Відэа канфлікту днямі зьявілася ў сеціве.
Каўрыгін тады атрымаў чэрапна-мазгавую траўму і ў той жа дзень напісаў заяву ў міліцыю, але заводзіць справу аб хуліганстве супраць яго ня сталі — завялі лягчэйшую, за нанясеньне лёгкіх цялесных пашкоджаньняў.
Пасяджэньне прайшло ў судзе Першамайскага раёну Менску, паведамляе «Наша Ніва». Разглядаў справу судзьдзя Максім Трусевіч. На судзе ў якасьці сьведкі выступіла жонка Каўрыгіна Кацярына. Паводле яе, Сяргей Карпаў хацеў перашкодзіць таму, каб яны ўвайшлі ў ліфт, яе муж прытрымаў дзьверы і папрасіў яго адысьці, але той не пагадзіўся, так пачаўся канфлікт.
Як сьцьвярджае Кацярына Каўрыгіна, Карпаў нібыта мацюкаўся, абураўся і ў нейкі момант сказаў: «А не пайшлі б вы?» Гэта абурыла яе мужа, той загадаў сям’і выходзіць з ліфта. Жанчына павярнулася да дзяцей і самога зьбіцьця ня бачыла, але ўпэўненая, што канфлікт справакаваў сам Карпаў. і ён меў пад сабой палітычны складнік. Паводле Кацярыны Каўрыгінай, ёй расказвалі, што ў іх дваравым чаце цкавалі і высьмейвалі яе мужа за тое, што ён падтрымлівае рэжым і ладзіць шэсьці ў падтрымку ўлады. Маўляў, раней Карпаў вітаўся з Каўрыгінымі, але апошнім часам перастаў, а за некалькі дзён да бойкі дэманстратыўна не паехаў на адным ліфце з яе мужам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арганізатар шэсьцяў за Лукашэнку пабіў чалавека, у пацярпелага чэрапна-мазгавая траўмаКаўрыгін і яго адвакатка папрасілі правесьці паўторную мэдыцынскую экспэртызу траўмаў зьбітага суседа і далучыць да справы раздрукоўку паведамленьняў з дваравога чата. Хадайніцтвы судзьдзя Трусевіч не задаволіў.
Пацярпелы Сяргей Карпаў абверг палітычны складнік канфлікту. Ён кажа, што ў ліфце сапраўды не было месца, каб увайшлі яшчэ двое дарослых з 4 дзецьмі. «Пэрсанальна я ня маю ніякага нэгатыўнага стаўленьня да Каўрыгіна, пра тое, што ён арганізуе нейкія шэсьці, я ўвогуле ня ведаў», — сказаў Карпаў.
На пасяджэньні ён папрасіў спагнаць з Каўрыгіна кампэнсацыю за судовыя і мэдыцынскія выдаткі, і кампэнсаваць яму маральную шкоду, агулам — трохі больш за 4000 рублёў.
Каўрыгін сваю віну не прызнаў, але апошнім слове сказаў, што штраф ён гатовы сплаціць цалкам. Пры гэтым ён паведаміў, што даход яго сям’і з 4 дзецьмі складаецца зь яго невялікага заробка і грашовай дапамогі на дзяцей. Каўрыгін запэўніў, што зарабляе ўсяго толькі 400 рублёў (хоць мае дарагое аўто BNW X6, на чым акцэнтаваў увагу адвакат пацярпелага).
Адвакат пацярпелага папрасіў суд не прызначаць Каўрыгіну штраф — бо той сам кажа, што мае мізэрны заробак, таму ад грашовых праблем у сям’і могуць пацярпець дзеці, і прасіў таксама не караць яго арыштам, а прызначыць пакараньне ў выглядзе 240 гадзін грамадзкіх прац.
Прысуд абвесьцяць 26 сакавіка ў 10:20. Сяргею Каўрыгіну пагражае штраф, выпраўленчыя ці грамадзкія працы на тэрмін да года альбо арышт.