19 кастрычніка былы супрацоўнік кампаніі EPAM, а цяпер арганізатар праўладных шэсьцяў Сяргей Каўрыгін пабіў суседа ў ліфце на вачах уласнай жонкі і дзяцей, высьветліў рэсурс Dev.by.
Сусед атрымаў удары і закрытую чэрапна-мазгавую траўму, зьвярнуўся да мэдыкаў. Здарэньне зьнята на камэру ў пад’езьдзе дому недалёка ад Парку высокіх тэхналёгій, дзе жыве сям’я Каўрыгіна. Відэа цяпер у праваахоўнікаў.
Пацярпелы пацьвердзіў Dev.by факт бойкі:
«Я пацьвярджаю, што мяне біў Сяргей Каўрыгін». Ён падаў заяву ў міліцыю аб завядзеньні справы па ч. 1 арт. 339 КК РБ ( «Хуліганства»).
Дом, у якім адбылася гісторыя, адносіцца да каапэратыву «ЭПАМ Сістэмз-жылбуд». Яго старшыня пракамэнтаваў сытуацыю так: «Гэта быў бытавы канфлікт. Па ім вядзецца сьледзтва. Я не тое што не ўпаўнаважаны [камэнтаваць], я нават не ў курсе гэтага сьледзтва. Яго вядуць сьледчыя органы. Зьвяртайцеся ў МУС».
У РУУС Першамайскага раёна інцыдэнт не пракамэнтавалі, параілі зьвярнуцца ў прэс-службу ГУУС. dev.by больш за суткі чакаў камэнтара ГУУС, але так і не дачакаўся.
Dev.by патэлефанаваў жонцы Каўрыгіна. «Ну так суседзяў і пытайцеся! Я не збіраюся камэнтаваць ніякія плёткі», -- такім быў яе адказ на прапанову распавесьці сваю вэрсію гісторыі. З самім Каўрыгіным зьвязацца не ўдалося.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Сяргей Каўрыгін стаў арганізатарам і актыўным удзельнікам шэсьцяў у падтрымку дейнай улады. Суседзі характарызуюць яго як «канфліктнага чалавека».