Пасьля месячнага перапынку аднавіўся працэс над Віктарам Бабарыкам. Ён заявіў суду, што віну не прызнае

Перад пачаткам працэсу 22 сакавіка

У Менску 22 сакавіка аднавіўся суд над палітвязьнем Віктарам Бабарыкам і топ-мэнэджарамі «Белгазпрамбанку».

Пасяджэньне пачалося ў 10 гадзін, працэс адкрыты, паведамляе прэс-служба Бабарыкі.

Адвакат Віктара Бабарыкі Дзьмітры Лаеўскі заявіў, што настрой у Бабарыкі выдатны, ён рады бачыць людзей, якія змаглі трапіць у залю.

«Любы рух — нават рух па ходзе крымінальнага працэсу, гэта ўсё ж такі лепш, чым стан нявызначанасьці», — адзначае адвакат Лаеўскі.

У судзе сёньня зноў зачытваюць абвінавачаньне. Верагодна, нарэшце дачытаюць.

Незалежную прэсу не пусьцілі на суд у «справе Белгазпрамбанку». Гэтак жа было і на першых паседжаньнях. Прадстаўнікі беларускіх дзяржаўных і расейскіх СМІ трапляюць у судовую залю без праблем. Што адбываецца перад будынкам суду, на відэа:

Сёньня ў судзе Бабарыка заявіў, што не прызнае віны ў злачынствах, у якіх яго вінавацяць. Магчыма, на гэтым зачытваньне абвінаваўчых матэрыялаў скончылася.

23 лютага стала вядома, што ў судзе ў справе Віктара Бабарыкі і топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку» абвешчаны перапынак як мінімум да 9 сакавіка. Пасяджэньні былі адкладзеныя на такі тэрмін праз хваробу аднаго з удзельнікаў працэсу. 9 сакавіка стала вядома, што пасяджэньняў 9 і 10 сакавіка ня будзе.

Перапынак у працэсе склаў цэлы месяц.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіўся законапраект, які забараняе адвакатам-індывідуалам абараняць у крымінальных і адміністрацыйных справах

22 сакавіка абарона экс-банкіра аспрэчыла абвінавачваньні. Адвакат Дзьмітры Лаеўскі заявіў, што немагчыма зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях Віктара Бабарыкі ўгледжанае злачынства.

«Сьцьвярджаецца, што абвінавачаныя прынялі з рахункаў беларускіх суб’ектаў грашовыя сродкі „пад выглядам удзелу ў разьмеркаваньні прыбытку“ на „падкантрольныя“ рахункі замежных кампаній, зарэгістраваных у Латвіі. У сілу якой нормы права разьмеркаваньне прыбытку свайму замежнаму заснавальніку названа „незаконнай грашовай узнагародай“? У чым выяўлялася „падкантрольнасьць“ кампаній, які зьмест укладаецца ў гэтае слова? Калі такое паняцьце не прадугледжана заканадаўствам, то на якой падставе робяцца нейкія высновы?»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакату Ільлю Салею незаконна падоўжылі тэрмін хатняга арышту

Адвакат таксама задаўся пытаньнем, чаму ў абвінавачаньні не пазначана, калі і шляхам якіх канкрэтных дзеяньняў Віктар Бабарыка нібыта арганізаваў разьмеркаваньне хабару.

«Паколькі высновы сьледзтва носяць абстрактны характар, Віктар Бабарыка пазбаўлены магчымасьці аспрэчваць інкрымінаваныя дзеяньні, бо яны належным чынам не сфармуляваныя. Адпаведна, парушаецца яго права на абарону. Хадайніцтвы абароны, у якіх гаварылася аб неабходнасьці канкрэтызацыі абвінавачваньня, не задаволеныя», — аргумэнтаваў Дзьмітры Лаеўскі.

Чарга ахвочых трапіць на суд

Адвакатка Віктара Бабарыкі Натальля Мацкевіч

У суд прапускаюць прадстаўнікоў дыпляматычных місій. Людзі ў цывільным сфатаграфавалі нумары дыпляматычных аўтамабіляў

Палітвязень і актывіст штабу Бабарыкі Лявон Халатран

Бацька Марыі Калесьнікавай Аляксандар

Што такое «справа Белгазпрамбанку»


У «справе Белгазпрамбанку» праходзяць восем фігурантаў, сярод якіх топ-мэнэджары банку. Віктар Бабарыка абвінавачваецца ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, паводле арт. 235, ч. 2 Крымінальнага кодэксу, і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры паводле арт. 430, ч. 3 (прадугледжана пакараньне ад 5 да 15 гадоў).

Віктар Бабарыка ў судзе 17 лютага

Топ-мэнэджары банку Аляксей Задойка, Кірыл Бадзей, Сяргей Шабан, Дзьмітрый Кузьміч, Аляксандар Ільясюк, Сяргей Дабралёт абвінавачваюцца ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры. Віктар Кабяк, заснавальнік кампаніі «Актыўлізінг», абвінавачваецца ў даваньні хабару паўторна або ў буйным памеры.

З Бадзеем, Дабралётам, Кузьмічом, Ільясюком, Шабаном, Кабяком заключаны дасудовыя пагадненьні аб супрацоўніцтве.

Працэс у «справе Белгазпрамбанку» пачаўся 17 лютага. Справу разглядае Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка заявіў зь СІЗА, што Беларусь страціла «сапраўдную незалежнасьць»