Суды і выракі 22 сакавіка: па два з паловай гады калёніі за ўдары па шчытах АМАПу

Перад судом над Віктарам Бабарыкам. Менск, 17 лютага

У Беларусі ў панядзелак 22 сакавіка працягваюцца крымінальныя працэсы супраць палітвязьняў і ўдзельнікаў пратэстаў. Вядомыя некаторыя выракі.

Па два з паловай гады ў калёніі ўдзельнікам пратэстаў у Жлобіне


Суд Жлобінскага раёну 22 сакавіка вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненьні да мясцовых жыхароў — Віктара Шмігельскага, Ільлі Патрушава і Андрэя Шаўчука, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Ім былі прад’яўленыя абвінавачваньні па артыкуле 342 КК (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і артыкуле 364 КК (Гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Справу разглядаў судзьдзя Мікалай Сяргеевіч, пракурор — Андрэй Аношка.

10 жніўня вечарам у Жлобіне маладыя людзі сталі ў счэпку і разам зь іншымі нанесьлі ўдары па шчытах супрацоўнікаў міліцыі, а таксама кінулі камяні ў іх бок.

На судзе высьветлілася, што прызнальныя паказаньні яны давалі пад ціскам і запалохваньнем. Андрэя Шаўчука зьбівалі, прымушаючы даць на відэа неабходныя паказаньні.

Судзьдзя Мікалай Сяргеевіч прызнаў усіх траіх вінаватымі па двух крымінальных артыкулах і абвясьціў канчатковы прысуд: па два з паловай гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Ільлю Патрушава, які да абвяшчэньня прысуду быў на волі пад асабістым паручальніцтвам, узялі пад варту ў залі суду.

Раней у Жлобіне за падзеі 10 жніўня 2020 году былі асуджаныя Яўген Каханоўскі, Дзьмітрый Гопта, Віталь Прохараў, Аляксандар Кісялёў, Сяргей Бекарэвіч, Андрэй Расулаў і яшчэ некалькі чалавек.

За «парушэньне грамадзкага парадку» судзяць сясьцёр Міронцавых

У судзе Савецкага раёну Менску пачаўся разгляд крымінальнай справы сясьцёр Міронцавых.

У дачыненьні да Вікторыі і Анастасіі распачатая справа паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Ад кастрычніка 2020 году дзяўчаты пад вартай.

Палітвязьню Дзянісу Чыкалёву прысудзілі 3 гады «хіміі»

22 сакавіка суд Фрунзэнскага раёну Менску агучыў вырак 34-гадоваму палітвязьню Дзянісу Чыкалёву, інфармуюць праваабаронцы.

Судзьдзя Алена Бушава пастанавіла пакараць гамельчука трыма гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміяй»).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унесьлі чатыры тэлеграм-рэсурсы

На час абскарджваньня прысуду яго адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.

Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў леташніх пратэстах 9 жніўня ў Менску. Спачатку ён праходзіў падазраваным паводле ч.2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках), але пасьля артыкул замянілі на ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Чыкалёў, згодна з матэрыяламі справы, «зь іншымі асобамі ігнараваў законныя патрабаваньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў, груба парушаў грамадзкі парадак, выкрыкваў розныя лёзунгі і рухаўся, у тым ліку ў „счэпцы“, па вуліцах Мельнікайце, Заслаўскай, а таксама праспэктах Пераможцаў і Машэрава ў Менску».

Па інфармацыі сьледзтва, раней ён «зьяўляўся адным зь лідэраў пратэставага руху „Зубар“, больш за 20 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці».

Аднавіўся суд над Віктарам Бабарыкам

22 сакавіка ў Маскоўскім судзе Менску пад юрысдыкцыяй Вярхоўнага суду аднавіўся працэс у «справе Белгазпрамбанку», у якім абвінавачваюць былога кіраўніка ўстановы Віктара Бабарыку. Яго вінавацяць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў. Працэс аднавіўся пасьля перапынку ў цэлы месяц.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля месячнага перапынку аднавіўся працэс над Віктарам Бабарыкам. Ён заявіў суду, што віну не прызнае

Таксама ў панядзелак адбыўся шэраг судоў у адміністрацыйных справах над затрыманымі ў выходныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паводле праваабаронцаў, 21 сакавіка ў Менску сілавікі затрымалі сама меней 10 чалавек