31 сакавіка парлямэнт Малдовы прагаласаваў за абвяшчэньне надзвычайнага стану, каб спыніць высокія тэмпы пашырэньня чарговай хвалі каранавірусу. 52 дэпутаты з 101 прагаласавалі за. Пры гэтым іх рашэньне асудзілі прыхільнікі прэзыдэнткі Маі Санду, якія лічаць, што такім чынам праўсходнія сілы шукаюць падставы для адмены датэрміновых парлямэнцкіх выбараў.
У дзейным парлямэнце краіны большасьць складаюць праўсходнія палітыкі, у прыватнасьці, сацыялісты пад кіраўніцтвам папярэдняга прэзыдэнта Ігара Дадона, якога адносяць да прарасейскіх сілаў.
Мая Санду раней заявіла, што падасьць у Канстытуцыйны суд зварот аб роспуску гэтага складу дэпутатаў. На думку прэзыдэнткі, цяпер парлямэнцкая большасьць працуе супраць народу, апэруе карупцыйнымі схемамі, у тым ліку ад гэтага позьніцца закупка Малдовай вакцын ад каранавірусу.
Па стане на вечар 30 сакавіка ў Малдове былі 228 370 зафіксаваных выпадкаў COVID-19 і 4915 сьмерцяў ад гэтай хваробы. Прэм’ер-міністар Аўрэлію Чакой заявіў, што колькасьць хворых вырасла да 635 чалавек на 100 тысяч насельніцтва за апошнія паўмесяца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Малдовы ініцыюе роспуск парлямэнту. «Мы паўстанем перад судом грамадзян» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова першай у Эўропе атрымала вакцыну ад COVID-19 AstraZeneca бясплатна ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Румынскі палітоляг пра Чаўшэску, Лукашэнку і дзьве галоўныя парады беларусам