«Украінскі бок можа пайсьці на правакацыйныя дзеяньні, якія прывядуць да вайны. Вядома, не хацелася б гэта ўбачыць», — прыводзіць словы Пяскова агенцтва «Інтэрфакс».
На пытаньне, ці дапускаюць у Крамлі ўдзел расейскай арміі ў ваенных дзеяньнях на баку так званай «Данецкай народнай рэспублікі», Пяскоў адзначыў, што мае на ўвазе «грамадзянскую вайну», якая, на яго думку, у Данбасе і была.
Раней галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Ўкраіны Руслан Хомчак паведаміў пра тое, што Расея дадаткова перакінула да ўсходняй мяжы краіны каля чатырох тысячаў вайскоўцаў. Гаворка ідзе пра батальённыя тактычныя групы, якія, паводле дадзеных штабу УСУ, прыведзеныя ў стан баявой гатовасьці. Украінскія СМІ паведамілі таксама аб перакіданьні да межаў расейскай ваеннай тэхнікі.
26 сакавіка непадалёк ад населенага пункту Шумы Данецкай вобласьці ў выніку мінамётнага абстрэлу з боку прарасейскіх сэпаратыстаў загінулі чацьвёра ўкраінскіх вайскоўцаў, яшчэ двое параненыя. Украінскія ўлады і ўлады так званай ДНР абвінавацілі адны адных у эскаляцыі канфлікту.
Збройны канфлікт у Данбасе пачаўся вясной 2014 году, пасьля анэксіі Расеяй Крыму. За час ваенных дзеяньняў загінулі, паводле розных зьвестак, ад пяці да дзесяці тысяч чалавек. У 2015 годзе былі заключаныя Менскія пагадненьні аб урэгуляваньні канфлікту. Яны, аднак, практычна не выконваюцца. Украіна і краіны Захаду абвінавачваюць Расею, што тая бярэ непасрэдны ўдзел у канфлікце ў Данбасе, у тым ліку выкарыстоўвае свае ўзброеныя сілы і тэхніку. У Крамлі гэта адмаўляюць, заяўляючы, што «Расея Данбас ня кіне».