11 лютага дахаты да 24-гадовага жыхара Ждановічаў прыйшлі зь міліцыі. Хлопец апавёў Tut.by, што ў яго кватэры правялі агляд і канфіскавалі кнігу Зьмітра Лукашука «Беларуская нацыянальная ідэя», якую ён купіў у сьнежні ў «Акадэмкнізе».
31 сакавіка яго выклікалі ў міліцыю і выдалі позву ў суд за парушэньне артыкулу 19.11 КаАП (Распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці ці прапагандуе такую дзейнасьць).
У міліцэйскім пратаколе сказана, што ён «у пэўна неўстаноўлены час, але не пазьней за 21 гадзіну 21 хвіліну 11 лютага 2021 году» «ажыцьцявіў захоўваньне кнігі», у якой знайшлі «прыкметы праявы экстрэмізму», пры гэтым міліцыя спасылаецца на заключэньне Менскай абласной экспэртнай камісіі ад 4 сакавіка 2021 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд прызнаў кнігу «Белорусский Донбас» экстрэмісцкайУ рэспубліканскім сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя» па стане на 31 сакавіка кнігі няма. У Беларусі матэрыялы прызнаюцца экстрэмісцкімі па рашэньні суду.
Кніга «Беларуская нацыянальная ідэя» выйшла ў друк у 2020 годзе. У яе ўвайшлі размовы з праграмы «Ідэя Х» на «Еўрарадыё», якую вядуць Зьміцер Лукашук і Максім Гаруноў. Іх суразмоўцы — філёзафы, літаратары, музыканты, мастакі, дыпляматы, гісторыкі, айцішнікі. У кнізе 85 інтэрвію, 600 старонак. У кнізе журналісты спрабавалі высьветліць, якая яна — беларуская нацыянальная ідэя, і ці ёсьць яна наогул, тлумачыць «Еўрарадыё».
У канцы сакавіка суд прызнаў экстрэмісцкай кнігу «Беларускі Данбас» — журналісцкае расьсьледаваньне Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша пра ўдзел беларусаў у вайне на ўсходзе Ўкраіны, ролю беларусаў у ім і ўплыў канфлікту на Беларусь, ролю спэцслужбаў і самога Аляксандра Лукашэнкі. Прэзэнтацыя кнігі ў Беларусі прайшла 19 лютага ў амбасадзе Ўкраіны ў Менску, на ёй прысутнічаў амбасадар Украіны Ігар Кізім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу за ўвоз кнігі «Беларускі Данбас» вярнулі на дапрацоўку