30 сакавіка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду наконт пераразьмеркаваньня паўнамоцтваў. На ёй ён заявіў, што неабходна захаваць моцную прэзыдэнцкую ўладу.
«У прэзыдэнта застануцца асноўныя паўнамоцтвы, якія могуць уплываць на любое рашэньне зьнізу даверху. Дзе б ні быў Лукашэнка, які б ні быў тут прэзыдэнт, ён будзе кіраўніком дзяржавы з моцнымі паўнамоцтвамі, бо калі мы „разбавім“ будучага прэзыдэнта (не мяне гэта тычыцца), маюцца на ўвазе паўнамоцтвы найперш, краіне ня быць, яна зьнікне», — заявіў Лукашэнка.
Ён падкрэсьліў што прэзыдэнт і далей будзе галоўным у тых сфэрах, «дзе вырашаюцца найважнейшыя пытаньні для любога жыхара, субʼекта гаспадараньня і дзяржавы ў цэлым».
Лукашэнка таксама сказаў, што яго ў першую чаргу хвалюе, ці гатовыя тыя, хто хоча дадатковых паўнамоцтваў, да іх рэалізацыі. Бо гэта «нагрузка, дадатковая адказнасьць».
Ён таксама не хацеў бы, каб у кожным рэгіёне ўтварылася свая практыка прыняцьця рашэньняў.
Канчаткова вызначыцца з разьмеркаваньнем паўнамоцтваў Лукашэнка даручыў «цягам гэтага году», каб потым правесьці рэфэрэндум аб новай Канстытуцыі.
Лукашэнка разам з тым заявіў, што Канстытуцыю зьбіраюцца памяняць не для разьмеркаваньня паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады.
«Для пераразьмеркаваньня паўнамоцтваў, нават вялікіх паўнамоцтваў, Канстытуцыю мяняць ня трэба. Мы яе мяняем зь іншых прычынаў, — перадае словы Лукашэнкі БелТА. — Да таго, як правесьці зьмены ў Канстытуцыі, мы пераразьмяркуем паўнамоцтвы, каб ня думалі, што ўсё засяроджана ў руках прэзыдэнта і ён прымае ўсе рашэньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці магчымы міжнародны трыбунал для рэжыму Лукашэнкі? Адказвае дырэктарка Маскоўскай Хэльсынскай групы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары пасьля Лукашэнкі. Прадстаўнік Ціханоўскай расказвае, як правядуць новыя выбары не па-ярмошынску ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якая Канстытуцыя патрэбная Беларусі — дыскутуюць Баграцоў і Пастухоў