Манаполія на ўладу. У чым падабенства і розьніца Югаславіі пры Ціта і Беларусі пры Лукашэнку

Помнік Ёсіпу Броз ля «Дому кветак» у Бялградзе

Буржуазны камуніст з Балканаў кіраваў аж да самай сьмерці ў 88 гадоў. Ці наканавана палітычнае доўгажыхарства саўгаснаму камуністу з былога СССР?

Аляксандар Лукашэнка ўпэўнена падбіраецца да эўрапейскіх рэкордаў у працягласьці ўтрыманьня ўлады. Пакуль што ў лідэрах камуністычныя партакраты з былога сацыялістычнага лягеру, якія атрымалі прывілей уладарства дзякуючы не Канстытуцыі, а партыйнай манаполіі на ўладу.

Зрэшты, у гэтым сэнсе для беларускага кіраўніка Асноўны закон таксама ня мае прынцыповага значэньня: зь ягонай жа падачы абмежаваньні ў прэзыдэнцкіх тэрмінах скасаваныя. Так нібыта «захацеў народ».

Аўтакратыя «ад бога» і кароткая памяць электарату

Адзін з самых адыёзных эўрапейскіх дыктатараў Энвэр Ходжа правіў Альбаніяй 40 гадоў. На фоне абвостранай маніі вонкавых пагрозаў цалкам ізаляваў краіну: для сябе пабудаваў антыядзерны бункер, астатнюю тэрыторыю нашпігаваў сотнямі тысяч жалезабэтонных дотаў.

Антыядзерны бункер Энвэра Ходжы на ўскрайку Тыраны

Крыху саступіў яму іншы лідэр, які ва ўспрыняцьці зьнешняга сьвету выглядаў ягоным антаганістам — кіраўнік Югаславіі Ёсіп Броз Ціта. Ён узначальваў фэдэрацыю 35 гадоў: ад заканчэньня Другой сусьветнай вайны і да самай сьмерці ў 1980-м.

Аналягічны тэрмін (ад 1954 да 1989) на чале Баўгарыі прабыў Тодар Жыўкаў, які ў бязьмежнай любові да Масквы ледзь не ажыцьцявіў добраахвотную інтэграцыю ў склад Савецкага Саюзу.

Магіла Ёсіпа Броз у мэмарыяльным павільёне

У рангу генэральнага сакратара Сацыялістычнай рабочай партыі крыху больш за 30 гадоў (ад сярэдзіны 1950-х і да канца 1980-х) кіраваў Вугоршчынай Янаш Кадар.

Амаль столькі ж, ажно да гістарычнага падзелу ў 1989-м тагачаснай ЧССР на Чэхію і Славаччыну, партыйна-прэзыдэнцкія абавязкі выконваў Густаў Гусак (ён замяніў неляяльнага да Масквы Аляксандра Дубчэка).

Вымушаныя ўцёкі ад разьюшанага электарату не дазволілі прэзыдэнту Румыніі Нікалае Чаўшэску стаць у адзін шэраг з палітычнымі доўгажыхарамі, але агулам на партыйных і дзяржаўных пасадах ён пратрымаўся 25 гадоў. Трыбунал і сьмяротны вырак так і не далі пацешыцца плодам уласнай фантазіі — гіганцкім гмахам Дому народу.

Дагэтуль не завершаная спаруда Дому народу ў Бухарэсьце

Зрэшты, яго, як і некаторых іншых першых асобаў, Аляксандар Лукашэнка ўжо пераседзеў (дыктатура — толькі «спадарожны брэнд»).

Напрыклад, кіраўніка позьняга СССР Леаніда Брэжнева ды лідэра Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі Эрыка Гонэкера, якім лёс адвёў «усяго» па 18 гадоў. Ня кажучы пра пераходную фігуру Польскай Народнай Рэспублікі Войцеха Ярузэльскага — на фоне пратэставых тэктанічных зрухаў генэрал не дацягнуў і да дзясяткі.

Напамін пра ахвяраў камуністычнага тэрору

Незьмяняльныя партыйныя правадыры, відавочна, разьлічвалі на доўгую памяць нашчадкаў. Ды толькі Чаўшэску ледзь не лінчавалі ўчорашнія прыхільнікі, Ходжу пазбавілі пахавальнай нішы ў пампэзным музэі, а пра гусакаў, жыўкавых ды іншых кадараў забыліся адразу пасьля крушэньня жалезнай заслоны. Дык ці магчыма ўтрымаць народную любоў пасінелымі пальцамі?

«Велікадушны дыктатар» з буржуазнымі замашкамі

Дзеля справядлівасьці, прыклад як мінімум нэўтральнага стаўленьня да яўна «пераседжанага» лідэра, якога сьмерць засьпела на чале дзяржавы блізка да 90-гадовага ўзросту, усё ж ёсьць.

Старыя сэрбы з партрэтам маршала Ціта

Гэта Ёсіп Броз: арганізатар найбуйнейшага ў Эўропе партызанскага падпольля, архітэктар паваеннай Югаславіі, пачынальнік «Руху недалучэньня» (на піку аб’яднаў звыш сотні дзяржаў), праціўнік прамаскоўскіх надбудоваў (Варшаўская дамова і Савет эканамічнай узаемадапамогі), асабісты вораг Сталіна.

Дарэчы, Ціта — «прыклееная» партыйная мянушка досыць кур’ёзнага паходжаньня. Паводле сучасьнікаў, штосьці тлумачачы, ён звычайна дадаваў: «Ты, гэта...». На сэрбска-харвацкай гучала як: «Ці то...». Так зьвязка-«паразыт» ператварылася ў частку прозьвішча.

Будынак Народнай Скупшчыны Сэрбіі (парлямэнт)

Партакратаў, прыгрэтых Крамлём пасьля Другой сусьветнай вайны, у сацлягеры было хоць адбаўляй. Тым ня меней Югаславія заўсёды ўспрымалася нашмат больш буржуазнай, чым любая іншая ўсходнеэўрапейская «дэмакратыя». Прынамсі ў шэрагу абязьлічаных прамаскоўскіх марыянэтак Ціта стаяў асобна. Не ігнараваў рознапалярны сьвет, і зь ім таксама размаўлялі.

Нягледзячы на тое, што ягонае прэзыдэнцтва аўтарытарнае па сваёй сутнасьці, этнічнага харвата называюць «велікадушным дыктатарам». Маўляў, лютаваў, але ў параўнаньні зь іншымі крывасмокамі — яшчэ цярпіма. Зрэшты, як і любы «прыхватызатар» улады, свой статус разумеў адназначна: першай асобе дазволена ўсё.

Ёсіп Броз з каралевай Лізаветай ІІ

Пік рэпрэсій у Югаславіі прыпадае на паваенны разрыў адносінаў з СССР, вынікам чаго стаў перасьлед прасавецкіх камуністаў, вайскоўцаў, студэнтаў, а акрамя таго — нешматлікай расейскамоўнай дыяспары. Першым, як правіла, прысуджалі непрацяглыя тэрміны ў лягерах, другіх дэпартавалі. У сучаснай Беларусі сацыяльны партрэт «ворага рэжыму» выглядае нашмат больш разнастайным.

На гэтым фоне пачалося збліжэньне Бялграду з Захадам, што прынесла як палітычныя, так і эканамічныя дывідэнды. Зь Ёсіпам Броз кантактавалі і манаршыя асобы, і калегі-прэзыдэнты — ад Лізаветы II да Джона Кенэдзі. З рэвэрансамі ды пацалункамі пайшлі інвэстыцыі і танныя крэдыты, квітнела прыватнае прадпрымальніцтва, запоўніліся паліцы крамаў. Нават абмяркоўвалі адкрыцьцё амэрыканскай марской ваеннай базы. Але, адной рукой беручы, другой ён праводзіў зручную «лінію недалучэньня».

Стары каралеўскі палац, цяпер мэрыя Бялграду

Паступова і сам «абуржуазіўся», ад вобразу галоднага і аскетычнага партызана нічога не засталося. Дорага апранаўся, курыў кубінскія цыгары, прымаў VIP-гасьцей на люксавай віле, выходзіў на яхце і падарожнічаў у пяцізоркавым «блакітным» цягніку, у тым ліку ў апошні шлях — са шпіталя Любляны да нэкропалю ў Бялградзе.

У 1960 годзе Югаславія зрабіла яшчэ адзін нечаканы крок — скасавала ўязныя візы для замежнікаў. Эўрапейцы ахвотна зазіралі за «жалезную заслону», сюды пацягнуліся зоркі сусьветнага шоў-бізнэсу — культавыя рок-гурты, акторы, мадэльеры. Басьнякі, славенцы, сэрбы, харваты, чарнагорцы ды іншыя насельнікі фэдэрацыі таксама маглі вольна перамяшчацца па сьвеце.

Мадэль «блакітнага» цягніка, які сумяшчаў камандны штаб і апартамэнты

Рэдкія савецкія турысты, для якіх краіна наноў адкрылася ў выніку постсталінскага замірэньня зь Мікітам Хрушчовым, з татальнай галечы і дэфіцыту траплялі ў спажывецкі рай. Каб ня страцілі галаву, арганізаваныя групы з СССР праводзілі з гэткай жа апрацоўкай спэцслужбаў, як і ў любое логава капіталізму.

Але і ў прывабным вітрынным антуражы Ёсіп Броз заставаўся клясычным узурпатарам — за высокім плотам уласнага камфорту і з комплексам страхаў перад дэмакратычнымі зьменамі. Таму не разглядаў варыянту ня тое што свабодных выбараў, а нават фармальнай перадачы ўлады пераемніку. Фактычна тое, што ўсімі сваімі паводзінамі дэманструе антырыначнік і аўтакрат Лукашэнка.

Дарагая аздоба працоўнага кабінэту Ціта

Зрэшты, калі ва ўмовах тагачаснага некантраляванага дыктату безальтэрнатыўнасьць успрымалася як дадзенасьць, то наўрад ці хвароба на «трон» успрымаецца за паважную прычыну ў сёньняшнім адкрытым грамадзтве. Ніяк не навучацца на чужых памылках: нічога не даецца назаўжды. Асабліва ўлада...

Эстафэтная палачка безь перадачы наступніку

Цяжка сказаць, ці разглядалі паплечнікі варыянт муміфікацыі свайго лідэра паводле прыкладу Леніна-Сталіна або геаграфічнага суседа Энвэра Ходжы — апошняга не пасьпелі бальзамаваць праз разьвянчаньне культу неўзабаве пасьля сьмерці (вялізная «піраміда» ў цэнтры Тыраны зь нерэалізаванымі функцыямі маўзалея ператвараецца ў руіну).

Заняпад «піраміды», запраектаванай як маўзалей Энвэра Ходжы

У стабільна-сытыя для Югаславіі гады Ціта пахавалі адносна сьціпла — пры неабмежаванай магчымасьці пусьціць пыл у вочы. Каб у тым пераканацца, наведаем «Дом кветак» на ўскрайку Бялграду — так рамантычна-патасна называюць мэмарыял у гонар Ёсіпа і ягонай жонкі Ёванкі. Да 1991 году тут дзень і ноч стаяла ганаровая варта. Але як толькі дзяржава пачала распаўзацца па ідэалягічна-рэлігійных швах, пост № 1 скасавалі.

На час збройнага канфлікту тэрыторыю закінулі, але пасьля грамадзянскай вайны зноў прывялі да ладу; дадаткова абсталявалі «Музэй Югаславіі» з прэтэнзіяй на настальгію па лепшых часах. Праўда, цэнтрам паломніцтва месца ня стала — хоць у крокавай даступнасьці заўсёды шматлюдныя стадыён футбольных клюбаў «Црвэна Звезда» і «Партызан». Заўзятары скіроўваюцца на трыбуны без транзытнага прыпынку.

Надмагільныя пліты Ёсіпа і Ёванкі Броз (справа і зьлева адпаведна)

Хоць фармальна комплекс і лічыцца маўзалеем, клясычнага Ільіча ў шкляной труне там няма. Дый наогул мінімалістычны павільён у стылістыцы савецкага агітплякату нічога ўцямнага сабой не ўяўляе.

У цэнтры два надмагільлі, па сьценах павялічаныя фотавыявы сьлёзнага разьвітаньня з «бацькам нацыі». У суседніх пакоях цацачныя копіі люксавых вагонаў «блакітнага цягніка», якім правадыр са сьвітай перамяшчаўся па краіне і ў замежжа. Адноўлены пэрсанальны кабінэт, маршальская амуніцыя. На вуліцы сьціплы помнік Броз Ціта ў поўны рост. Паўсюль зеляніна, клюмбы, траўнікі — цалкам адпавядае «Дому кветак».

Архіўныя кадры разьвітаньня з маршалам, 1980 год

Як падзяліліся супрацоўнікі нэкропаля, якім у адсутнасьць аншлягу даводзіцца ў асноўным сумаваць, нішто чалавечае ня чужое элітам. Некалі суворы партызан на старасьці гадоў ператварыўся ў зацятага садоўніка-кветкавода.

Гэтае ціхае месца на ўзвышшы, далей ад бялградзкай мітусьні, камуністычны лідэр нагледзеў неўзабаве пасьля вайны. На пачатку 1960-х асабіста перарэзаў чырвоную стужачку музэю дасягненьняў свайго «балканскага цуду», а ў 1980-м ад нястомнага клопату пра бацькаўшчыну і сам прылёг пад масіўнай мармуровай плітой. У 2013-м, ужо ў сталым веку, да яго далучылася Ёванка.

Калекцыя эстафэтных палачак

Акрамя цягі да флёры, Ёсіп Броз меў незвычайны фэтыш — эстафэтныя палачкі. У кожны дзень нараджэньня правадыра ўся Югаславія кідала дзяржаўныя справы і бегла, бегла бегла. Апошнім эстафэту прымаў імяніньнік — праўда, сымбалічна, бо, адрозна ад унівэрсала-Лукашэнкі, аддаваў перавагу «канапнаму спорту».

Працоўныя калектывы, вэтэранскія і піянэрскія арганізацыі апантана стругалі палачкі неверагодных формаў — ад кукурузін і малаткоў да крылатых ракет і атамных бомбаў.

«Музэй Югаславіі» без адчуваньня настальгіі

У адмыслова збудаваным павільёне, дзе выстаўлена 200 тысяч розных паднашэньняў югаслаўскаму лідэру ад нацыянальных і замежных дэлегацый (гэткі кічавы музэй а-ля «Поле цудаў»), тыя экспанаты зваленыя ледзь ня штабэлямі.​

Як не разарвацца паміж «учора» і «заўтра»

У сёньняшняй Сэрбіі стаўленьне да эпохі Ціта супярэчлівае. Яшчэ жывыя сьведкі ўспамінаюць культ асобы, палітычныя рэпрэсіі, антыцаркоўную дзейнасьць. Разам з тым пагаджаюцца, што інфраструктура, камунікацыі, прамысловасьць закладзеныя менавіта пры ім; цяпер жа патрапаная вайной гаспадарка або ў заняпадзе, або пушчаная пад нож — як вытворчасьць малалітражак Yugo.

Малалітражка Yugo, гонар югаслаўскага машынабудаваньня

Старыя сэрбы, адрозна ад новай генэрацыі, маюць да мінулага больш сантымэнтаў. У размовах прызнаюць: так, пад Ціта жылося ня так свабодна, але былі сытыя і заможныя. Апраўдваюць, што моцная ўлада была неабходная, каб трымаць розныя мэнталітэтам і рэлігійнымі памкненьнямі стракатыя народы. Як толькі кулак расьціснуўся, Югаславія пасыпалася.

Стаўшы адным з аскепкаў колішняга штучнага ўтварэньня, «абсечаная» з усіх бакоў, Сэрбія яшчэ намагаецца разарвацца паміж Расеяй і Эўразьвязам. І ўсё ж падаецца, што Масква свой уплыў паступова страчвае. Хоць усё яшчэ моцнае праваслаўе з помнікамі расейскім імпэратарам, хапае маскоўскіх лабістаў, а «Сбербанк» — актыўны гулец на фінансавым рынку.

Музэйны комплекс у гонар Броз Ціта

Але, калі спрабавалі высьветліць, якім тралейбусам даехаць да мэмарыялу Ціта, ня толькі маладыя, а і сярэдняга веку бялградцы толькі паціскалі плячыма. Пацьверджаньнем адарванасьці ад мінулага — пусты музэйны комплекс (ажыўленьне хіба на круглыя даты нараджэньня ды сьмерці маршала). Сацыялістычнай спадчынай новую генэрацыю ўжо не завабіш.

Дэманстратыўныя руіны ад натаўскіх бамбаваньняў, захаваныя ў напамін вакол будынку Міністэрства абароны, паціху пачынаюць расчышчаць і пускаць у абарот. Хоць пабляклыя надпісы кшталту «не забудзем, не даруем» на агароджах яшчэ прачытваюцца. Дарэчы, лацініца ўпэўнена выціскае кірыліцу.

Руіны ад бамбаваньняў у раёне Генштабу і Мінабароны

Мэнтальна сэрбы ў Эўропе, а не ў «саюзнай дзяржаве». І ніякая «моцная рука» на выбар цывілізацыйнага шляху ўжо не паўплывае. Гістэрычныя целарухі Масквы, а разам зь ёй і ўсё менш самастойнага Менску, — яўна ня лепшыя прыклады для перайманьня...

Аляксандар Лукашэнка заўсёды выяўляў піетэт да Югаславіі, бедаваў: «Такую краіну развалілі!» (як і СССР). Рэдкае месца ў Эўропе, дзе яго прымалі за роўнага, без аглядкі на дыктатарскія замашкі — яшчэ ад праўленьня Слабадана Мілошавіча.

Нясьпешны рытм Бялграду

Зрэшты, з той рыторыкі Лукашэнка меў някепскія дывідэнды: ягонаму невыязному сямейству алігархі Карычы раз-пораз арганізоўвалі адпачынак на пяцізоркавым лыжным курорце ў Капаоніку. А наўзамен сэрбскі бізнэс мае значныя прэфэрэнцыі ў Беларусі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.