Аўтары ютуб-каналаў «Жизнь-маліна» і «Маланка», Мікіта Мелказёраў і Кацярына Пытлева, расказалі Свабодзе пра свае праекты. А таксама пра тое, чаму YouTube цяпер зацікавіў беларусаў і што будзе зь ім далей.
«Беларусь — краіна незанятых нішаў»
Мікіта Мелказёраў шмат гадоў адпрацаваў журналістам. Спачатку — спартовым у Goals.by (цяпер «Трыбуна». — РС), пасьля пісаў на розныя тэмы для Onliner. Летам 2020 году Мелказёраў зьявіўся ў YouTube з фарматам інтэрвію з «дурнымі пытаньнямі». Першы выпуск, з футбалістам БАТЭ Сяргеем Драгуном, назьбіраў сьціплыя 45 тысяч праглядаў. Праз тры месяцы размова з палітолягам Арцёмам Шрайбманам мела ўжо амаль 540 тысяч.
«Папраўдзе, пачынаў я яшчэ ў 2019 годзе, здаецца, — расказвае Мелказёраў. — З букмэкерамі мы рабілі выключна спартовы кантэнт. Гэта такая спроба пяра была, ня самая пасьпяховая. Хаця стартавалі мы тады з 70 тысяч праглядаў. Мне здавалася, што ўсё так заўсёды і будзе. Тады мне даводзілася рабіць усё самому. Хлопцам (букмэкерам. — РС) хацелася, каб было па два выпускі на месяц. І так было па графіку. А мне хацелася па-журналісцку хутка працаваць. Каб калі адбылося звальненьне трэнэра БАТЭ Аляксея Багі, то выпуск быў бы адным зь першых. А мы выходзілі сёмымі ў выніку з гэтай тэмай».
У выніку Мелказёраў з букмэкерамі разышоўся і празь нейкі час пачаў рабіць «Маліну». Блогер расказвае, што інтэрвію былі ягонай асноўнай спэцыялізацыяй яшчэ на Goals.by.
«Беларусь — гэта краіна незанятых нішаў, — кажа Мікіта. — У нас ёсьць вельмі папулярныя каналы, якія ўзьляцелі за кошт расейскай, украінскай і казаскай аўдыторыі. А мы цяпер займаемся нейкай піянэрыяй. І ўсё склалася так, што атрымалася. На нашым канале вельмі вялікая беларуская частка аўдыторыі. Сьвежую статыстыку не глядзеў яшчэ, але быў пэрыяд, калі 90% аўдыторыі былі беларусы. Таму тут вельмі важны момант. Я чытаў кнігу пра стварэньне Airbnb. Там гаварылася, што праект зь місіяй заўсёды больш жывучы, чым праект безь яе, які толькі пра грошы».
«Тры гады таму мне гаварылі, што няма сэнсу працаваць на Беларусь»
Мікіта Мелказёраў расказвае, што праз сваю беларусацэнтрычнасьць нават адмовіўся рабіць выпуск з мэгапапулярным расейскім гуртом «Каста». Тлумачыць гэта тым, што ў беларускай прасторы «Каста» зьяўляецца эпізадычна, таму, нягледзячы на цікавасьць прапановы, ад яе давялося адмовіцца.
«Наш канал — гэта вельмі беларуская гісторыя, і яна пра беларусаў, — кажа блогер. — Каб людзі разумелі, што ў краіне шмат вельмі крутых людзей. Культурна мы закладнікі расейскамоўнага асяродзьдзя. Расейскамоўнасьць фармуе сытуацыю, калі блогерам прасьцей выходзіць на такую ж расейскамоўную аўдыторыю за межамі Беларусі. У Беларусі ты калі назьбіраеш 100 тысяч праглядаў, то гэта будзе нейкі ваў-эфэкт. А можна ж на Расею і Ўкраіну працаваць. У мяне таксама бывае такое: а чым я ўвогуле займаюся? Але з другога боку, гэта цікава, гэта ніша. Мне тры гады таму гаварылі, што няма ніякага сэнсу рабіць на Беларусь такі фармат, як інтэрвію на ютубе. Сёньня я разумею, што ёсьць сэнс».
«Беларусам сёньня цікавыя найперш беларусы»
Па словах Мелказёрава, чалавек заўсёды будзе цікавы, а беларусам сёньня цікавыя найперш беларусы. На ўздым папулярнасьці беларускіх каналаў, па словах блогера, таксама паўплывалі падзеі лета і восені 2020 году.
«Самапавага ў беларусаў вырасла, — кажа Мікіта. — Адпаведна павага да іншых вырасла таксама. Ёсьць параўнаньне з Украінай пасьля Майдану. Натуральна, такой бізнэс-гісторыі ня здарыцца, бо ў нас няма такіх магутных капіталаў прыватных. Але цікавасьць да свайго цяпер ёсьць. І яна дала штуршок вялікай колькасьці ютуб-каналаў. Людзям было цікава, як іншыя інтэрпрэтуюць падзеі, якія адбываюцца проста цяпер».
Самыя папулярныя выпускі на канале Мікіты на гэты момант — гутаркі са Шрайбманам (536 тысяч праглядаў) і Чалым (397 тысяч). Мелказёраў прызнаецца, што амаль паўмільёна праглядаў гадзіннай размовы са спакойным і разважлівым палітолягам, які ня робіць рэзкіх ацэнак, сталі сюрпрызам нават для яго.
«Шрайбман у мяне на канале быў адным зь першых, хто зусім не пра спорт, — гаворыць Мікіта Мелказёраў. — Ён стаў статыстычнай анамаліяй на канале. Гэта супадзеньне па моманце, і гэта овэрпэрформанс, безумоўна. Тут шмат што сышлося. Арцём вельмі разумны хлопец, даволі папулярны, і яго чакаюць на ютубе. Плюс, я так разумею, быў адпаведны момант. І фармат „дурных пытаньняў“ працуе вельмі добра. Бо ўсе нешта чулі, але хочуць меркаваньне ад разумнага хлопца, які скажа, што ўсё будзе добра».
Зьяўленьне Сяргея Чалага на YouTube (першы выпуск на канале ЧалыLive выйшаў 13 лютага. У сярэднім 2-гадзінныя аналітычныя прамовы экспэрта зьбіраюць больш за 200 тысяч праглядаў. — РС) Мікіта Мелказёраў называе галоўным дэбютам сэзону. Ён кажа, што мала хто зможа гэта перасягнуць. Хоць свой выпуск з аналітыкам блогер называе ня самым удалым празь вялікую колькасьць самацытаваньня і гаворыць, што пасьлядоўнікі «чалінізму» былі ім расчараваныя.
Што будзе далей з каналам «Жизнь-малина», Мікіта ня ведае. Кажа, што вельмі проста ставіцца да сваёй дзейнасьці на YouTube.
«Невядома, якія законы будуць далей у Беларусі прынятыя, як будуць разьвівацца падзеі, — кажа блогер. — Мне проста хочацца рабіць штосьці цікавае і якаснае. Я нават працай гэта не магу назваць. Зразумела, калі ў краіне пачнецца нейкая адліга, то можна будзе нешта плянаваць. Пакуль жа плянаў няма ніякіх. Проста рухаемся крок за крокам, атрымліваючы задавальненьне ад працэсу і яго вынікаў».
«YouTube — гэта як быццам ты хадзіў па зямлі, а потым паляцеў у космас»
Кацярына Пытлева ў журналістыцы шмат гадоў. Працавала як на дзяржаўнай тэлевізіі (пасьля 9 жніўня актыўна ўдзельнічала ў страйку. — РС), так і ў недзяржаўных СМІ — на Tut.by i Onliner. Цяпер разам з камандай робіць ютуб-канал «Маланка».
«У нас каманда невялікая, але вельмі згуртаваная, — расказвае Кацярына. — Ёсьць прафэсіяналы, ёсьць непрафэсіяналы. Усе з розных месцаў. Вучымся ў працэсе. Пазыцыянуем сябе пакуль як ютуб-канал, але разьвіваемся, імкнёмся стаць мультымэдыя-плятформай. Неўзабаве будзем адкрываць другі канал. Але на цяперашні момант гэта канал сумленных навінаў з вострай падачай, можна сказаць. Максымальна праўдзівай. Мы называем рэчы сваімі імёнамі, стараемся даваць навіны так, як самі іх бачым і адчуваем. Не імкнёмся гаварыць абцякальна. Нешта кшталту гэтага. „Сумленныя навіны кожны дзень“ — так мы сябе называем».
«Маланка» выйшла з плятформы «Зубар», якая займалася фіксацыяй парушэньняў падчас выбараў 9 жніўня 2020 году. Па словах Кацярыны Пытлевай, заснавальнік «Зубра» Павал Марыніч пабачыў цікавасьць да фармату YouTube і зразумеў, што ёсьць запатрабаваньне на фармат відэанавінаў. Цяпер «Маланка» робіць штодзённыя выпускі навінаў, штотыднёвыя дайджэсты, стрымы і аналітыку з інтэрвію. Існуе 5 месяцаў.
«„Маланка“ — гэта праца маёй мары»
«Людзей чапляе тое, як мы расказвае пра навіны, — гаворыць Кацярына. — Гэта коратка, востра і злабадзённа. „Маланка“ — гэта праца маёй мары, да якой я даўно імкнулася. Я працавала ня толькі на тэлевізіі. Восем гадоў працавала на Tut.by, нейкі час на „Онлайнэры“, да ад’езду з краіны. Мне ёсьць з чым параўноўваць, ёсьць досьвед працы зь відэафарматамі. Але тут нас ня стрымліваюць ніякія межы. Тут маленькая, але свая рэдакцыя, палёт фантазіі. Гэта як быццам ты хадзіў па зямлі — і раптам паляцеў у космас».
Кацярына расказвае, што аўдыторыя «Маланкі» сёньня — гэта ў асноўным людзі ад 35 да 65 гадоў. Больш мужчын, але розьніца зусім не вялікая, прапорцыя амаль 50 на 50. 90-95% аўдыторыі каналу — зь Беларусі.
«На некаторыя свае праекты мы робім ангельскія субтытры, бо размаўлялі з прадстаўнікамі дыяспары, і ад іх была просьба, каб хаця субтытры былі. Таму ў нас ёсьць дзяўчына, якая займаецца гэтым. Але арыентуемся мы на беларусаў, якія глядзяць „Маланку“ і хочуць гэта бачыць у такім фармаце».
Пытлева называе «Маланку» інструмэнтам барацьбы ў інфармацыйнай вайне. Гаворыць, што канкурэнцыя толькі матывуе да працы з новымі фарматамі.
«Мы хочам стаць грамадзкай інтэрнэт-тэлевізіяй, — гаворыць Кацярына пра далейшыя пляны. — Такой паўнавартаснай мультымэдыйнай пляцоўкай, дзе людзям будзе цікава ня толькі, так скажам, у „ваенныя часы“. У нас ужо расьпісаныя праекты, якія мы ў будучыні абавязкова запусьцім. Некаторыя зь іх ужо рыхтуюцца. І гэта будзе ня толькі палітыка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нейкі момант выбухне так, што накрые з галавой усіх і ўсё». Вялікая гутарка з галоўным рэдактарам «Нашай нівы» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра хакей мы больш ня пішам». Вялікая гутарка з галоўным рэдактарам «Трыбуны» Алегам Гаруновічам