Саюз эўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЭФА) дазволіў мясцовым органам улады самастойна прымаць рашэньні аб запаўняльнасьці трыбун на футбольных турнірах, якія праходзяць пад яго эгідай, паведаміла прэс-служба арганізацыі.
Выканаўчы камітэт УЭФА перагледзеў рашэньне ад 1 кастрычнiка 2020 году, калі ён дазволіў вярнуць гледачоў на матчы толькі ў колькасьці 30% ад умяшчальнасьці стадыёна. Цяпер выканкам палічыў, што такое абмежаваньне больш не патрабуецца. Раней на шэрагу матчаў трыбуны былі зусім пустымі.
«Паколькі эпідэмічная сытуацыя ў 55 нацыянальных асацыяцыях УЭФА значна адрозьніваецца, рашэньне аб дапушчальнай колькасьці гледачоў мусяць прымаць выключна належныя органы мясцовай і/або дзяржаўнай улады», — паведаміла прэс-служба.
Разам з гэтым застаецца забарона на прыезд заўзятараў каманды, якая будзе гуляць у гасьцях. Абмежаваньне будзе дзейнічаць як мінімум да фіналаў эўрапейскіх кубкаў — Лігі чэмпіёнаў і Лігі Эўропы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цяперашняя палітыка вядзе ў тупік». Футбольны фанат аб рашэньні байкатаваць матчы чэмпіянату Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра хакей мы больш ня пішам». Вялікая гутарка з галоўным рэдактарам «Трыбуны» Алегам Гаруновічам