«Рашэньнем рады Менскай абласной калегіі адвакатаў ад 31 сакавіка я выключаны з калегіі адвакатаў. Цяпер я не магу ажыцьцяўляць адвакацкую дзейнасьць», — паведаміў Сяргей Зікрацкі парталу Tut.by.
Пра пасяджэньне аб выключэньні, прызначанае на 31 сакавіка, Зікрацкі пісаў у фэйсбуку 29 сакавіка.
«Даведаўся, што маё выключэньне з калегіі адвакатаў вырашылі паскорыць. У папярэдніх выпадках непраходжаньня атэстацыі калегія адвакатаў чакала, пакуль міністэрства спыніць дзеяньне ліцэнзіі, а толькі потым выключала адваката. Цяпер жа калегія адвакатаў вырашыла быць першай. Міністэрства юстыцыі маю ліцэнзію яшчэ не забрала, але пасяджэньне аб выключэньні мяне з калегіі адвакатаў заплянавана ўжо на 31 сакавіка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да 2020 году я казаў, што буду займацца толькі бізнэсам». Вялікая гутарка з адвакатам Сяргеем Зікрацкім, у якога забіраюць ліцэнзіюАдвакаты ў Беларусі плянава праходзяць атэстацыю раз на 5 гадоў. Зрабіць гэта можна як у Кваліфікацыйнай камісіі ў Міністэрстве юстыцыі, так і ў тэрытарыяльных калегіях. Большасьць адвакатаў робіць гэта акурат у калегіях.
Сяргея Зікрацкага 24 сакавіка ў Міністэрства юстыцыі выклікалі на пазачарговую атэстацыю, бо чарговую ён мусіў праходзіць толькі ў 2023 годзе. Прычынай, па яго словах, сталі камэнтары ў СМІ.
Першы камэнтар быў дадзены парталу Onliner з нагоды візытаў міліцыянтаў у Новую Баравую. Другі выпадак датычыў камэнтару Зікрацкага пасьля прысуду Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Трэцяя прэтэнзія чыноўнікаў да Сяргея Зікрацкага датычылася паста ў фэйсбуку, які перадрукавала адно з выданьняў. На момант размовы ў Міністэрстве юстыцыі пост ужо быў выдалены. Але ў ім чыноўнікі нібыта ўбачылі заклік выходзіць на мірныя шэсьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нідэрляндзкі фонд Lawyers for Lawyers і Таварыства юрыстаў Англіі і Ўэльса заклікалі Мін'юст Беларусі спыніць умяшаньне ў працу адвакатаў