Прадстаўнік Ціханоўскай і Лукашэнка казалі пра выбары. Кожны пра свае?

Галасаваньне на выбарах-2020

Каманда Сьвятланы Ціханоўскай апублікавала праекты рашэньняў, якія дапамогуць правесьці сумленныя і празрыстыя выбары.

Аляксандар Шлык, спэцпрадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай па выбарах, адзначыў, што перамовы з прадстаўнікамі рэжыму павінны прывесьці да новых выбараў.

На плятформе «Голас» гэтую ініцыятыву толькі за першыя суткі падтрымалі ўжо больш за паўмільёна чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спроба блякаваньня не ўплывае на бясьпеку і працу». На «Голасе» амаль паўмільёна чалавек прагаласавалі за перамовы

Па яго словах, нават у рамках дзейнага заканадаўства рэальна правесьці сумленныя і празрыстыя выбары. Але дзеля гэтага трэба адрэгуляваць некалькі важных элемэнтаў працэсу:

  • Фармаваньне выбарчых камісій
  • Праверка подпісаў за кандыдатаў
  • Падлік галасоў на ўчастках
  • Доступ назіральнікаў да ўсіх этапаў выбараў

На кожную з гэтых праблемаў рыхтуюцца праекты рашэньняў, яны будуць публікавацца на сайце Сьвятланы Ціханоўскай у раздзеле «Новыя выбары». Кожны ахвотны зможа пакінуць свае камэнтары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што можа прымусіць Лукашэнку да перамоваў? Аналітыкі пра прапанову Ціханоўскай

«Першым чынам неабходна арганізаваць доступ назіральнікаў да ўсіх этапаў выбарчага працэсу. Гэта забясьпечыць абарону правоў назіральнікаў, а значыць, і нашых з вамі галасоў. Па-другое, сытуацыя з падлікам галасоў на участках. Ні для каго не сакрэт, што галасы на выбарах у Беларусі не лічылі. Мы прапануем новы мэханізм, а таксама новы пратакол для ўчастковых камісій», — адзначыў Аляксандар Шлык.

Ён таксама нагадаў: каб прыйсьці да новых выбараў, трэба пачаць перамовы пра іх. А значыць, да 25 сакавіка прагаласаваць на плятформе «Голас», дапамагчы зрабіць гэта знаёмым і сваякам.

«За першыя суткі нас ужо 500 000 — давайце не зьмяншаць абароты», — заклікаў спэцпрадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пляну хуткай перамогі ад Ціханоўскай ня можа быць у прынцыпе. Але ёсьць рэалістычны

Лукашэнка: транзыт улады адзін — выбары

Тым часам Аляксандар Лукашэнка, размаўляючы з работнікамі прадпрыемства «Малочны сьвет», гэтаксама заявіў, што зьмена ўлады ў Беларусі будзе адбывацца «толькі шляхам выбараў».

Сваіх сыноў у якасьці кандыдатаў у прэзыдэнты ён ня бачыць, а вось на той жа Горадзеншчыне ёсьць пара годных кандыдатур, цытуе яго тэлеграм-канал «Пул Первого».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выразаць гарачым жалезам». Лукашэнка праананасаваў 10 законаў супраць «дэструктыўнай актыўнасьці»

«Транзыт улады адзін — выбары. Народ выбраў — усё. Мае дзеці пасьля мяне ня будуць прэзыдэнтамі. Але вось тут два мае чалавекі (на відэа паказвае на свайго памочніка Юрыя Караева і кіраўніка вобласьці Ўладзімера Караніка). Яны могуць удзельнічаць у выбарах, будуць моцнымі кандыдатамі. Адзін — генэрал, другі — губэрнатар».

Пры гэтым Аляксандар Лукашэнка ніяк не адрэагаваў на ініцыятыву апазыцыі пачаць дыялёг дзеля выхаду з палітычнага крызісу.