Аляксея Барысава затрымалі раніцай 23 сакавіка ля дому, калі ён выходзіў на працу. Як ён сьцьвярджае, дарогай ва ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю яго пабіў адзін зь міліцыянтаў. Цяпер актывіст у абласной лякарні. 24 сакавіка ён меўся быць у гарадзкой пракуратуры, куды яго выклікалі.
Па словах Аляксея Барысава, міліцыянт біў яго ў машыне за тое, што падымаў галаву. Нагодай жа для затрыманьня стала падазрэньне апэратыўнікаў у адміністраваньні ім шэрагу чатаў, якія ва ўпраўленьні па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю лічаць экстрэмісцкімі. Допыт тычыўся менавіта гэтага пытаньня.
У Ленінскім раённым аддзеле міліцыі, куды яго завезьлі пасьля допыту, распачалі адміністрацыйную справу за лягатып, занесены ў Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Яго адшукалі ў адным з дваровых чатаў, які, паводле актывіста, ён даўно выдаліў.
У аддзеле Аляксею Барысаву стала кепска, і хуткай дапамогай яго даставілі ў абласную лякарню. Мэдыкі выявілі нэўралягічныя сымптомы, высокі ціск і шпіталізавалі мужчыну. Дыягназ пакуль ня выстаўлены. У актывіста пад вокам сіняк.
Мэдыкі пра пабіцьцё паведамілі ў Сьледчы камітэт, яго супрацоўнік ужо правёў апытаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве празь бел-чырвона-белы сьцяг узламалі офіс сацыял-дэмакратаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незалежную журналістку з Магілёва цягам сакавіка аштрафавалі 10 разоў — на $2900