Беларускі бізнэсовец Зінгман расказаў, што яго дапытвалі супрацоўнікі чатырох спэцслужбаў ДР Конга

Аляксандар Зінгман (зьлева) з прэзыдэнтам Зымбабвэ

Аляксандар Зінгман лічыць затрыманьне ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга сплянаванай акцыяй, але ня ведае, што стаіць за дэзынфармацыяй.

Ганаровага консула Зымбабвэ ў Беларусі затрымалі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга 19 сакавіка. Разам зь ім затрымалі італьянскага бізнэсоўца Паола Пэрсіка і гендырэктара кампаніі AFTRADE Алега Водчыца, якія прыляцелі адным самалётам зь Зінгманам. Прэс-канфэрэнцыя трансьлявалася зымбабвійскім тэлеканалам Sly Media Tv, паведамляе reform.by.

Зінгман сказаў, што яны сталі «ахвярамі дэзынфармацыі», а паведамленьні ў мэдыя пра тое, дзе іх абвінавачвалі ў датычнасьці да гандлю зброяй і падрыхтоўцы закалоту ў краіне — «поўнай лухтой».

Ён заявіў, што займаецца сельскагаспадарчым і горназдабыўным абсталяваньнем у некалькіх афрыканскіх краінах, і з гэтай мэтай прыехаў у ДР Конга. У краіне ён зьбіраўся сустрэцца і абмеркаваць пастаўкі сельскагаспадарчай тэхнікі для кампаніі мясцовага прадпрымальніка Маісэ Капэндэ, а потым вылецець у Зымбабвэ на наступны дзень. Капэндэ сустракаў у аэрапорце, але яго таксама затрымалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга затрымалі беларускага бізнэсоўца, блізкага да Лукашэнкі

Як расказаў Зінгман, на працягу 12 дзён іх дапытвалі прадстаўнікі чатырох спэцслужбаў ДР Конга. Ён сказаў, што за гэты час ня мог ні з кім зьвязацца. Пасьля допытаў і праверак спэцслужбы падрыхтавалі справаздачу, у якой паведамілі пра адсутнасьць прэтэнзій да Зінгмана і іншых, што яны ня маюць дачыненьня да гандлю зброяй і падрыхтоўкі вайскоўцаў.

31 сакавіка ўсіх затрыманых вызвалілі без прад’яўленьня абвінавачаньняў. Яны вылецелі ў Зымбабвэ. Зінгман лічыць, што апэрацыю сплянавалі загадзя, бо артыкулы пра гандаль зброяй зьявіліся ў прэсе адразу пасьля затрыманьня, а ў аэрапорце іх ужо чакалі. Ён дадаў, што ня ведае, хто стаіць за яго затрыманьнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Оптам і ў розьніцу. Зінгман, Конга і зброя зь Беларусі

Зінгман прызнаў, што падчас папярэдніх паездак ён двойчы сустракаўся з экс-прэзыдэнтам ДР Конга Жозэфам Кабілам на дзьвюх яго фэрмах, але абмяркоўваў пытаньні сельскай гаспадаркі, паколькі Кабіла — адзін з найбуйнейшых фэрмэраў у сваёй краіне.

Таксама Зінгман расказаў пра сваю дзейнасьць як ганаровага консула Зымбабвэ ў Беларусі і візыт прэзыдэнта Зымбабвэ Эмэрсана Мнангагвы ў Менск у 2019 годзе. Падчас гэтай паездкі пастаўкі зброі не абмяркоўваліся.

Па дадзеных беларускіх СМІ, сямʼя Аляксандра Зінгмана кіруе фэшэнэбэльным сталічным рэстаранам Falcone. Сам бізнэсовец быў неаднойчы заўважаны на фота з кіраўніком справамі прэзыдэнта Віктарам Шэйманам падчас ягоных паездак у Афрыку, а таксама з афрыканскімі партнэрамі — у ходзе іх візытаў у Беларусь. Вядома, што Шэйман па даручэньні Лукашэнкі зьяўляецца куратарам супрацоўніцтва з краінамі афрыканскага кантынэнту.

У гэтай сувязі пасьля арышту Зінгмана былі публікацыі, што ён нібыта зьяўляецца «кашальком Аляксандра Лукашэнкі». Але менскі ваенны экспэрт Аляксандар Алесін абвергнуў дадзеную інфармацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі: «Зінгмана вызвалілі, ён ні ў чым не абвінавачаны»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны гандаль зброяй: Беларусь — 19-я. Адной карцінкай