Урад Украіны дэнансаваў турыстычнае пагадненьне з Расеяй

Кабінэт міністраў Украіны на пасяджэньні ў сераду прыняў рашэньне дэнансаваць пагадненьне з урадам Расеі аб супрацоўніцтве ў сфэры турызму, паведаміў на старонцы ў Telegram прадстаўнік ураду ў парлямэнце Васіль Мокан.

«Гэтае пагадненьне прапануецца спыніць у сувязі з артыкулам 18 Закону Ўкраіны „Аб міжнародных дамовах Украіны“, які прадугледжвае такую магчымасьць, калі рэалізацыя дамовы можа нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Украіны ў адпаведнасьці зь міжнародным правам», — сказаў Мокан.

Паводле яго, Міністэрству замежных спраў Украіны даручана паведаміць расейскаму ўраду аб скасаваньні пагадненьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыштаванага ў Крыме пазаштатнага карэспандэнта Радыё Свабода маглі катаваць токам

У тлумачальнай запісцы да праекту рашэньня гаворыцца, што пагадненьне спыняецца «ў сувязі са збройнай агрэсіяй Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны».

«Фактычнае супрацоўніцтва ў гэтай галіне з краінай-агрэсарам спынена, і пэрспэктываў такога супрацоўніцтва ў будучыні няма», — сказана ў дакумэнце.

Пасьля акупацыі Крыму і збройнай агрэсіі на Данбасе Кіеў паступова выходзіць з дамоваў і пагадненьняў з Расеяй, якая прызнаная ва Ўкраіне краінай-агрэсарам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея дэпартуе з анэксаванага Крыму ўкраінцаў, якія ня маюць расейскіх пашпартоў