Павал Сьвярдлоў расказвае пра тое, калі будзе «новая Беларусь», як рэдакцыя працуе без акрэдытацый МЗС і чаму ён вырашыў браць на працу былых журналістаў дзяржСМІ.
Свабода працягвае цыкль размоваў з галоўнымі рэдактарамі недзяржаўных СМІ. Гутарку з галоўрэдам «Нашай нівы» Ягорам Марціновічам можна пачытаць тут, з Алегам Гаруновічам з «Трыбуны» — тут. У новай публікацыі аб працы і чаканьнях расказвае галоўны рэдактар «Эўрарадыё» Павал Сьвярдлоў.
Сьцісла
- У «Эўрарадыё» засталася акрэдытацыя карпункту, яна сканчаецца ў траўні.
- Новая хваля рэпрэсій супраць журналістаў пачнецца пасьля прыняцьця 4-га пакету санкцый ЭЗ.
- Кіраўніцтва «Эўрарадыё» вырашыла даць месца працы былым журналістам дзяржаўных СМІ.
- «„Эўрарадыё“ цяпер фінансуецца, магчыма, зь дзевяці розных краінаў».
- «Калі мы апынёмся ў новай Беларусі, то на мэдыярынку сапраўды пачне панаваць рынак».
- «Мой прагноз на перамогу ў 2020 годзе ня спраўдзіўся».
«Чакаем чацьвёртага пакету санкцый ЭЗ»
«У мяне аптымістычны настрой заўжды, — запэўнівае Павал Сьвярдлоў. — Справа ў тым, што калі ўжо прызвычаісься жыць пасярод трындзяца, ты ўжо на яго пачынаеш зважаць усё менш і менш. А ўсё больш на вечныя рэчы — каханьне, рамантыку, сяброўства, журналістыку, супрацьстаяньне прапагандзе і гэтак далей. А жыць пасярод трындзяца мы, дзякаваць Богу і Аляксандру Лукашэнку, ужо прызвычаіліся».
«Трындзец», як кажа Свярдлоў, «Эўрарадыё» за апошні год закрануў неаднаразова. Год таму ўсе журналісты выданьня працавалі з акрэдытацыямі МЗС, сайт адкрываўся, акрэдытацыю міністэрства меў таксама карпункт як афіцыйная юрыдычная асоба. Цяпер ад усяго гэтага засталася толькі акрэдытацыя карпункту. Праз каранавірус яна аўтаматычна працягнулася зь лістапада на паўгода і мае скончыцца ў сярэдзіне траўня. Што будзе пасьля гэтага, Павал Сьвярдлоў пакуль ня ведае.
«Акрэдытацыі МЗС нас ня надта ратавалі, — расказвае галоўрэд „Эўрарадыё“. — Нашых журналістаў затрымлівалі, даводзілася выцягваць іх з РУУСаў. Цікавая гісторыя ёсьць, зьвязаная з гэтым. Вядома, мы не рыхтаваліся да тых падзей, якія ў Менску адбыліся 9-га, 10-га і ў наступныя дні жніўня. Вайны ніхто не чакаў. Але 10 жніўня нам у рэдакцыю падвезьлі такую страйкбольную форму — накаленьнікі, налакотнікі, акуляры. І наш журналіст, які хадзіў на вуліцы, надзеў накаленьнікі, так чыста для прыколу. Але яго ў той жа вечар завінцілі, і ён у гэтых накаленьніках прастаяў у аўтазаку 40 хвілін на каленях. Дзякаваў потым, што так усё атрымалася».
Сьвярдлоў кажа, што, у параўнаньні зь іншымі СМІ, «Эўрарадыё» рэпрэсіі пакуль закранулі ўскосна. Адзін з супрацоўнікаў адбыў 15 сутак і жыў пасьля некалькі месяцаў за мяжой. Яшчэ было некалькі затрыманьняў журналістаў на вуліцах падчас акцый, але яны сканчаліся толькі некалькімі гадзінамі, праведзенымі ў РУУС.
«Але мы чакаем прыняцьця чацьвёртага пакету санкцый ЭЗ, — кажа Павал. — Думаем, што нас якраз пакідаюць на гэты момант. Пабачым. Яшчэ цікава было ўначы з 9 на 10 жніўня. Рэдакцыя ў самым цэнтры (на вуліцы Карла Маркса. — РС). Каля другой ночы пачуўся гучны шум з праспэкту. Мы выйшлі паглядзець у арку і пабачылі, як да будынку МУС з Гарадзкога Вала падымаецца вялізны натоўп людзей. Іх было вельмі-вельмі шмат. Але ўвесь цэнтар ужо быў перагароджаны. У бок ГУМу, на плошчу Незалежнасьці. Пасьля яны пачалі адыходзіць, на Гарадзкім Вале былі жорсткія затрыманьні. Гэта ўражвала».
«Вырашылі, што будзем ляяльна ставіцца да былых журналістаў дзяржаўных СМІ»
Праца «Эўрарадыё», па словах яго галоўрэда, цяпер моцна абмежаваная. З 2 кастрычніка 2020 году МЗС так і не пераакрэдытавала ніводнага супрацоўніка, таму журналісты ня могуць працаваць афіцыйна на вуліцах. Сьвярдлоў кажа, што праз гэта рэдакцыя страціла сваю галоўную «фішку» — працу зь месца падзей. У тым ліку магчымасьць весьці стрымы з вуліц і студыі.
«Мы шукаем магчымасьць працаваць у беларускім прававым полі, — кажа Павал Сьвярдлоў. — А беларускае прававое поле мае шмат шэрых зонаў. Гэта можна ўбачыць хаця б на прыкладзе азначэньня таго, што ў Беларусі цяпер лічыцца пікетам. Мы ў Беларусі не вырабляем радыйнага гуку, адпаведна, заканадаўства мы не парушаем. Карпункт „Эўрарадыё“ тут зарэгістраваны менавіта як радыёстанцыя. Мы працуем тут, радыйны гук вырабляецца ў нашай польскай рэдакцыі. Неяк так».
Сьвярдлоў кажа, што тыя журналісты «Эўрарадыё», якія яшчэ летам працавалі ў полі, цяпер збольшага сумуюць. Але рэдакцыя ня толькі ня зьменшылася, а нават павялічылася. Паводле Сьвярдлова, падзеі лета і восені 2020 году абудзілі ў беларусаў цікавасьць ня толькі да палітыкі, але і да журналістыкі. Шмат хто нарэшце зразумеў, навошта яна і чым карысная. Адпаведна, колькасьць ахвотных працаваць, у тым ліку на «Эўрарадыё», толькі вырасла.
«Яшчэ мы для сябе вырашылі, што будзем даволі ляяльна ставіцца да людзей, якія раней працавалі ў дзяржаўных мэдыя, — кажа Павал. — Добры журналіст, які працаваў у дзяржаўных СМІ, мусіць мець куды пайсьці. Таму мы дзьвярэй не зачынялі. І ў нас цяпер ёсьць некалькі такіх журналістаў, якія раней працавалі на тым жа „Спутнику“ або ў дзяржаўных мэдыя. Можа, яны і шпіёны. Але пакуль усё добра. „Эўрарадыё“ ж ня робіць у Беларусі рэвалюцыі, не змагаецца за ўладу, не парушае заканадаўства. Хай шпіёняць, мы абсалютна адкрытыя».
«Калі выходзіш на стрым, то ператвараесься ў робата»
Будучы галоўным рэдактарам, Павал Сьвярдлоў сам актыўна працаваў на вуліцах Менску летам і на пачатку восені 2020 году. У тым ліку вёў жывыя трансьляцыі. Адной зь іх стаў стрым з Камароўкі, дзе зьбіраліся прыхільнікі дзейнай улады, а з трыбуны прамаўляў Дзьмітры Паўлічэнка. Галоўрэда «Эўрарадыё» літаральна атачылі людзі, якія спрабавалі вывесьці яго зь сябе правакацыйнымі пытаньнямі і агрэсіяй. Сам Сьвярдлоў кажа, што больш запомніў ня той стрым, а іншы, з плошчы Незалежнасьці.
«Я тады надзіва адчуваў сябе выдатна, была зробленая добрая праца, — кажа Павал пра трансьляцыю з Камароўскага рынку. — Хоць там былі трэшавыя моманты, якіх мы не засьпелі. Усе чамусьці пытаюцца пра мой маральны стан тады. Але калі на такі стрым выходзіш, то ты ператвараесься ў робата. Задаеш пытаньні, людзі адказваюць. Усё, што яны кажуць, прапускаецца праз мозг, а не праз сэрца. Гэта ня так кранае. Але ў адзін з наступных дзён мяне чалавек з НОДу (Национальное освободительное движение — расейская шавіністычная арганізацыя. — РС) змог зачапіць. Ён сказаў, што мой дзед быў калябарантам, калі я працую на „польскае Эўрарадыё“. А мой дзед быў танкістам, трапіў у палон у першыя дні вайны. У Нямеччыне сустрэўся з бабуляй, якую вывезьлі зь Беларусі на працу на немцаў. Мне так крыўдна было чуць пра дзеда-калябаранта, што я крыху падсеў на коней».
Сьвярдлоў кажа, што словазлучэньне «польскае «Эўрарадыё» яму даводзіцца чуць ад прапагандыстаў рэгулярна. Яны робяць выснову, што незалежных СМІ быць ня можа ўвогуле, бо ўсе некаму плацяць за пэўную рэдакцыйную палітыку. Па словах Паўла, з гэтага можна зрабіць выснову, што супрацоўнікі дзяржСМІ мяркуюць у першую чаргу па сабе. «Эўрарадыё» ж, гаворыць яго галоўны рэдактар, разам з грашамі ніколі не атрымлівае інструкцый, пра што і як пісаць. Рэдакцыі даюць грошы ў першую чаргу на якасную журналістыку.
«„Эўрарадыё“ цяпер фінансуецца, магчыма, зь дзевяці розных краінаў, — кажа Павал Сьвярдлоў. — Кожная з гэтых краінаў мае свае інтарэсы і сваю замежную палітыку. Калі б кожная зь іх нам нешта загадвала, то існаваць было б немагчыма. Нідэрлянды і Вялікая Брытанія, як мне здаецца, крыху больш завязаныя на беларускія бізнэсы. У іх можа быць сваё стаўленьне да падзей у Беларусі. Нямеччына, Літва, Польшча — яны могуць мець іншую пазыцыю ўжо. Украіна — яшчэ іншую. У мяне тады пытаньне можа быць, хто зь іх гаспадар „Эўрарадыё“. Няма калектыўнага Захаду, няма калектыўнага ворага на межах Беларусі, пра якога нам увесь час расказваюць зь дзяржаўнага тэлебачаньня».
«Мы ня можам паўплываць на тое, што дзяржава заўтра вырашыць з намі зрабіць»
Сайт «Эўрарадыё» быў заблякаваны разам з шэрагам іншых недзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў 9 жніўня. Па словах Сьвярдлова, рэдакцыя спрабавала даведацца, у чым прычына блякаваньня, аднак усе спробы скончыліся нічым. Таму цяпер рэдакцыя працуе на «люстэрка» і старонкі ў сацыяльных сетках.
«Галоўная рыса сытуацыі, у якой мы цяпер працуем, — у тым, што мы абсалютна ня можам паўплываць на тое, што дзяржава вырашыць заўтра з намі зрабіць, — кажа Сьвярдлоў. — Калі яны вырашаць разблякаваць наш сайт, гэта ня будзе залежаць ад нашых дзеяньняў. Калі вырашаць заблякаваць нанова — таксама ня будзе. Калі захочуць сілавікі прыйсьці ў наш офіс, то гэта зусім ня будзе залежаць ад таго, што мы публікуем ці не публікуем. Атрымаем мы акрэдытацыі ці не атрымаем — гэта таксама цяпер залежыць не ад нас. І, з аднаго боку, гэтая сытуацыя цяжкая сваёй няпэўнасьцю. Бо няпэўнасьць вельмі цяжка трываць. Але, з другога боку, яна ж нам разьвязвае рукі».
Па словах Паўла Сьвярдлова, гэта праяўляецца ў тым, што няма патрэбы асьцярожнічаць і займацца самацэнзурай. Бо ўсё адно, што журналіст зробіць ці напіша. Ён ня можа прагназаваць вынікаў сваёй працы. Сьвярдлоў кажа, што цяпер у Беларусі да людзей сілавікі прыходзяць дадому толькі таму, што хтосьці падпісаны на лякальны чат. У такіх умовах нават чат супрацоўнікаў рэдакцыі «Эўрарадыё» можа быць прычынай для затрыманьняў і ператрусаў.
Па словах галоўнага рэдактара «Эўрарадыё», улетку і ўвосень мінулага году аўдыторыя выданьня пастаянна расла, людзям было цікава даведацца, што адбываецца. Цяпер сытуацыя зьмянілася. Аўдыторыя ў асноўным стаіць на адным месцы — не расьце і ня падае.
«Мы назіраем натуральны, але ўсё ж непрыемны адток аўдыторыі, — кажа Сьвярдлоў. — Нават з таго ж „Тэлеграму“. Мне здаецца, што сыходзяць украінцы, расіяне, якім было вельмі цікава, што адбываецца ў Беларусі. Але цяпер у іх там пачаліся свае „сэрыялы“, і беларускія падзеі для іх адышлі на другі плян. Страцілі цікавасьць. Не выключаю, што запалохалі частку нашай аўдыторыі, перасаджалі. За кратамі пабывала больш за 30 тысяч чалавек. Не выключаю, што хтосьці зь іх таксама мог зрабіць свае высновы. Хоць я ўпэўнены, што пратэст перастаў прымаць вонкавыя формы, але задаволенымі ўладай людзі ня сталі».
Павал кажа, што падобная сытуацыя з аўдыторыяй недзяржаўных СМІ складаецца і ў Расеі, дзе прыезд Навальнага і акцыі пратэсту сталі прычынай росту колькасьці праглядаў. Але пазьней рост спыніўся і нават крыху адкаціўся назад. На думку Сьвярдлова, цікаўнасьць да публікацыяў недзяржаўных СМІ ў Беларусі зноў пачне хутка расьці тады, калі пачнуцца новыя пратэсты і падзеі.
«Пры Ціханоўскай чыноўнікі будуць працягваць красьці»
«Наша мара — атрымаць у Беларусі FM-хвалю. Стаць такой інфармацыйнай ток-станцыяй, — кажа Сьвярдлоў. — Яе мы ня можам атрымаць ужо на працягу 7 ці нават 10 гадоў. Але мы спрабуем. Хаця б на Берасьцейскую ці Гродзенскую вобласьць. Я думаю, што калі мы апынёмся ў новай Беларусі, то на мэдыярынку сапраўды пачне панаваць рынак. Канкурэнцыя будзе ў рэальна рынкавых умовах. Гэта, найхутчэй, адсее большую частку дзяржаўных мэдыя. А мы, мне здаецца, ва ўмовах рынку вельмі хутка будзем набіраць камэрцыйную рэкляму і вагу. Як толькі стане можна даваць рэкляму на „Эўрарадыё“, бізнэс да нас прыйдзе. А калі казаць пра палітычнае вымярэньне, то пры Ціханоўскай мы таксама застанёмся ў апазыцыі. Як і пры любым іншым кіраўніку».
Сьвярдлоў кажа, што ўвогуле ня бачыць сэнсу для СМІ ў падтрымцы ўлады. Журналісты не павінны хваліць уладу за тое, што яна робіць, нават калі Сьвятлана Ціханоўская цудоўная. Чыноўнікі пры ёй таксама будуць рабіць памылкі. У першы час гэта ўвогуле будуць тыя самыя чыноўнікі збольшага.
«Яны будуць працягваць красьці, эканамічная сытуацыя будзе пагаршацца, — кажа Сьвярдлоў. — Гэта асабліва сёньня зразумела стала, бо цяперашнія ўлады ня думаюць на нейкую пэрспэктыву. Ім толькі дзень пратрымацца і ноч прастаяць. Назьбіраць крэдытаў і закруціць гайкі. А што гэта спыняе разьвіцьцё таго ж ІТ-сэктару, пра гэта ніхто ня думае. У новых умовах таксама будзе вельмі цяжка. І людзям трэба будзе ведаць праўду — чаму нешта атрымліваецца, а нешта не. Я думаю, што ніводнае незалежнае СМІ ня будзе пісаць пра Ціханоўскую толькі добрае, бо яна прыйшла пасьля Лукашэнкі. Такога ня будзе».
Сутнасьць СМІ Сьвярдлоў бачыць у спробе кантраляваць дзяржаву і чыноўнікаў. Ён кажа, што гэтая сутнасьць з прыходам у Беларусі новай улады зьмяняцца не павінна.
«На працягу 3–5 гадоў мы станем сучаснай краінай»
«Ці было мне страшна за апошні год? Калі шчыра, то я думаю, што было, — прызнаецца Павал. — Толькі не магу ўспомніць, чаму. Аднойчы ня мог заснуць. Была нейкая пагроза. Думаў, што заўтра нешта адбудзецца. І трэба было штосьці вырашыць — як працаваць, ці зьяжджаць зь Беларусі, ці не зьяжджаць. Ці вывозіць рэдакцыю. Было страшна, так. Але адбылося нейкае выцясьненьне ў сьвядомасьці. Я цяпер не магу прыгадаць, з чым гэты страх быў зьвязаны».
Павал Сьвярдлоў прызнаецца, што ў жніўні 2020 году быў перакананы — ужо ў лістападзе таго ж году беларусы будуць жыць у новай краіне. Цяпер аптымізму ў яго паменела, але ён нікуды не падзеўся. Зьмяніўся толькі прагноз.
«Прагноз ня спраўдзіўся, і гэта прымусіла мяне прытармазіць і крыху больш слухаць аналітыкаў, — кажа галоўны рэдактар „Эўрарадыё“ Павал Сьвярдлоў. — Я ўсё ж не аналітык, менш кампэтэнтны ў пляне прагназаваньня, у галіне эканомікі. А аналітыкі цяпер кажуць, што раней за восень наўрад ці адбудуцца якія-небудзь палітычныя пераўтварэньні ў Беларусі. Таму мы зараз настройваемся, што як мінімум да восені будзем жыць у такім вось супрацьстаяньні. Я б не сказаў, што ў нас цяпер вайна. Гэта такая варожасьць, прапаганда і напружанае супрацьстаяньне. Гэта нялёгкія часы. Пасьля будуць яшчэ больш нялёгкія часы, але ў пэрспэктыве, на працягу 3–5 гадоў, мы ўсё ж такі станем больш сучаснай краінай, і ў нас пачне паляпшацца ўзровень жыцьця. Людзі будуць задаволеныя тым, што яны жывуць у Беларусі».
Даведка
Павал Сьвярдлоў — нарадзіўся ў Менску ў 1984 годзе. Скончыў журфак БДУ па спэцыяльнасьці «Інфармацыя і камунікацыі». Не зьбіраўся працаваць журналістам, але пачаў падпрацоўваць, бо журналістыкай «можна зарабіць сабе на піўко». На «Эўрарадыё» працуе зь перапынкамі з 2006 году. Галоўным рэдактарам — зь сярэдзіны вясны 2018-га. Нежанаты. Уладальнік крышталёвай савы ўкраінскага клюбу «Што? Дзе? Калі?».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра хакей мы больш ня пішам». Вялікая гутарка з галоўным рэдактарам «Трыбуны» Алегам Гаруновічам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нейкі момант выбухне так, што накрые з галавой усіх і ўсё». Вялікая гутарка з галоўным рэдактарам «Нашай нівы»