Заробак падае другі месяц запар, абяцаныя «пяцьсот даляраў» усё больш прывідныя

Цырульнікі трапілі ў сьпіс прафэсійнай катэгорыі з самым нізкім заробкам, архіўнае фота

Намінальны налічаны заробак за люты ў параўнаньні са студзенем гэтага году зьнізіўся амаль на 13 рублёў і склаў 1277 рублёў. Такім чынам, сярэдні паказьнік апусціўся да 486 даляраў у эквіваленце. Ад некалі абяцаных «па пяцьсот» усё далей.

Заробак па краіне зьніжаецца другі месяц запар, сьведчаць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту. У студзені, калі параўноўваць са сьнежнем 2020-га, яго памер скараціўся на 184 рублі (на 12,5%) і склаў 1290 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па $500 няма і блізка. На якія грошы рэальна жывуць беларусы

Найбольшы лютаўскі сярэднямесячны налічаны заробак традыцыйна ў Менску — 1850 рублёў. Найменшыя заробкі — 1037 рублёў — у Магілёўскай вобласьці. Аднак іншыя рэгіёны апярэджваюць яе не нашмат: Берасьцейшчына — 1075 рублёў, Віцебшчына — 1068, Гомельшчына — 1127, Горадзеншчына — 1079, Меншчына — 1247.

Самы высокі заробак па-ранейшаму атрымліваюць IT-спэцыялісты: у лютым ён наблізіўся да 6000 рублёў. Самы малы, адпаведна, у цырульнікаў: прыкладна 550 рублёў.