Што сказаў амбасадар антыўкраінскім мітынгоўцам у Менску

Амбасадар Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім.

Сёньня ля амбасады Ўкраіны ў Менску адбыўся антыўкраінскі мітынг. Амбасадар лічыць яго сплянаванай акцыяй, але ня мае нічога супраць свабоды слова.

«Украіна як дэмакратычная краіна ня супраць свабоды сходаў, калі яны не ўяўляюць пагрозы для супрацоўнікаў дыпляматычнай установы і іх уласнасьці», — заявіў у камэнтары Укрінфарм амбасадар Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім.

Дыплямат паведаміў, што сёньня каля пяцідзесяці чалавек з чырвона-зялёнымі сьцягамі і плякатамі, на якіх былі напісаныя «вядомыя расейскія штампы з абвінавачаньнямі на адрас Украіны», падышлі да амбасады, скандуючы лёзунгі кшталту «Фашызм ня пройдзе!».

«Я выйшаў да ўказаных асобаў, каб высьветліць прычыны мітынгу, і каля паўгадзіны тлумачыў нашу пазыцыю, расказваў пра стаўленьне Ўкраіны да падзеяў у Беларусі, дружалюбнае стаўленьне Ўкраіны да беларускага народу, а таксама пра працяглую расейскую агрэсію супраць нашай дзяржавы. Пераканаць гэтых людзей было цяжка, але я думаю, што мець зносіны трэба, і спадзяюся, што хоць некаторыя зь іх зьмянілі сваю думку», — адзначыў амбасадар.

Ён таксама сказаў, што мітынг здымаў адзін з тэлеканалаў дзяржаўнага тэлебачаньня. Акрамя таго, па інфармацыі незалежных СМІ, удзельнікі мітынгу пасьля завяршэньня мерапрыемства арганізаванай калёнай накіраваліся да будынку, дзе месьціцца гарадзкі камітэт БРСМ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўвяла санкцыі супраць былых міліцыянтаў, якія ўцяклі ў Расею. Пра «ўцекачоў» у Беларусь не згадалі

Па словах Кізіма, гэтыя факты даюць падставы казаць, што мітынг быў ня спантаннай, а сплянаванай акцыяй.

Дыплямат нагадаў, што пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, вынікаў якіх Украіна не прызнала, палітычныя адносіны паміж краінамі пастаўленыя на паўзу. Але, каб не пашкодзіць людзям, украінскі бок спрабуе падтрымліваць пэўны ўзровень гандлёва-эканамічных і культурна-гуманітарных сувязяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы па-за палітыкай». Генпракурорка Ўкраіны расказала, ці будуць выдаваць беларускіх уцекачоў на радзіму


Сёньня ж група людзей пад чырвона-зялёнымі сьцягамі пікетавала амбасаду Злучаных Штатаў у Менску. Пра акцыю першымі паведамілі дзяржаўныя і праўладныя каналы. Сілавікі не разганялі акцыі і не затрымлівалі ўдзельнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна пачала новае расьсьледаваньне супраць беларускай прадукцыі. Падазраюць у дэмпінгу