Арцём (імя зьмененае. — РС) цяпер праходзіць за мяжой рэабілітацыю пасьля жнівеньскіх траўмаў. Яго паранілі каля стэлы — гумовымі кулямі і сьвятлашумавымі гранатамі.
Марыў быць юрыстам — на сабе пазнаў, што такое прававы дэфолт
Аб прававым дэфолце ў Беларусі Арцём задумаўся яшчэ 16 гадоў таму. Ён вучыўся на юрыдычным факультэце, пісаў курсавую працу пра Канстытуцыйны суд. Кажа, што ў 1990-х КС мог прызнаваць законы неадпаведнымі Канстытуцыі і касаваць іх. Ягоныя рашэньні былі абавязковымі для выкананьня. Потым рашэньні КС перасталі выконвацца.
У нулявых, як мяркуе Арцём, пачаўся прававы дэфолт, адна з прыкмет якога — парушэньне прынцыпу зьмяняльнасьці ўлады. Гаворка ідзе пра рэфэрэндум, які дазволіў прэзыдэнту зноў і зноў выбірацца на пасаду кіраўніка краіны.
Юрыдычны факультэт Арцём ня скончыў. Сам лічыць, што так адбылося з прычыны ягонай актыўнай грамадзянскай пазыцыі, якая не супадала з «адзіным правільным кірункам» дзейнай улады.
«Тады, у нулявых, хоць і лічылася, што міліцыя і пракуратура апрыёры працуюць „добра“, але калі справа даходзіла да суду, які тады быў больш-менш незалежны, то суд, бачачы справу, шытую белымі ніткамі, мог прымяніць артыкул 70 Крымінальнага кодэксу. Гэта значыць — прызначыць пакараньне мякчэйшае, чым паводле артыкула, па якім абвінавацілі. Цяпер гэты артыкул адышоў у нябыт, і суды яго не прымяняюць», — разважае мянчук.
У нулявых Арцём працаваў сакратаром суду і бачыў на ўласныя вочы, што такое беларускае правасудзьдзе. Але калі вярнуўся ў суд у 2020-м — валянтэрам ад «Вясны», то зразумеў, што такое сапраўдны прававы дэфолт.
«У верасьні я стаў валянтэрам „Вясны“, каб хадзіць на суды, зьбіраць зьвесткі, дапамагаць людзям атрымаць інфармацыю пра сваіх блізкіх. „Вясна“ — тая арганізацыя, якая дапамагла спыніць прававы дэфолт, вярнуць права — на інфармацыю, на галосны і аб’ектыўны разгляд справы», — кажа суразмоўца.
«Засакрэчаныя сьведкі ў адміністрацыйных справах. Сьведкі — міліцыянты са зьмененымі дадзенымі. У раскладзе не зьмяшчаюць сьпіс спраў. Не супадаюць час і месца зьдзяйсьненьня правапарушэньня. Людзей садзяць у турму за сьцягі, за рукавічкі, за шкарпэткі — і гэта ўсё трактуецца як пікет. Супрацоўнікі ДАІ і міліцыі перакрываюць рух на вуліцах, але потым людзей абвінавачваюць, што яны блякавалі дарогі! Ніводнай справы за гвалт над людзьмі. Гэта ўжо ня суд, а інквізыцыя», — тлумачыць Арцём.
Ён фіксаваў, што рашэньні суду выносіліся пад капірку, што ў крымінальных справах проста зьмянялі прозьвішчы людзей і штампавалі прысуды. Калі Арцём пачаў казаць пра гэта адкрыта, у тым ліку для СМІ, заўважыў вакол сябе актыўнасьць «невядомых». Ім зацікавіліся органы.
«Невядомыя людзі круціліся каля майго дому. На мяне зьбіралі характарыстыку, потым пачалі выклікаць на допыты», — кажа жыхар Менску.
Ён кажа, што ніколі ня думаў, што вернецца ў суд, дзе раней працаваў. «Я перасіліў свой страх і застаўся ня проста параненым чалавекам, а пайшоў валянтэрам, каб дапамагаць людзям, адказваць на іх пытаньні, дапамагаць шукаць адвакатаў, абскарджваць рашэньні. Я разумеў, што мяне могуць арыштаваць у любы момант, але вырашыў рабіць тое, што магу», — тлумачыць жыхар Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па «польскай справе» арыштавалі пяцёх чалавек. Расказваем, хто гэтыя людзі«У нас, беларусаў, няма гену гвалту»
На момант выбараў 9 жніўня Арцём працаваў у фірме па дастаўцы ежы. Зьбіраўся адкрыць сваю кампанію, бо лічыць гэта пэрспэктыўным кірункам.
«Але свой бізнэс цяжка мець ва ўмовах несвабоднай эканомікі. Таму пэўныя надзеі я меў на перамены ў краіне. Што будзе новы прэзыдэнт, зьменяцца законы, людзі будуць мець роўныя магчымасьці. Я пачуў, што адзін чалавек набраў 80%, і быў абураны — паехаў на стэлу. Я ніколі ня бачыў столькі шчасьлівых людзей разам у адным месцы! Людзі сапраўды аб’ядналіся. Тым часам я яшчэ з канца лета міжволі назіраў за трэніроўкамі міліцыянтаў. Я жыву побач з навучальным цэнтрам МУС. Яны апраналі бронекамізэлькі, шаломы, дзяліліся на дзьве групы, станавіліся ў счэпкі і „мясілі“ адны адных. Я назіраў, як яны станавіліся ў кола, больш за дзесяць чалавек, і зьбівалі тых траіх, хто быў у цэнтры. Так яны рыхтаваліся зьбіваць людзей», — узгадвае Арцём.
На стэле ноччу ён адчуў сьвяточную атмасфэру, людзі запалілі ліхтарыкі на тэлефонах, «утварылі такое зорнае неба».
«Там нарадзіўся лёзунг: „Выйдзі, палічы!“. Так выгуквалі людзі. Насамрэч гэта быў і ня лёзунг, а просьба. Каб нас убачылі, пачулі, што нас — большасьць, нас — шмат. Былі проста рэкі людзей, якія сьцякаліся. І потым пачаліся выбухі з боку Вясьнянкі. Людзі пабеглі. Потым нас пачалі закідваць сьвятлашумавымі гранатамі. Мы проста не разумелі, што адбываецца. Як можна так зь мірнымі людзьмі? Як можна было паверыць, што беларус будзе страляць у беларуса, і гэта будзе „законна“? Тым больш стэла — гэта месца для сьвятаў. Там няма нейкіх будынкаў, якія тэарэтычна маглі б захапіць пратэстоўцы. Навошта было страляць у людзей? Я бачыў, што ў людзей не было агрэсіі, нават у адказ на дзеяньні сілавікоў. У нас, я так думаю, няма гену гвалту. Бо ў іншых краінах пасьля такіх дзеяньняў сілавікоў рэалізаваўся б зусім іншы сцэнар», — разважае жыхар Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы проста хацелі падзякаваць лекарам». Санстанцыя і МНС дачасна прыкрылі выставу пра гераізм мэдыкаўГранаты, кулі, раненьні — і страх зьвярнуцца па мэдычную дапамогу
На стэле Арцём атрымаў раненьне ў шыю гумовай куляй.
«Я ведаў, што нельга ж па законе прымяняць зброю вышэй поясу. Але пасьля раненьня ў шыю атрымаў і кулю ў грудзіну. Пасьля ў нагу прыляцелі аскепкі сьвятлашумавой гранаты», — расказвае Арцём.
Ён кажа, што было шмат цяжкапараненых, хуткія не маглі забраць усіх, ды яшчэ і міліцыя перашкаджала мэдыкам.
Ад знаёмых адвакатаў ён пачуў, што ў шпіталь па мэдычную дапамогу лепш не зьвяртацца. Таму два тыдні спрабаваў лячыцца сам.
«Але нага пачала апухаць, немагчыма было хадзіць, і я зьвярнуўся ў шпіталь хуткай дапамогі. Мне там штодня ўскрывалі раны, чысьцілі іх, выдалялі аскепкі. У мяне былі параненыя шыя, рука, тулава, і апёкі нагі ад гранаты, якая выбухнула проста каля мяне. Быў дыягназ: „Выбуховая траўма, раненьні ад аскепкаў“. Пазьней на фоне стрэсу ў мяне пачаліся праблемы са скурай, і яшчэ два месяцы я лячыўся», — расказаў жыхар Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Берасьцейцам прысудзілі па 3 гады «хіміі» за пудзілаФонды дапамаглі — а дзяржава забрала грошы
Арцём зьвярнуўся па дапамогу ў фонд By_Help і атрымаў грашовую дапамогу на лячэньне. Але ягоны рахунак арыштавалі «на патрабаваньне Цэнтральнага апарату СК».
«Натуральна, з парушэньнем закону, бо на мяне не распачыналі крымінальнай справы. Я пісаў скаргі і дабіўся таго, каб разблякавалі рахунак. І гэта была мая адзіная перамога», — зазначыў малады чалавек.
Потым яго пачалі турбаваць з Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю.
«Мной цікавіліся, як яны сказалі, у сувязі з Аляксеем Лявончыкам (сузаснавальнік фонду дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій By_Help. — РС) і Сьвятланай Ціханоўскай. Нібыта я сьведка па нейкай справе. Я хадзіў на допыты ў сярэдзіне сакавіка. Але пасьля абсурдных пытаньняў, якія мне там задавалі, якія ніяк ня тычыліся асабіста мяне, я зразумеў, што заставацца ў Менску небясьпечна. Бо сёньня ты сьведка, а заўтра цябе „закрыюць“. Я зразумеў, што мне нарэшце трэба заняцца сваім здароўем, аднавіць яго», — кажа Арцём.
Ён вырашыў, што ў іншай краіне яму будзе больш бясьпечна, чым у Беларусі.
«Пакуль я буду лячыцца і аднаўляцца. Можа, падумаю пра тое, каб скончыць адукацыю ў іншай краіне. Вяртацца мне дахаты цяпер небясьпечна. Я мару, што ўсе злачынствы некалі расьсьледуюць. Гэтая сыстэма пабудаваная на маўчаньні і страху. І каб яе разбурыць, нельга маўчаць і баяцца», — дадаў Арцём.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор запрасіў 3 гады калёніі блогерам Кабанаву і Пятрухіну