Пагаварылі з прадусаркай, кінавытворцай і сьпявачкай Воляй Дземкай. Даведаліся, як прыйшла ідэя зьбіраць калекцыю традыцыйнага беларускага адзеньня канца XIX — пачатку XX стагодзьдзя, а потым паводле яе яшчэ стварыць каталёг; як утварыўся гурт VOLYA і здымаўся фільм «Песьні старой Эўропы», і навошта ўсё гэта пасьпяховай дзяўчыне, якая жыве ў Амэрыцы.
«Я ня ведаю, як можна было ў Сіэтле нахапаць такіх зорак»
Дзейнасьць Волі Дземкі шмат у чым зьвязаная з гуртом VOLYA. Разам зь сяброўкамі з гурту яна сьпявае, зьбірае строі, зрабіла каталёг і зьняла фільм.
У Беларусі Воля сьпявала ў гурце «Гуда». Пасьля пераезду ў Штаты пачала сьпяваць у расейскім калектыве, дзе пазнаёмілася з Вольгай Сухавер і Дарынкай.
«Аднойчы да мяне падышоў Вольжын муж і спытаў, чаму я сьпяваю ў расейскім гурце, а не хачу зрабіць беларускі. А я і падумала, а сапраўды, чаму? Недзе з 2009 году мы пачалі сьпяваць з Вольгай удзьвюх, потым да нас далучылася Дарынка, якая нарадзілася ў Баўгарыі, але вырасла ў Расеі. Яна таксама сьпявае ў гэтым расейскім гурце, але скончыла магістратуру ў Санкт-Пецярбургу па этнаграфіі. Яе навуковы кіраўнік якраз займаўся беларускімі песьнямі, і таму Дарынка сьпявала і вывучала колькі гадоў менавіта беларускі фальклёр», — кажа Воля Дземка.
Потым да гурту далучыся скрыпачка Раіса Асрыянц і Раіса Крык, якая сьпявае ў баўгарскім гурце.
«Памятаю, калі ўсе дзяўчаты з баўгарскага гурту пачалі сьпяваць, і яна асобна, я нібы свой голас пачула! Падышла тады да Раечкі і прапанавала далучыцца. Пазьней высьветлілася, што яе бабуля зь Беларусі, а дзед проста на мяжы з Палесьсем, з боку Украіны, але яна нарадзілася тут, у Амэрыцы».
У гурце ніхто не размаўляе па-беларуску, акрамя Волі, толькі сьпяваюць, але ўсе маюць нейкае дачыненьне да беларускай культуры ці беларускія карані.
«У нас усе зоркі зорныя, — сьмяецца Воля. — Дзяўчаты са ступенямі рознымі ў музыцы і этнаграфіі. Я ня ведаю, шчыра кажучы, як можна ў Сіэтле нахапаць такіх зорак і як гэта ўсё сышлося. І мы ўсе вельмі сябруем, што таксама ня часта здараецца ў музычных калектывах».
«Я гляджу і разумею, што гэта не russian і не dress»
Гісторыя збору строяў пачалася ў гурце — у сьпявачак ужо былі касьцюмы для выступленьняў, часткі якіх трапілі ад бабуль ці былі зробленыя імі самімі.
«Аднойчы я нешта шукала на Ebay і пабачыла неглюбскія ручнікі, якія былі падпісаныя, як „russian towel“, а побач кашуля, як „russian dress“. Я гляджу і разумею, што гэта не russian і не dress. Тады я напісала чалавеку, які ўсё гэта прадаваў, што гэта не расейскае, а неглюбскае ўсё. І ён сказаў, што гэта ягонай бабулі. Колькі ў яго не выпрошвала сказаць мне, зь якой вёскі і як звалі бабулю, каб проста ўшанаваць памяць майстрыхі, якая ўсё гэта вышыла і саткала, але ён упёрся рогам. І тады я нават ня думала, што буду рабіць каталёг! Карацей, ні прозьвішча няма, ні імя, але мы ведаем, што гэта Веткаўскі раён, можа, некалькі кілямэтраў ад той Неглюбкі», — расказвае Вольга.
Строй — тое, што «строіцца» на чалавеку, — кашуля, фартух, андарак, сукенка, намітка. Але бывае, што строі ў розных канцах вёскі могуць адрозьнівацца, зазначае Воля.
«Калі ж вёскі знаходзяцца вельмі блізка ад мяжы, расейскай ці ўкраінскай, то рэчы зь іх амаль немагчыма адрозьніць, толькі калі ты дакладна ведаеш, адкуль. І таму некаторыя рэчы, калі я знаходзіла, што яны памежныя, зьвязвалася з прадаўцамі і купляла ўкраінскія. Напрыклад, пад гэтую неглюбскую кашулю мы знайшлі чарнігаўскі гарсэцік».
«Каб людзі ведалі, якім мы валодаем багацьцем у Беларусі»
Некаторыя строі да Волі трапілі падчас здымкаў фільма «Песьні старой Эўропы», які дзяўчына пачала рыхтаваць, калі вучылася на апошнім курсе па кінавытворчасьці.
«У мяне вельмі доўга было такое пачуцьцё суму, бо мы сьпяваем, а тое, што беларускія песьні такія крутыя, ведае звычайна маленькае кола этнамузыколягаў. Хаця беларускія песьні лічацца найстаражытнейшымі на тэрыторыі Эўропы, якія захаваліся да нашага часу ў нязьменным стане і дагэтуль яшчэ выконваюцца жыхарамі вёсак. Гэта жывая традыцыя. І скажам, швэдзкія песьні ці нарвэскія былі занатаваныя раней, і яны таксама выдатныя, але няма ў іх ужо такога, як у нас: ад маці дачцэ, ад бабулі яе дачцэ ці ўнучцы, каб яно перадавалася проста вось так спакон вякоў. І я думала, як можна ўсім расказаць, каб людзі ведалі, якім мы валодаем багацьцем на Беларусі».
Воля кажа, што цяпер ёсьць нейкае няўважлівае стаўленьне да беларускіх песень.
«Паколькі песьні старажытныя, яны часта існуюць у сваіх вельмі старых ладах, і сучаснаму слухачу яны і незразумелыя, і нейкія няўтульныя, тыя ж самыя тэтратонікі, пэнтатонікі. Для таго, каб да іх прызвычаіцца, трэба крышачку іх паслухаць. А мы прызвычаіліся да нашага „эўрабачаньня“, таму штосьці іншае, у іншым музычным ладзе, намі ўспрымаецца як нешта „ня тое“. І вельмі мне хацелася ўсе гэтыя стэрэатыпы паламаць. І найлепшы шлях расказаць людзям — праз кіно».
Падчас экспэдыцый для фільма ў вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёну Волі падаравалі адметнае адзеньне.
«Выдатная сьпявачка Галіна Трафімаўна Прыбалавец неяк пасьля здымкаў мяне падазвала і дала кулёчак, я гляджу, а там цэлы строй! Я ёй кажу: „Галіна Трафімаўна! Вы што робіце! Гэтае ж багацьце вам трэба перадаць дзецям“. Шчыра кажучы, я ня ведаю, чаму яна вырашыла мне яго падараваць, бо я не прасіла і нават нічога не казала пра ніякія строі ўвогуле! Я спрабавала адмовіцца, але яна настаяла: „Бяры“».
У 2018 годзе Воля з дзяўчатамі з гуртувырашылі, што трэба паехаць яшчэ раз па вёсках і дазапісаць мясцовых сьпявачак.
«Тады дачка Галіны Трафімаўны сказала, што яе маці сьпяваць мне ня будзе, бо яна ў жалобе. Але я ўсё адно паехала, думаю, абдыму яе і паеду далей. А калі я прыехала, яна проста расквітнела, паклікала сваю сябровачку, сардэчную Матрону. Яны сказалі: „Мы ня будзем сьпяваць тыя песьні, што для тэлебачаньня, мы ведаем, што табе гэта ня трэба. Прасьпяваем тыя, што нам сьпявалі маці“. І яны насьпявалі нам нейкіх сапраўды касьмічных песень».
У экспэдыцыях хапала цікавых і сьмешных момантаў. Напрыклад, жанчыны прызналіся пасьля здымкаў, што не паверылі, што Воля прыехала з Амэрыкі.
«Яны мне тады сказалі: „Ну такая дзеўка, размаўляе па-беларуску, выглядае нармальна, ведаем, зь якой вёскі яе карані, вось тутака 20 кілямэтраў ад нас, нават яе родных ведаем. Ну якая ж Амэрыка?!“. І потым, пакуль я не прыехала ўжо з гатовым фільмам, яны так вельмі асьцярожненька да ўсяго ставіліся. А потым, калі яны паглядзелі, такія расчуленыя казалі: „А мы спачатку табе не паверылі“», — сьмяецца Воля Дземка.
Воля прызнаецца, што калі працавала па 16 гадзін на дзень падчас здымак фільма, у экспэдыцыі, адзінае, што трымала, — жаданьне паказаць фільм вясковым сьпявачкам, каб яны ведалі, якія яны малайцы, што іх любяць і шануюць. Таксама вялікай дапамогай і стымулам сталася тое, што дзяўчаты зьбіралі грошы для фільма праз краўдфандынг.
«Бяз гэтага, напэўна, ні графіку я б ня здолела пацягнуць, ні нейкія ліцэнзійныя рэчы, якія трэба было рабіць. Але вельмі хацелася паказаць ужо гатовы фільм. Бо бабулі казалі, што звычайна да іх прыяжджаюць нейкія этнографы, этнамузыколягі, запісваюць, робяць свае дысэртацыі — і яно ўсё ідзе ў стол. І сьпявачкі сябе так адчуваюць, нібыта іх проста выкарысталі».
«Калі нам спрабуюць сказаць, што беларусы ніякія, мяне проста бярэ крыўда»
У строі, які Волі падаравала Галіна Трафімаўна, не хапала кашулі. Дзяўчына знайшла вельмі падобную ў вёсцы Любешаўскага раёну ва Ўкраіне, гэта за некалькі кілямэтраў ад мяжы. Таксама Воля адзначае, што расейскія ці ўкраінскія строі знайсьці значна прасьцей, чым беларускія.
«Гэта зьвязана з тым, дзе мы знаходзімся. Бо ідзе вайна, і ўся празь Беларусь. Ідзе крывавы патоп — траціну забіваюць, траціну зганяюць у рабства ў тую ж самую Маскву, адна траціна застаецца. Як і ў Першую сусьветную, гэтаксама і ў Другую, усё прайшло па нас. Я думаю, гэта ад таго, што наша тэрыторыя на стыку Захаду і Ўсходу і ёсьць той гарачы пункт. Зноў-такі Чарнобыль. Я ведаю, што час ад часу трапляліся на рынках рэчы з гэтых выселеных вёсак, якія „фанілі“ страшна. Ведаю, што былі экспэдыцыі і такія рэчы шукалі і фатаграфавалі, потым неяк апрацоўвалі спэцыяльна, каб радыяцыі пазбавіцца».
Таксама Воля адзначае, што цяпер адшукаць і захаваць нейкія ўнікальныя гістарычныя рэчы проста не даюць улады, бо ёсьць пастановы зносіць старыя хаты, у якіх такія каштоўнасьці маглі б быць. Тут дзяўчына ўспамінае, як падчас будаўніцтва Астравецкай АЭС разбурылі хату мастачкі Ніны Бохан.
«Мне проста ўвесь час баліць, што ў нас такое багацьце — і ўсё занядбанае. Беларусь у цэнтры Эўропы. У нас тысячагадовая гісторыя. І калі нам спрабуюць сказаць, што беларусы ніякія, мяне проста бярэ крыўда».
«Глядзіце, у нас ёсьць такое! Яно ўражвае!»
Калекцыя зьбіралася і дзеля таго, каб нацыянальныя рэчы не згубіліся і не заняпалі. Частку строяў сьпявачкі выкарыстоўвалі на канцэртах.Некаторыя касьцюмы патрабавалі сур’ёзнай рэстаўрацыі.
«У нас гэтыя строі ляжалі, і было шкада, што, акрамя нас, іх ніхто не можа пабачыць. Вельмі хацелася падзяліцца, і мы вырашылі, што трэба паспрабаваць выставіць калекцыю ў нашым сіэтлаўскім музэі. Ён вельмі сур’ёзны, і мы разумелі, што неабходная добрая прэзэнтацыя. Паколькі я магу ўсё здымаць, то пытаньняў больш не стаяла. Мадэляў магла папрасіць, зь якімі я працавала, якія „ходзяць“ у Мілане і Парыжы, але яны б проста ня ўлезьлі ў палову строяў, — сьмяецца Воля Дземка. — Так цудоўная Жэнечка аказалася залатой мадэльлю для нашага праекту. Тое, што я не магла зрабіць сама для каталёгу на сто адсоткаў, я прасіла зрабіць іншых».
Так, Воля зьвярнулася па дапамогу з апісаньнем рэчаў да экспэрткі Паліны Богдан, малодшай супрацоўніцы Цэнтра дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Таксама Воля зьвярталася па кансультацыю да экспэрткі ў традыцыйным касьцюме і тэкстылі Марыі Мікалаеўны Віньнікавай, калі паўставалі пытаньні рэстаўрацыі тураўскага і давыд-гарадоцкага строяў.
«Усе нашыя рэчы выглядаюць, быццам мы пайшлі і з музэю зьнялі. Д’ябал у дэталях. Я бачыла некаторыя рэканструкцыі, дзе выкарыстоўваюць сучасныя тканіны, і адразу відаць, што ня тое нешта. Я калі рэканструюю, выкарыстоўваю даматканыя тканіны, ніткі спэцыяльныя бяру, таўсьцейшыя, каб яны былі падобныя на тыя, чым карысталіся майстрыхі ХІХ—ХХ стагодзьдзя. Гэта дадае шарму тых мінулых часоў, калі ўсё рабілася рукамі».
Таксама Воля папярэджвае, што калекцыя зборная. Таму, калі чалавек хоча выкарыстоўваць каталёг для рэканструкцыі чагосьці, абавязкова варта паглядзець дадзеныя, прыведзеныя ў канцы, пра кожны элемэнт касьцюма.
«Вось да нас даехала і зімовая вопратка, я дарабіла тураўскі строй, дарасшывала золатам падушачкі. Замовіла ніткі залатыя, ірляндзкі лён. І сапраўды падобна атрымалася на тое, што ў нас у музэях ляжыць».
Каталёг быў цалкам гатовы яшчэ ў жніўні, але праз падзеі ў Беларусі выданьне перанесьлі.
«Была думка нават зрабіць здымкі яшчэ вясной і даўкамплектаваць гэты каталёг зімовымі касьцюмамі надзвычайнай прыгажосьці. Але потым гляджу, усе сядзяць, і нейкая пайшла кісельная туга, усе ў такім адчаі. І рабіць фатасэсію, зноў зьбіраць каманду, усё гэта расьцягнецца яшчэ на паўгода, а нам усім цяпер вельмі патрэбныя гэтыя колеры».
У першым каталёгу прадставілі 16 поўных камплектаў з 79 прадметаў жаночага адзеньня і аксэсуараў ад 1880-х да 1940-х гг., якія дагэтуль нідзе не выстаўляліся.
Цяпер Воля са сваёй камандай рыхтуюць другое выданьне каталёгу з новымі рэчамі.
«Я здолела зьвязацца зь неглюбскімі майстрыхамі, якія для мяне за гэтыя паўгода саткалі панёву дзявочую і іхны славуты сіні фартух, а таксама зрабілі кубак — дзявочы галаўны ўбор. У новым каталёгу ўжо ў нас дзявочы неглюбскі строй будзе з рэчамі, якія самі неглюбскія майстрыхі саткалі! Такое ўвогуле немагчыма купіць. Таксама ў новым каталёгу будуць пушкі — гэта завушніцы, якія робяцца з бурштыну, гусіных пёраў і футра пясца».
Воля кажа, што ня можа выбраць улюбёны строй.
«Няма ў мяне нейкага адзінага любімага. Ёсьць посьцілка, якую мне аддала родная цётухна, якая побач са мной жыве ў Штатах. Таксама ёсьць сувоі палатна, якое ткала мая бабуля. Можа, ад таго, што гэтыя рэчы зробленыя родным чалавекам, ня маюць ніякай цаны для мяне. А так касьцюмы — гэта як пальцы. Ну няма ж у цябе ўлюбёнага пальца на руцэ? Пальцы проста ёсьць і яны ўсе любімыя», — сьмяецца Воля.
На пытаньне, чаму каталёг, калекцыя, фільм і ўсё, што Воля робіць, важна, дзяўчына адказвае так:
«Я сябе так адчуваю, быццам запускаю рукі і намагаюся знайсьці кропелькі золата, якія шчэ засталіся, выцягнуць іх на паверхню і паказаць усім астатнім: «Глядзіце, у нас ёсьць такое! Яно проста афігеннае, яно ўражвае! І ў нас ёсьць чым ганарыцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У галерэі Сан-Францыска выставілі праект беларускага фатографа, створаны з дапамогай штучнага інтэлекту ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белыя дні Менску». Як дырыгент мюнхэнскага аркестру напісаў кнігу пра беларускую рэвалюцыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь цяжарная вольнай будучыняй». Прэм'ера гістарычнага падкаста Ўладзімера Арлова