Эўрапейскі зьвяз ня мае патрэбы ў расейскай вакцыне ад COVID-19 «Спутник V». Пра гэта заявіў кіраўнік камісіі ЭЗ у пытаньнях унутранага рынку Цьеры Брэтон.
Паводле яго, для дасягненьня калектыўнага імунітэту Эўразьвязу хопіць чатырох ужо ўхваленых вакцын.
Ён растлумачыў, што да чэрвеня ў краіны ЭЗ паставяць ад 300 да 350 мільёнаў дозаў вакцын ад каранавіруснай інфэкцыі новага тыпу. Такім чынам, ёсьць імавернасьць, што да сярэдзіны ліпеня ўдасца «дасягнуць імунітэту на ўсім кантынэнце», сказаў Брэтон.
Пры гэтым ён адзначыў, што ЭЗ мусіць дапамагчы Расеі з вытворчасьцю вакцыны «Спутник V», калі гэта неабходна. Паводле яго, у Расеі ўзьнікаюць праблемы з вытворчасьцю прэпарату, а расейцы «зь цяжкасьцю атрымліваюць доступ» да яго.
Па апошніх афіцыйных дадзеных, у Расеі было зроблена каля 7 мільёнаў прышчэпак — у пераліку на душу насельніцтва гэта менш, чым у большасьці краін ЭЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навукоўцы здагадаліся, адкуль бяруцца новыя варыянты каранавірусу- 4 сакавіка Эўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў пачало экспэртызу рэгістрацыйнай справаздачы расейскай вакцыны «Спутник V», што стала першым крокам у працэсе, які можа прывесьці да яе ўхваленьня ва ўсім ЭЗ.
- 15 сакавіка стала вядома, што Расейскі фонд прамых інвэстыцый (РФПІ) дамовіўся аб вытворчасьці расейскай вакцыны «Спадарожнік V» у Гішпаніі, Францыі і Нямеччыне. Акрамя таго, РФПІ і швайцарская кампанія Adienne Pharma & Biotech падпісалі пагадненьне аб вытворчасьці «Спутник V» у Італіі. Магчымасьць паставак або вытворчасьці расейскай вакцыны абмяркоўвала з Масквой і Аўстрыя, расказаў прадстаўнік ЭЗ.
- Вугоршчына і Славаччына ўжо дамовіліся аб пастаўках «Спутник V», а Чэхія і Харватыя заяўлялі аб зацікаўленасьці ў прэпараце. Закупка расейскай вакцыны, ня ўхваленай ЭЗ, выклікала ў Славаччыне ўрадавы крызіс, які прывёў да адстаўкі міністра аховы здароўя. Напярэдадні пра гатоўнасьць пайсьці ў адстаўку заявіў і прэм’ер-міністр Славаччыны Ігар Матовіч.
- Прадстаўнікі ЭЗ раней абвінавачвалі Расею ў арганізацыі кампаніі дыскрэдытацыі замежных вакцын.