Адразу дзьве не зьвязаныя адна з адной крыніцы з Койданава паведамілі пра падзеі, якія пачаліся ў горадзе 17 сакавіка і працягваюцца дагэтуль.
У дамах мясцовых жыхароў — вобшукі. Людзей, меркавана датычных да пратэстаў, затрымліваюць дзясяткамі. Паводле крыніцаў, мясцовыя міліцыянты працуюць разам з праваахоўнікамі, якіх камандзіравалі зь Менску.
Тым часам прэс-сакратар МУС паведаміў, што супрацоўнікі ўпраўленьня па Менскай вобласьці ГУБАЗіК «выйшлі на шасьцярых мужчын і трох жанчын зь Дзяржынску ва ўзросьце ад 31 да 53 гадоў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах».
«У жніўні мінулага году жыхары райцэнтра ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах ня толькі ў сваім горадзе, але і ў Менску. Усе ўдзельнічалі ў дэструктыўных тэлеграм-чатах (асноўны «Дзяржынск City»), дзе абмяркоўвалі свае дзеяньні і плянавалі новыя акцыі», – гаворыцца ў паведамленьні. – У адносінах пецярых чалавек складзеныя пратаколы за парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў (яны знаходзяцца ў ІЧУ)».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Захапляюся маладымі. Яны дакладна не здадуцца». Цяжка пабіты пры затрыманьні архітэктар Дзьмітранок выйшаў на волю перад «хіміяй»«17 сакавіка ў горадзе пачаліся масавыя вобшукі, сама меней 5 брыгад сілавікоў гэтым займаліся. Ня менш як 60 чалавек правяралі, шмат каго затрымалі. Прыкладна 35 зь іх падпалі пад рэпрэсіі: на кагосьці склалі адміністрацыйныя пратаколы і затрымалі, а камусьці пагражае нават крымінальная адказнасьць. Толькі некалькі чалавек адпусьцілі — жанчын з малымі дзецьмі, але і на іх паскладалі пратаколы, чакаюцца суды. Мы называем гэта масавым тэрорам — інакш ня скажаш», — расказала мясцовая жыхарка Ірына.
Зачысткай перад Днём Волі назваў тое, што два дні запар адбываецца ў Дзяржынску, жыхар гораду Яўген.
Па ягоных зьвестках, міліцыянтаў цікавяць перадусім тры здарэньні, што адбыліся ў раёне. Гэта спроба падпалу адміністрацыйнага будынку ў Фаніпалі, размаляваньне плота каля аднаго з прадпрыемстваў і рэгулярныя фатаздымкі з пратэставай сымболікай, якія зьяўляюцца ў мясцовых чатах. Апошняму аддаецца асаблівая ўвага, мяркуе Яўген.
«Шукаюць чалавека, які носіць штаны з элемэнтамі, якія адбіваць сьвятло, бо гаспадар гэтых штаноў браў удзел у пратэставых здымках. Правяраюць усю вопратку, і пры найменшым падазрэньні цягнуць людзей на допыты. Можа, штаны і ня тыя, але ім усё роўна. Так і кажуць», — абураецца Яўген.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я не гатовая жыць у Паўночнай Карэі». Актывістка «Страны для жизни» Вольга Паўлава пра карцар і галадоўкуПа зьвестках Яўгена, у якасьці сьведак міліцыянты забіраюць проста з працы супрацоўнікаў жыльлёвай гаспадаркі, якіх потым прымушаюць падпісваць пратаколы. У пратаколах фігуруюць бчб-сьцягі, налепкі, любая пратэставая сымболіка. Падчас вобшукаў забіраюць тэлефоны, кампутары, тэхніку.
«Ім важна ня толькі знайсьці падазраваных па пэўнай крымінальнай справе, але і запалохаць усіх жыхароў гораду. Большасьць галасавала супраць Лукашэнкі, нашы ўлады гэта добра ведаюць, дык цяпер са скуры вылузваюцца, каб выслужыцца, не прагнявіць. Каб ніхто носа ня высунуў 25-га», — мяркуе Яўген.
Яшчэ адной «фішкай» змаганьня з пратэстоўцамі ў Дзяржынску, паводле мясцовых крыніц, стала тое, што затрыманых людзей прымушаюць гаварыць на відэа.
«Галоўнае, каб чалавек сказаў, што больш гэтак рабіць ня будзе», — паведаміла крыніца зь Дзяржынску пра мэтады міліцыянтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адзін з найлепшых дзён у жыцьці». Як палітвязень Сьвятаслаў Герасімук узяў шлюб у СІЗА