Біскуп Касабуцкі заклікаў у дзень Зьвеставаньня маліцца за Беларусь, палітвязьняў і ўвесь беларускі народ

Біскуп Юры Касабуцкі, генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, зьвярнуўся да вернікаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку з нагоды ўрачыстасьці Зьвеставаньня, якую 25 сакавіка адзначае каталіцкая царква

Біскуп піша, што вестка пра беззаганнае зачацьце Хрыста, якую ў гэты дзень Марыі прынёс анёл, пачынае «новую старонку ў гісторыі збаўленьня. Для Марыі распачынаецца час шматлікіх пакутаў і выпрабаваньняў...

Прайшло шмат гадоў...

25 сакавіка 1918 году была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Гэта адгарнула новую старонку ў гісторыі нашага народу. І хоць БНР праіснавала ў тым выглядзе вельмі кароткі пэрыяд часу, для нас, беларусаў, гэта знакамітая дата.

25 сакавіка — гэта дзень асаблівай малітвы за нашу Бацькаўшчыну, за Беларусь.

Мы молімся за наш шматпакутны народ, аб спыненьні палітычных рэпрэсій, якія ахапілі нашу краіну, калі кожны дзень мы чуем зьвесткі аб чарговых арыштах, прысудах і іншых формах перасьледу грамадзян за іх погляды і грамадзянскую пазыцыю. Мы молімся аб спыненьні насільля супраць нашага народу ў нашай роднай Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – сакавік 2021. Мы сьведкі. „Яны разглядалі маю рану і захапляліся тым, як куля разарвала тканкі“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Мы молімся аб еднасьці, салідарнасьці, узаемапавазе і ўзаемападтрымцы паміж усімі жыхарамі нашай краіны, розных нацыянальнасьцей, поглядаў, рэлігійных перакананьняў... Мы адна нацыя, імя якой — «беларускі народ».

Я асабіста буду маліцца ў гэты дзень за наш народ, за палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі (я не пералічваю пайменна, але ахопліваю малітоўнай памяцьцю ўсіх без выключэньня), за ўсіх тых, хто патрабуе Божай дапамогі...

МАЛІЦЕСЯ ЗА БЕЛАРУСЬ І НАШ НАРОД!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Узорная гаспадыня», магістарка сацыялёгіі, «сапраўдная каталічка». Хто такая шматдзетная маці Вольга Залатар, якую арыштаваў ГУБАЗіК