Дата, калі быў зроблены запіс, не называецца.
На аўдыё чалавек, якога BYPOL называе начальнікам упраўленьня наркакантролю і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі ГУУС Менгарвыканкаму палкоўнікам Аляксандрам Сазонавым, размаўляе з падначаленымі. Ён кажа, што пратэстоўцы ў Менску пасьля выбараў першымі пачалі ўжываць сілу супраць міліцыі, а пасьля гэтага міліцыі «аддалі каманду хапаць усіх».
У выніку, паводле яго, было непазьбежна, што затрымлівалі выпадковых людзей. «Гэта як на вайне. На вайне таксама не разьбярэш, хто свой, а хто чужы».
Тое, што пратэстоўцы не ўжываюць гвалту супраць міліцыі, прамоўца патлумачыў хітрай тактыкай: «Яны адзін аднаму дапамагаюць, ваду прывозяць. Яны ўсе ветлівыя, радасныя. Вырашылі паказаць што? Што ўлада — гэта чорнае. Гэта трэба паказаць. Яны не гавораць пра барыкады, яны ня кажуць, хто быў на барыкадах».
Некаторыя з падначаленых пярэчаць, а завяршаецца запіс словамі некага зь меркаваных супрацоўнікаў міліцыі: «Таварыш палкоўнік, сэкунду. Іх больш, іх больш. Яны дзяржава, іх больш».
- 29 сакавіка Генэральная пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу за падрыхтоўку акту тэрарызму на Сьвятлану Ціханоўскую і ініцыятыву BYPOL.
- Днямі МУС Беларусі заявіла, што ў Печах пад Барысавам апэратыўнікі ГУБАЗіК затрымалі 35-гадовага жыхара Пінскага раёну, які нібыта рыхтаваў два тэрарыстычныя акты — у мясцовай вайсковай частцы і ў Менску. Там дадалі, што «сьляды вядуць у BYPOL», зь якой затрыманы падтрымліваў шчыльную сувязь.
- У сваю чаргу, ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў назвала заяву МУС «абсурднай», бо яшчэ 24 сакавіка яны атрымалі інфармацыю аб падрыхтоўцы ўладамі тэракту, які дазволіць абгрунтаваць увядзеньне надзвычайнага становішча.
- Паводле BYPOL, 25 сакавіка ў рамках пляну дыскрэдытацыі пратэставага руху Камітэт дзяржбясьпекі рыхтаваў тэракт у адным з будынкаў органаў унутраных спраў.