам Расеі. Ніякая колькасьць радараў або процітанкавых ракет, якія ЗША могуць накіраваць у Кіеў, гэтага ня зьменіць», — піша ён у артыкуле.
З дыямэтральна супрацьлеглай парадай выступіў былы супрацоўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Аляксандар Віндман. Ён заклікаў адміністрацыю Байдэна адрэагаваць на павелічэньне расейскай агрэсіі, уключаючы санкцыі і перадачу Ўкраіне неабходнага вайсковага абсталяваньня.
«Намаганьні Байдэна пераарыентаваць адносіны і аднавіць стрымліваньне, вядома, мусілі прывесьці да рызыкі супрацьстаяньня. Лепш сарваць плястыр цяпер», — піша Віндман.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блінкен: ЗША занепакоеныя «агрэсіяй» Расеі ў Данбасе і КрымеПрэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўбачыў у дзеяньнях Расеі на Ўсходзе Ўкраіны «намаганьні ціснуць падчас перамоваў аб прыпыненьні агню і міры як нашай каштоўнасьці».
У Пэнтагоне ЗША выказалі занепакоенасьць паведамленьнямі аб эскаляцыі на Ўсходзе Ўкраіны. Пытаньне бясьпекі на Ўсходзе Ўкраіны гучала і падчас тэлефонных размоў, якія правялі на гэтым тыдні са сваімі ўкраінскімі калегамі дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, старшыня камітэта кіраўнікоў штабоў ВС ЗША генэрал Марк Мілі і дарадца ў нацыянальнай бясьпецы ЗША Джэйк Салівэн.
У сераду Крэмль выказаў занепакоенасьць адносна сытуацыі на Ўсходзе Ўкраіны, заяўляючы, што «ўкраінскі бок можа аднавіць грамадзянскую вайну», піша Reuters.