Штаб Віктара Бабарыкі апублікаваў ягоны зварот, у якім палітык заклікаў уступаць у ягоную партыю «Разам», пра стварэньне якой абʼявілі 31 жніўня.
«Нам патрэбна партыя, — напісаў Віктар Бабарыка 12 сакавіка ў сваім звароце. — Але партыя ня як самамэта, а як найбольш эфэктыўны інструмэнт дасягненьня нашай перамогі».
Паводле Бабарыкі, партыя патрэбна для таго, каб
- паказаць бальшыню людзей, якая стамілася жыць у атмасфэры хлусьні, нянавісьці і страху;
- абʼяднаць дзеяньні разрозьненых самастойных ініцыятыў;
- забясьпечыць працу груп і абʼяднаньняў і аднавіць дзейнасьць унутры краіны.
Ён прыгадаў, як перад выбарамі менш за тыдзень у ягоную ініцыятыўную групу запісаліся каля 10 тысяч чалавек. Пахваліў беларусаў за тое, што працягвалі змагацца за свабоду і незалежнасьць пасьля выбараў. І заявіў, што «нельга спыняцца на паўдарозе».
- «Мы мусім менавіта цяпер абʼяднаць свае намаганьні і прадэманстраваць адзінства мэты і волі. Не зрабіць гэтага — значыць зноў пусьціць у нашыя душы раба, якога мы выгналі летась і якога нас прымушалі карміць апошнія 26 гадоў».
- «Мы абавязаныя стварыць партыю „Разам“. Мусім дапамагчы адзін аднаму паверыць у сябе, у суседа, у сваю краіну. Нельга пакідаць ракавую пухліну страху і бездапаможнасьці нашым дзецям і ўнукам», — напісаў Бабарыка.
Бабарыка таксама адзначыў, што жорсткасьць улады «сьведчыць пра ейны страх і бясьсільле перад уласным народам». Ён перакананы, што «нельга ўтрымліваць уладу насуперак волі народу».
Падаць заяўку ў партыю можна на сайце. Устаноўчы зьезд плянуюць правесьці ўжо гэтай вясной. Калі ўлады ў рэгістрацыі адмовяць, актывісты будуць дзейнічаць ад імя юрыдычнай асобы «Аргкамітэт палітычнай партыі».
Арганізатары заявілі, што за пару гадзін атрымалі тысячу заявак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пратэст без структураў — гэта кісель». Каму і навошта трэба партыя Бабарыкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая партыя — гэта ня тое, чаго патрабуюць сотні тысяч пратэстоўцаў