Мэркель і Макрон абмеркавалі з Пуціным імпарт вакцыны «Спутнік V»

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель ў аўторак абмеркавалі з Уладзімірам Пуціным магчымае выкарыстаньне ў сваіх краінах вакцыны «Спутнік V».

Пра гэта паведамляе Politico са спасылкай на заяву ўрадаў гэтых краінаў.

Адпаведную тэму эўрапейскія лідэры абмеркавалі з расейскім прэзыдэнтам на відэаканфэрэнцыі ў аўторак. Цяпер Эўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў (EMA) вывучае заяўку Расеі на праверку яе прэпарату. Парыж і Бэрлін выказваюць гатовасьць імпартаваць «Спутнік V» у выпадку станоўчага адказу рэгулятара.

Разам з тым аўстрыйскія ўлады, як выглядае, вырашылі не чакаць агульнаэўрапейскай інстанцыі і маюць намер замовіць партыю расейскай вакцыны ўжо на наступным тыдні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЭЗ працягваюцца спрэчкі пра стратэгію вакцынацыі

«Спутнік V» выклікаў спрэчкі сярод эўрапейскіх урадаў. Некалькі краінаў вырашылі закупіць прэпарат без папярэдняй праверкі эўрапейскім агенцтвам, тады як большасьць выказалі недавер і вырашылі дачакацца як мінімум афіцыйнага заключэньня нагляднага органу ЭЗ.

Кіраўніца Эўрапейскай камісіі Ўрсуля фон дэр Ляен у мінулым месяцы заклікала Маскву растлумачыць, чаму тая мае намер экспартаваць мільёны дозаў, тым часам як тэмпы вакцынацыі ўнутры самой Расеі сур’ёзна адстаюць ад адпаведных паказьнікаў у ЭЗ і ЗША.

Цяпер толькі каля 7 працэнтаў расейцаў атрымалі першую дозу, тым часам як у ЭЗ гэты паказьнік дасягае 12 працэнтаў, у Амэрыцы перавысіў 30 працэнтаў, у Брытаніі першай дозай вакцынаваны кожны другі паўналетні, а ў Ізраілі больш за палову насельніцтва атрымалі дзьве дозы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон і Мэркель у перамовах з Пуціным выступілі за свабодныя выбары ў Беларусі

Разам з тым эўрапейскія прыхільнікі «Спутніка V» усё часьцей спасылаюцца на затрымкі з пастаўкамі нямецкага і брытанскага прэпаратаў. Вугоршчына і Славаччына пачалі атрымліваць дозы расейскіх вакцын, не чакаючы ўхваленьня EMA.

Раней у гэтым месяцы Расейскі фонд прамых інвэстыцый падпісаў пагадненьне аб вытворчасьці дозаў «Спутніка V» у Італіі. Для расейскага боку гэта першая такая ўгода ў Эўропе. Цяпер расейскі «Спутнік V» вырабляецца ў Індыі і ў Паўднёвай Карэі. У самой Расеі вытворчых магутнасьцяў не хапае або і зусім няма.

Шэраг заходніх урадаў, уключаючы ЗША і Літву, абвінавачваюць расейскія ўлады ў тым, што яны выкарыстоўваюць «Спутнік V» як «зброю гібрыднай вайны» з мэтай расколу эўраатлянтычнага адзінства. У Маскве адмаўляюць абвінавачаньні і настойваюць на тым, што місія носіць выключна «гуманітарны» характар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэркель прызнала памылковым і адмяніла рашэньне наконт абмежаваньняў на Вялікдзень