Як паведамляе «Голас Амэрыкі», Байдэн прадставіў свой плян падчас наведваньня Пітсбургу ў штаце Пэнсыльванія.
«Гэта найбуйнейшыя інвэстыцыі ў амэрыканскія працоўныя месцы з часоў Другой сусьветнай вайны. (Рэалізацыя пляну) створыць мільёны працоўных месцаў, добра аплатных працоўных месцаў», — падкрэсьліў прэзыдэнт ЗША.
Паводле яго слоў, Злучаныя Штаты аднаўленьне сваёй інфраструктуры «ня могуць адкладаць ні на хвіліну». Акрамя таго, інвэстыцыйны плян разьвіцьця інфраструктуры, як падкрэсьліў прэзыдэнт, дапаможа ЗША «выйграць глябальную канкурэнцыю» з Кітаем.
«Гэта ўнікальныя інвэстыцыі ў Амэрыку, адрозныя ад усяго, што мы бачылі ці рабілі, — сказаў Байдэн, выступаючы ў Пітсбургу. — Гэта вялікі (плян). Гэта сьмелы (плян). І мы зможам яго ажыцьцявіць».
Байдэн прапануе прафінансаваць інфраструктурныя праекты за кошт зьмяненьня падаткаабкладаньня для карпарацый, у тым ліку павысіць стаўку карпаратыўнага падатку з 21 да 28 працэнтаў.
Прэс-сакратар Белага дома Джэн Сакі заявіла, што адміністрацыя гатовая разгледзець розныя ідэі аб тым, як фінансаваць пакет, але занепакоенасьць станам нацыянальнай інфраструктуры падзяляюць прадстаўнікі ўсіх флянгаў палітычнага спэктру.
Рэспубліканцы ў Кангрэсе выказваюць нязгоду з плянам Байдэна павысіць падаткі, заяўляючы, што гэта нанясе шкоду амэрыканскім працоўным, замарудзіць эканамічны рост і зробіць амэрыканскія кампаніі менш канкурэнтаздольнымі на сусьветным рынку.
Высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі, які прадставіў агляд пляна перад выступам Байдэна, сказаў, што адна з асноўных задач ініцыятывы — «зрабіць інфраструктуру будучыні больш устойлівай да зьменаў клімату» з дапамогай такіх мер, як перавод аўтобуснага парку на электрычныя рухавікі і павышэньне даступнасьці электрамабіляў для кіроўцаў.
Крыніца таксама расказала, што Байдэн хоча выключыць з сыстэмы забесьпячэньня пітной вадой усе сьвінцовыя трубы і пашырыць шырокапалосны доступ у Інтэрнэт.
Іншая частка пляну накіраваная на дасьледаваньні і распрацоўкі ў такіх сэктарах, як акумулятары і паўправаднікі, а таксама на прафэсійную падрыхтоўку спэцыялістаў для гэтых галін.
Плян таксама прадугледжвае рамонт аўтамабільных трас і мастоў, мадэрнізацыю партоў, аэрапортаў і транспартных сыстэм, абнаўленьне электрасетак, будаўніцтва і рамонт жылых дамоў і камэрцыйных будынкаў, мадэрнізацыю школ і дашкольных устаноў і ўдасканаленьне бальніц для вэтэранаў.
Камэнтары заканадаўцаў
Плян разьвіцьця інфраструктуры, прапанаваны адміністрацыяй Байдэна, ужо пракамэнтавалі некаторыя заканадаўцы.
Сэнатар-дэмакрат Шэлдан Уайтхаўс, які ўваходзіць у склад сэнацкага Камітэту па праблемах навакольнага асяродзьдзя і грамадзкіх працаў, заявіў, што амэрыканская інфраструктура гатовая да мадэрнізацыі.
«У пляна „адбудаваць нанова і лепш“, прапанаванага прэзыдэнтам Байдэнам, ёсьць шмат добрых якасьцяў. Мне падабаецца, што (плян) сфакусаваны на мадэрнізацыі інфраструктуры... тое, што ён дастаткова маштабны, што дазволіць ствараць добра аплатныя працоўныя месцы і падымаць эканоміку адразу пасьля заканчэньня пандэміі», — заявіў Уайтхаўс.
Яшчэ адзін дэмакрат, Крыс Кунс, які прадстаўляе ў Сэнаце штат Дэлавэр, таксама вітаў плян прэзыдэнта Байдэна па аднаўленьні амэрыканскай інфраструктуры.
«З дапамогай гэтага пляну мы дапаможам амэрыканцам вярнуцца да працы, зможам стымуляваць нашу эканоміку і... ліквідаваць наступствы зьмены клімату», — заявіў сэнатар.
Крыс Кунс адзначыў, што ў плян адміністрацыі Байдэна былі ўнесены прапанаваныя ім раней ініцыятывы, у тым ліку законапраект аб разьвіцьці тэхналёгій улоўліваньня і захоўваньня вуглякіслага газу, стварэньне Грамадзянскага кліматычнага корпусу і разьвіцьцё чыгуначнай сыстэмы Amtrak.
Рэспубліканцы, наадварот, скептычна адгукнуліся аб новай ініцыятыве адміністрацыі Байдэна.
«Калі гэта прывядзе да значнага павелічэньня падаткаў і трыльёнаў росту дзяржаўнага доўгу, (прыняцьце пляна) малаверагодна», — заявіў Мітч Макконэл, лідэр рэспубліканскай меншасьці ў Сэнаце. Напярэдадні Байдэн патэлефанаваў Макконэлу, каб праінфармаваць яго аб сваёй прапанове.