Правацэнтрысцкая партыя «Лікуд» прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу перамагае на парлямэнцкіх выбарах. Пра гэта паведамляе выданьне Haaretz.
Паводле папярэдніх дадзеных, пасьля падліку 70% галасоў, «Лікуд» зойме 61 з 120 месцаў у Кнэсэце — парлямэнце Ізраілю. Супернікі прэм’ер-міністра могуць разьлічваць на 59 месцаў.
Нэтаньягу ўжо пасьпеў падзякаваць жыхарам Ізраілю за перамогу на выбарах. «Грамадзяне Ізраілю — дзякуй! Вы падарылі велізарную перамогу правым і „Лікуд“ пад маім кіраўніцтвам. „Лікуд“ лідзіруе зь велізарным адрывам ад наступнай партыі», — напісаў ён у твітэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль праводзіць чацьвёртыя парлямэнцкія выбары за два гадыНа мінулых выбарах партыя прэм’ера атрымала 36 мандатаў, тады ён разьлічваў на фарміраваньне «стабільнага правага ўрада».
У дадзены момант, як піша Reuters, «Лікуд» мае перавагу, але знаходзіцца ў няпростым становішчы, бо акружаны супернікамі з цэнтрысцкіх, левых і правых партый, якія могуць утварыць кааліцыю. Агенцтва назвала пэрспэктывы партыі Нэтаньягу атрымаць большасьць мандатаў «нявызначанымі».
Парляамэнцкія выбары 23 сакавіка сталі чацьвёртымі ў Ізраілі за апошнія два гады. Па выніках усіх папярэдніх выбараў ні адна партыя не атрымала большасьці галасоў, кааліцыю сфармаваць таксама не ўдалося.