2 красавіка пачнецца працэс далучэньня «Ідэя Банку» да «МТБанку», канчаткова ён завершыцца да канца 2021 году. Аб’яднаны банк будзе працаваць пад брэндам «МТБанк», гаворыцца на сайце банку-пакупніка.
Усе паслугі «Ідэя Банку» у пераходны пэрыяд застануцца даступныя кліентам у поўным аб’ёме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка надаў кампаніі ўладальніка «Табакерак» статус спэцімпартэра тытунёвай сыравіныЗАТ «МТБанк» заснавалі ў 1994 годзе. У 2015 годзе яго купіў адзін з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксей Алексін. Ён таксама быў вядомы як уласьнік кампаніі «Энэрга-Ойл», якая займаецца тытунёвым, банкаўскім, нафтавым, гатэльным, лягістычным ды іншымі бізнэсамі. Гэтай кампаніі дазволілі паставіць сотні кіёскаў «Табакерка» па ўсёй краіне.
Пасьля пагрозы ўвядзеньня санкцый супраць Аляксея Алексіна ў 2020 годзе ён выйшаў з складу ўласьнікаў «Энэрга-Ойл» і «Белнафтагазу». Асноўнымі акцыянэрамі «МТБанку» цяпер запісаныя ягоныя сыны Віталь і Дзьмітры і іхная маці Іна — яны валодаюць больш як 99% акцый банку.
«МТБанк» займае 10-е месца ў банкаўскай сыстэме Беларусі аб’ёмам актываў (1671 млн рублёў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад тытунёвую фабрыку ўплывовага бізнэсоўца зьмянілі межы Менску, — Tut.byЗАТ «Ідэя Банк» займаў 17-е месца ў банкаўскай сыстэме краіны аб’ёмам актываў (441 млн рублёў). Польскі фінансавы холдынг Getin Holding S.A. купіў 75% акцый беларускага «Сомбелбанку» ў 2008 годзе, у выніку рэбрэндынгу паўстаў «Ідэя Банк» (Idea Bank). Летась Getin Holding пачаў перамовы аб продажы банку.
Хто стаіць за экспансіяй «Табакерак»
У кастрычніку 2018 году Tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміў, што кампанія «Энерга-Оіл», падкантрольная аднаму з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксею Алексіну, створыць у краіне амаль 2500 гандлёвых пунктаў продажу цыгарэт, у тым ліку 500 у Менску.
Паводле крыніц, выканкамы мусяць без аўкцыёну перадаць у арэнду інвэстару зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўваньня гандлёвых аб’ектаў.
У сьнежні 2017-га Лукашэнка даручыў Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках.
Ад жніўня 2018 году «Энерга-Оіл» — адзіны апэратар продажу вырабаў Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».
«Энэрга-Оіл» — другі імпартэр цыгарэт у Беларусь. Раней права ўвозіць цыгарэты ў краіну меў толькі «Беларусьгандаль» Упраўленьня справамі прэзыдэнта.
У рэйтынгу часопіса «Ежедневник» Аляксей Алексін займаў 4-е месца сярод самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў 2019 году. У ліку ягоных актываў былі беларускія «Белнафтагаз» і «Энерга-Оіл» (займаецца ня толькі нафтай, але і гатэльным, банкаўскім і тытунёвым бізнэсам), літоўская Neonafta ды іншыя нафтавыя кампаніі, МТБанк, маладэчанская мясная кампанія «Вялес-Міт», шэраг аб’ектаў нерухомасьці, лягістычныя кампаніі ў Беларусі і гандлёвыя фірмы ў Латвіі ды іншае. Да 2012 году быў партнэрам Юрыя Чыжа.
Пасьля пагрозы ўвядзеньня санкцый супраць Аляксея Алексіна ў 2020 годзе ён выйшаў з складу ўласьнікаў «Энэрга-Ойл» і «Белнафтагазу». Асноўнымі акцыянэрамі «МТБанку» цяпер запісаныя ягоныя сыны Віталь і Дзьмітрый і іх маці Іна — яны валодаюць больш як 99% акцый банку.