Гэтую заяву канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель цытуе DW.
Мэркель прызнала памылку і папрасіла прабачэньня ў грамадзянаў
Абвяшчэньне двух дадатковых сьвяточных дзён пацягнула б за сабой занадта вялікую колькасьць праблемаў і пытаньняў, якія трэба было б вырашыць за некалькі дзён, а шкода ад яго перавышала б карысны эфэкт, сказала канцлер.
«Гэта памылка толькі мая, паколькі ў канчатковым выніку я нясу за ўсё адказнасьць», — падкрэсьліла яна і папрасіла «прабачэньня ва ўсіх грамадзянаў». Мэркель дадала, што ёй вядома аб тым, што рашэньне працягнуць велікодныя сьвяты выклікала дадатковую няўпэўненасьць у насельніцтва.
Рашэньне зрабіць больш жорсткім локдаўн на велікодныя сьвяты
Раней, 22 сакавіка, падчас відэаканфэрэнцыі ўраду Нямеччыны і прэм’ер-міністраў фэдэральных земляў было дасягнутае пагадненьне абвясьціць выходнымі днямі Гарачы чацьвер, які адзначаецца сёлета 1 красавіка, і Страсную (Вялікую) суботу — 3 красавіка. Пры гэтым Страсная пятніца, Вялікдзень і наступны за ёй панядзелак — у Нямеччыне традыцыйна непрацоўныя дні. Такім чынам, «на працягу пяці дзён запар будзе дзейнічаць прынцып „мы застаёмся дома“», — падкрэсьліла канцлер па выніках учорашняй 15-гадзіннай сустрэчы з кіраўнікамі ўрадаў фэдэральных зямель.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кітаі за дзень ня выявілі ніводнага мясцовага выпадку заражэньня COVID-19 і ніводнай сьмерці. Што яшчэ дзецца ў сьвецеТым самым пастаноўлена, што ўсе крамы на гэты тэрмін спыняць працу. Выключэньне зрабілі толькі ў суботу для прадуктовых крамаў. Адкрытымі павінныя былі застацца толькі цэнтры вакцынацыі і правядзеньня тэстаў на каранавірус. Мэркель заявіла, што грамадзкае, эканамічнае і прыватнае жыцьцё ў Нямеччыне на час велікодных сьвятаў павінна быць абмежавана гэтак моцна, як ніколі раней падчас пандэміі. «Сытуацыя вельмі і вельмі сурʼёзная», — падкрэсьліла яна. Гэтае рашэньне выклікала шырокую крытыку ў СМІ.
Локдаўн у Нямеччыне
Жорсткі локдаўн дзейнічае ў Нямеччыне з 16 сьнежня 2020 году, яго неаднаразова працягвалі і дапаўнялі новымі мерамі. У крамах, якія працуюць, і ў грамадзкім транспарце неабходна насіць мэдычныя маскі або рэсьпіратары. З надыходам вясны меры пачалі аслабляць. З 1 сакавіка ізноў адкрыліся цырульні, з 8 сакавіка — кніжныя і кветкавыя крамы, крамы садовых тавараў, касмэтычныя салёны, аўташколы і пілётныя вучэльні, паступова аднаўляюць працу музэі і галерэі.
З моманту пранікненьня каранавірусу COVID-19 у Нямеччыну ён выяўлены ў 2,7 мільёна жыхароў краіны. Вакцынацыя ў краіне пачалася ў канцы сьнежня, ужо больш за 4% насельніцтва зрабілі абедзьве патрабаваныя прышчэпкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выявілі 1378 новых хворых, памерлі 9. Афіцыйная статыстыка COVID-19 ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віетнам ўхваліў расейскую вакцыну «Sputnik V»