За сьцяг на вакне, якога ня бачна з вуліцы, затрымалі маці 5 дзяцей і арыштавалі бацьку

Пры гэтым на судзе бацька заявіў, што сьцяг увогуле вывесілі самі міліцыянты, паведаміла «Вясна».

Як разьвіваліся падзеі

  • 18 сакавіка раніцай у доме сямʼі Сяргея Ганкевіча і Вольгі Залатар каля 10 ГУБАЗіКаўцаў правялі ператрус.
  • Вольгу Залатар затрымалі. У доме засталася адна 10-гадовая дачка.
  • Сяргей Ганкевіч прыехаў дахаты а 14:30, але на яго склалі пратакол, што ён а 13:50 вывесіў у вакне бел-чырвона-белы сьцяг, чым правёў пікетаваньне.
  • Вакно выходзіць на двор ня бачнае з вуліцы, бо вышыня плота 2,2 мэтра.
  • А 23-й гадзіне Ганкевіча выклікалі на допыт у РУУС.
  • 19 сакавіка яго судзілі ў Судзе Менскага раёну.

Бацька: Мо сілавікі самі вывесілі сьцяг

На судзе Сяргей Ганкевіч заявіў, што ў іх дома ўвогуле не было бел-чырвона-белага сьцяга. Ён выказаў здагадку, што самі сілавікі вывесілі сьцяг, каб мець падставы для затрыманьня.

Маці Вольгі Залатар, спадарыня Яніна, засьведчыла, што Сяргей забараняў трымаць бел-чырвона-белы сьцяг у доме, казаў, што ён апалітычны, бо яму трэба карміць пяць дзяцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзеці «другога гатунку» і дзяржаўная прапаганда

Міліцыянт: Я магу падскочыць, каб убачыць вакно

На судзе дапыталі міліцыянта, які склаў рапарт

— Вы можаце ўказаць, што канкрэтна Сяргей разьмясьціў сьцяг на акне?

— Не.

— Што адбылося са сьцягам, дзе ён?

— Супрацоўнікі ГУБАЗіКа забралі.

...

— Сьцяг з вуліцы бачны?

— Плот вышэйшы за мяне, але я магу падскочыць, каб убачыць акно першага паверха.

Тым ня менш судзьдзя Новікава асудзіла Сяргея Ганкевіча на 10 сутак арышту.

Маці пецярых дзяцей Вольга Залатар застаецца пад вартай.

Вольгу Залатар ужо двойчы каралі за ўдзел у пратэстах.

«Першы раз мяне асудзілі за фота дваровага чаяваньня, на якім мяне нават не відаць. Другі раз мяне затрымалі за тое, што, на думку міліцыі, я таксама ўдзельнічала ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Як шматдзетнай маці, адміністрацыйны тэрмін мне даць ня могуць. А штрафы — лёгка», — расказвала ў лютым Вольга Эўрапейскаму радыё для Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шматдзетнай сям’і пагражаюць «сацыяльна-небясьпечным становішчам» за бел-чырвона-белыя жалюзі на вокнах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – сакавік 2021. Мы сьведкі. „Яны разглядалі маю рану і захапляліся тым, як куля разарвала тканкі“. АБНАЎЛЯЕЦЦА