Паводле відавочцаў, на акне сядзібы партыйнай арганізацыі вісеў бел-чырвона-белы сьцяг, які прыцягнуў увагу супрацоўнікаў міліцыі.
Сядзіба магілёўскіх сацыял-дэмакратаў месьціцца ў цэнтры гораду на пешаходнай вуліцы Ленінскай. Вокны выходзяць у прахадны падворак. Партыйцы кажуць, што сьцяг вісеў на акне больш за год і праблемаў, зьвязаных зь ім, не было. Акрамя яго, па сьценах памяшканьня былі разьвешаныя партыйныя сьцягі. Цяпер іх няма.
22 сакавіка на 15 дзён адміністрацыйнага арышту асудзілі старшыню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Барысава. Нібыта ён не падпарадкаваўся «законнаму патрабаваньню службовай асобы». БСДП (Грамада) разам з Партыяй БНФ і рухам «За свабоду» падавалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне шэсьця і мітынгу з нагоды 103-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Сталічныя ўлады дазволу не далі.
Не дазволіў гарвыканкам мітынг на 25 сакавіка і ў Магілёве. Пра гэта заяўнік, актывіст АГП Раман Давыдаў, даведаўся ад пракурора гораду. Ад чыноўнікаў адказу на заяўку няма дагэтуль, хоць яе падавалі на пачатку сакавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэр сацыял-дэмакратаў Барысаў на Акрэсьціна. Ягоная партыя падавала заяўку на сьвяткаваньне Дня Волі